У Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Р. Шырмы адбыўся незвычайны кірмаш

У Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы імя Р. Шырмы адбыўся незвычайны кірмаш

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

“Гэй, не стойце каля дзвярэй! Заходзьце да нас хутчэй! Народ збіраецца – наш кірмаш адкрываецца”, – такія словы пачулі ўсе, хто ў мінулую суботу завітаў у брэсцкі храм музыкі. Тут, дзе моладзь кожны дзень сустракаецца з прыгожым, наладзілі святочны кірмаш. Нават тыя, хто не ведаў пра імпрэзу, пачуўшы галасы зазывалаў з вуліцы, зайшлі ў каледж паглядзець, што адбываецца. Апоўдні фае навучальнай установы было запоўнена людзьмі і музыкай.
Вось каля ўвахода гучаць цымбалы “Астрамечаўскіх жаўрукоў”. Хлопчыкі, сапраўды, падобныя да птушак. Яны яшчэ дзеці, але іх пальчыкі хутка перабіраюць струны, якія народзяць гукі, падобныя да звону маленькіх званочкаў. Побач з імі – студэнткі каледжа, таксама з цымбаламі, глядзяць на “Жаўрукоў” і ўспамінаюць сябе ў маленстве.
Ах, якія прыгажуні! Што за дзяўчаты! Гучна, задзірліва спяваюць. Гэта разліваюцца галасы хору “Купавушка”.
Які кірмаш без тавару?! Майстры з Брэсцкага раённага дома рамёстваў прадставілі свае вырабы. Чаго там толькі не было: бранзалеты, шпількі, цацкі з шэрсці, вырабы з саломкі і тканыя сурвэткі!
Падыходжу да маладой пары, пытаюся, чаму яны вырашылі прыйсці на кірмаш. Муж з жонкаю, усміхаючыся, адказваюць: “Прыгожая музыка. Вы чуеце, як дзяўчынкі спяваюць? А колькі хараства прадаюць – штосьці купім абавязкова дачушцы”.
“Мама, мама, глядзі, смяшарыкі!”  – чую з другога канца залы. Так-так, і шарсцяныя героі мультфільмаў таксама былі на кірмашы.
Каля аднаго стала з вырабамі імгненна сабралася шмат людзей, асабліва дзяцей. Падыходжу, цікаўлюся ў гаспадыні, дырэктара Брэсцкага раённага дома рамёстваў Таццяны Лук’янюк, чаму яна раніцай у вольны дзень тут. “Ведаеце, у Беларусі існуе жывое рамяство. Вось я пляту з саломы і перадаю сваё майстэрства ўсім жадаючым. Дзеткі ў горадзе пра гэта амаль нічога не ведаюць, таму ім трэба расказваць і паказваць”, – адказвае майстрыха. Кожнаму, хто да яе падыходзіў, Таццяна Аляксандраўна рабіла на яго вачах маленькі сувенір – абярэг з саломы на шчасце і поспех.
Кірмашы на Беларусі вядомы здаўна. Гэта не проста гандаль, а свята. Вось такое свята пад назвай “Берасцейскі музычны кірмаш” падарыла кіраўнік ансамбля цымбалістаў “Лілея” Аксана Літвінчук. Як хораша падкрэсліла Аксана Уладзіміраўна, цымбалы – гэта сэрца беларускай нацыі. Таму ёй захацелася паказаць гэтую прыладу і ў фальклорнай традыцыі, і ў прафесійнай музычнай. Галоўная цымбалістка вобласці таксама паведаміла, што цымбалы –
адзіны спрадвечна беларускі музычны інструмент, таму чуць іх і ведаць пра іх павінны не толькі музыкі, але і звычайныя людзі.
Свята атрымалася, яно яшчэ раз паказала музычную культуру і духоўныя каштоўнасці нашага народа. Спадзяёмся, што першы “Берасцейскі музычны кірмаш” паўторыцца яшчэ не раз.
Ганна ІВАШЧАНКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Мінянская сярэдняя школа ўжо шмат гадоў моцна сябруе з прыродай

Следующая запись

Сёння ў Баранавічах завяршаецца “Энергамарафон-2014”