Беларусь

У чым Алег Голас можа канкурыраваць з Дзедам Марозам?


Памятаеце, як у дзяцінстве – для таго, каб атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза, мы ўспаміналі добрыя справы, зробленыя за год? Безумоўна, у кожнага чалавека знойдзецца некалькі пунктаў для гэтага спіса, аднак мне пашчасціла сустрэцца з чалавекам, які па колькасці зробленай дабрыні можа канкурыраваць з самім Дзедам Марозам. Сапраўдны чараўнік, светлы і добры чалавек, які ўмее марыць і ўвасабляць самыя смелыя ідэі ў жыццё, – так магу сказаць пра Алега Голаса, кіраўніка Брэсцкага гарадскога маладзёжнага аб’яднання “Спадчына”, крэатара неверагоднай колькасці ініцыятыў.
Прызнаюся, што “раскруціць” майго субяседніка на інтэрв’ю было нялёгка – многія калегі-журналісты ведаюць. Сціплы і цалкам адданы сваёй справе чалавек не любіць хваліцца – нягледзячы на тое, што ёсць чым. У такім разе хваліць прыйдзецца аўтару. Паехалі!
Пачаць спіс добрых спраў прапаную з галоўнай навіны для нашага героя. Сёлета ў рэшце рэшт было зарэгістравана Брэсцкае гарадское маладзёжнае аб’яднанне “Спадчына”. Нагадаем, што раней гэта быў інтэрнэт-праект “Дзеянне!”. Па словах Алега, адна з яго галоўных задач – аб’яднаць усе сілы і разам ствараць дабро.
“Спадчына” спецыялізуецца на розных кірунках дзейнасці.  Варта вылучыць дапамогу дзецям. Толькі ў 2011-м праведзена шмат акцый для выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў і сацыяльных прытулкаў. Завязалася сяброўства з Беларускім дзіцячым фондам.
Шмат робіцца валанцёрамі па аказанні сацыяльнай дапамогі інвалідам, людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і тым, хто проста апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У супрацоўніцтве з камісіяй па справах непаўналетніх Брэсцкага райвыканкама запушчаны  сацыяльны праект “Да адзінай маці на свеце”.
Не памылюся, калі скажу, што не засталося брастаўчаніна, які не чуў бы пра такія мерапрыемствы і экалагічныя акцыі, як “Чысты бераг”, “Высадка алеі на Савецкай”, “Райскі закуток”, “НАША Брэсцкая крэпасць”. У планах – супрацоўнічаць з  упраўленнем ЖКГ –
у 2ы навакольнага асяроддзя, Брэсцкім лясніцтвам.
Самым гучным і “раскручаным” брэсцкім праектам з’яўляецца рух дапамогі бяздомным жывёлам “Дабрыня ў Брэсце”. Дзякуючы намаганням валанцёраў, дом знайшлі многія бяздомныя сабакі і каты. Былі арганізаваны дабрачынныя канцэрты ў падтрымку братоў нашых меншых. Галоўнае ўсё ж такі, што, дзякуючы іх рабоце, удалося вынесці ідэю стварэння ў Брэсце прытулку для бяздомных жывёл.  Прайшоў шэраг сустрэч у Брэсцкім гарвыканкаме, і, верыцца, высакародная задумка атрымае права быць рэалізаванай.

Яшчэ адным важным напрамкам у шматлікіх пачынаннях “Спадчыны” з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця. На рахунку аб’яднання – серыя  аздараўленчых мерапрыемстваў: “Берасцейскі забег”, “Цвярозы бацька”, “Кінатэатр –
зона цвярозасці”. Удзельнікі ініцыятывы не толькі заклікаюць землякоў да таго, каб змяніць сваё жыццё да лепшага, але ўласным прыкладам паказваюць, што гэта не так і цяжка.
Можна доўга гаварыць пра зробленае, аднак самае важнае, што ўсё-такі актыўная грамадзянская пазіцыя знайшла водгук сярод людзей. Ініцыятыву падтрымалі і грамадскія аб’яднанні, і ўлада. Безумоўна, наўрад ці атрымалася б у Алега дасягнуць поспеху без каманды аднадумцаў, якія ўвесь час знаходзяцца побач і дапамагаюць ажыццяўляць стваральныя ідэі. Ды без яркага лідара не бывае поспехаў. На жаль, пра нейкія асабістыя дасягненні і перажыванні Алег гаварыць не любіць, затое пра любімы занятак – зусім іншая справа. Напярэдадні Новага года, у час, калі нашы жаданні збываюцца хутчэй, чым звычайна,  асабіста мяне зацікавіла: аб чым жа марыць такі незвычайны чалавек – Алег Голас?
– Мару? Здаецца, забыў, што гэта такое, – жартуе мой субяседнік. –
Штодзённа прадумваю планы і адразу прыступаю да іх рэалізацыі… Хаця ёсць у мяне мара: каб свет стаў дабрэйшым, каб людзі па-новаму глядзелі на нашу планету і ў рэшце рэшт зразумелі: гэта і ёсць наш агульны дом. Мару пра тое, што наступіць час, калі людзі (у прыватнасці –
берасцейцы) значна расшыраць зону свайго камфорту – далей за парог сваёй кватэры. Яны стануць бліжэй адзін да аднаго. Веру, што мы зможам зрабіць наш горад больш добрым, чыстым, утульным…
– Падводзячы рысу пад зробленым, пра што думаеце? – пытаюся ў суразмоўцы.
– Калі гаварыць пра зробленае ў 2011-м, дык адзначу: не чакаў такой актыўнасці, многія ідэі нараджаліся спантанна. Гэта прымушае верыць, што наш рух здольны на большае. Здаецца, гэта была толькі размінка, а ў 2012-м плануем узрушыць берасцейцаў наплывам пазітыву, крэатыву і дабрыні.
Напярэдадні свята Алег не мог утрымацца ад пажаданняў чытачам “НТ”:
– Усім – міру, моцнага здароўя і велізарнага жадання жыць, плануючы кожны раз заўтрашні дзень. Любіце шчыра, не бойцеся праяўляць сяброўскія пачуцці і даражыце блізкімі. Больш дарыце навакольным усмешак. Удачы, поспехаў і не сядзіце на месцы. Ні пры якіх абставінах не губляйце  надзеі. Штурмуйце напралом – і ў вас усё абавязкова атрымаецца. І ледзь не запамятаў: вазьміце за звычку аблівацца халоднай вадой раніцай – зарад энергіі забяспечаны! З Новым годам!
Падумалася: з вадой, можа, не спяшацца, а вось да іншых пажыданняў прыслухацца варта. Тым больш, напачатку нашай размовы я назвала Алега Голаса канкурэнтам Дзеда Мароза па колькасці добрых спраў, таму лічу, што і жаданне магу загадаць менавіта яму. А яно простае: хацелася б, каб усё тое добрае, пра што казаў мой субяседнік, у бліжэйшай будучыні стала інфармацыйнымі нагодамі для цікавых публікацый!
Вольга Свірыдовіч, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля