У Брэсце прайшоў XVII абласны конкурс прафесійнага майстэрства аператараў і паштальёнаў

У Брэсце прайшоў XVII абласны конкурс прафесійнага майстэрства аператараў і паштальёнаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У Брэсце прайшоў XVII абласны конкурс прафесійнага майстэрства  аператараў і паштальёнаў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх раённых вузлоў сувязі – пераможцы першага этапа спаборніцтваў

Каманда 16-га АПС г. Брэста
Два дні таму патэлефанаваў у вёску да маці, расказаў, што пішу пра паштальёнаў. “Вельмі добра, – пахваліла яна, – толькі  не забудзь расказаць пра нашу Вольгу Кулік. Іншая, было, уткне газеціну між штыкецін, з веласіпеда не злазячы. А яна і пра здароўе спытае, і майстра выкліча радыё адрамантаваць, і электрыка…”  Вось такі харошы чалавек прыносіць пошту ў вёску Навасёлкі Драгічынскага раёна…
Лічу, што пра кожнага з чатырох дзясяткаў удзельнікаў чарговага конкурсу прафесійнага майстэрства іх “падшэфныя” вяскоўцы маглі сказаць не менш добрых слоў.
– Вы заслужана прызнаны лепшымі ў сябе дома, – зазначыла, адкрываючы конкурс, Ірына Кандрацюк – намеснік дырэктара Брэсцкага філіяла  РУП  “Белпошта”, старшыня журы. – Гэта выдатна, і я пераканана, што цяпер вы ніколі не зможаце працаваць горш, чым раней. Застаецца толькі адно: павышаць і надалей сваё майстэрства, бо дасканаласць не мае  межаў.
Конкурс прафесійнага майстэрства прайшоў у тры этапы: абарона дамашняга задання, праверка ўзроўню тэарэтычнай падрыхтоўкі і выкананне практычных заданняў. Ён пачаўся з кароткіх “візітовак” каманд. На вялікі жаль, па-беларуску “павіталіся” толькі работнікі сувязі з Івацэвіцкага раёна і Камянеччыны. Пазнаёміўся з першымі: паштальён Тамара Бурдзь і аператар Вікторыя Джэйгала працуюць у Косаве. Тамара Аляксандраўна, паштальён з дваццацігадовым стажам, расказала: “У тым, што дамашняе заданне мы падрыхтавалі на беларускай мове, няма нічога незвычайнага. У нас многа беларускамоўных падпісчыкаў. Карэнныя жыхары, асабліва больш сталага веку, не вельмі намагаюцца гаварыць “па-гарадскому”.  Вось і размаўляем з землякамі на роднай мове”.  Што тут яшчэ можна дадаць?!  Менавіта  такім чынам нараджаецца  людская павага, давер да паштальёна, які ў цяперашняй вёсцы ў вельмі значнай ступені яшчэ і сацыяльны работнік (няхай прабачаць мне прадстаўнікі адпаведных службаў), а іншым разам і адзіны чалавек, які зазірае ў хату да адзінокага нямоглага чалавека, добраахвотна ўзяўшы на сябе абавязкі  своеасаблівага сувязнога з навакольным светам…
Што датычыць пераможцаў, дык у аператараў першае месца заняла Наталля Рудзяк, работнік 16-га аддзялення паштовай  сувязі горада Брэста. На пытанне, што было найбольш цяжкім, дзяўчына, крыху задумаўшыся, адказала: справіцца з хваляваннем. Другое месца ў Наташынай каляжанкі з 5-га аддзялення сувязі Юліі Тукала,  трэцяе – у Ірыны Мрачко (Маларыцкі АПС). Два гады таму ў яе ўжо было трэцяе месца, але… з канца. Вось што значыць праца і настойлівасць!
Найлепшым паштальёнам прызнана Святлана Гаховіч, якая вось ужо 13 год працуе ў 9-м аддзяленні паштовай сувязі ў Баранавічах.  На другім месцы – Наталля Кульчынская, прадстаўніца Кобрынскага  раённага вузла паштовай сувязі (АПС Дывін), на трэцім – Наталля Сукач з Камянеччыны (АПС Абяроўшчына).

Святлана Гаховіч
Пераможцы ў агульным заліку і ў асобных намінацыях  атрымалі граматы і грашовыя ўзнагароды, а ўсе  удзельнікі  –
пазітыўны настрой (у гэтым вялікая заслуга арганізатараў конкурсу)   і дыхтоўныя сучасныя парасоны, якія захінуць ад восеньскай непагадзі і не дадуць забыць пра два жнівеньскія дні ў Брэсце.
Наталля Рудзяк і Святлана Гаховіч будуць абараняць гонар нашай вобласці ў Мінску на заключным этапе канкурсу прафесійнага майстэрства. Наказ адзін – абавязкова вярнуцца з перамогай, бо, калі гэта адбудзецца трэці раз запар, пераходны кубак  РУП “Белпошта” назаўсёды застанецца ў музеі абласнога філіяла.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На Брэстчыне забаронены продаж алкагольных напіткаў ноччу

Следующая запись

Услед за белаю ракою