Думкі, высечаныя на небе

Думкі, высечаныя на небе

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Навагоднія назіранні мудрай настаўніцы з палескай глыбінкі
Імя гэтай сціплай жанчыны зацікавіла ўсіх, калі яе вучань Аляксей Кірыковіч стаў “бронзавым” прызёрам Міжнароднай алімпіяды навук аб Зямлі ў Італіі. Настаўніца ганцавіцкай гімназіі Тамара Цюкіна адразу ж трапіла ў разрад мясцовых гераінь: таленавітага педагога павіншавала кіраўніцтва вобласці, а калегі назвалі прыкладам для пераймання. Вось каму цяжка “адпускаць” удалы год – здаецца на першы погляд. Але Тамара Сямёнаўна дакладна ведае: атрымаецца і ў наступны раз, галоўнае – шчыра верыць. Прыклады таго, як жыццё ўсё расстаўляла па сваіх месцах, даводзілася назіраць не раз.
Назіранне №1: “Жыццё – як кніга: на адной старонцы – асабістае, на другой – прафесійнае. І хоць часам здаецца, што яны не датыкаюцца, гэта не так”.
Наша жыццё – як кніга, пераканана настаўніца: на адной старонцы – асабістае, на другой – прафесійнае. І хоць часам здаецца, што яны не датыкаюцца, гэта, насамрэч, не так. Калі кнігу загарнуць, старонкі апынуцца шчыльна прыціснутымі адна да адной. Таксама і ў рэальнасці. Прынамсі, у Тамары Цюкінай гэтыя старонкі сапраўды знаходзяцца ў адной паралелі.
Ці варта казаць, што работа пераважна радуе настаўніцу бо наперадзе – яшчэ адна міжнародная алімпіяда ў Кёльне і з ёю ганцавіцкі дуэт звязвае вялікія надзеі.
Тамара Цюкіна шчыра радуецца, калі нехта з яе вучняў вырашае звязаць лёс з геаграфіяй, а ў гімназіі такія ёсць калі не кожны год, дык праз адзін дакладна. І Аляксей Кірыковіч не выключэнне – хлопец збіраецца паступаць на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ці не гэта самая галоўная ўзнагарода для педагога?!

А між іншым, любоў да сваёй прафесіі ў Тамары Сямёнаўны, так мовіць, у крыві. Яе сястра – таксама географ, а маці і цётка былі настаўніцамі малодшых класаў. Словам, сапраўдная педагагічная дынастыя. Да сястры, якая працуе ў ганцавіцкай СШ №1, заўжды можна звярнуцца за парадай, разам папрацаваць над алімпіяднымі заданнямі ці абмяняцца навуковай літаратурай. А калі ўзгадаць дзяцінства і юнацтва, то стане цалкам зразумела, чаму такі шлях выбрала Тамара Цюкіна.
Раней, расказвае яна, праз Ганцавічы аж тры цягнікі ішлі ў Ленінград, таму старэйшая сястра атрымлівала вышэйшую адукацыю менавіта там. Яе дзіўныя аповяды пра вучобу, горад і бесклапотнае студэнцкае жыццё літаральна зачароўвалі Тамару. Дзяўчына марыла хутчэй адправіцца за ведамі ўслед за сястрой, але маці была супраць. Яна бачыла малодшую дачку эканамістам і настойвала, каб тая выбрала сталічную ВНУ. Тамары ра-зам з бацькам употай прыйшлося падаваць дакументы, ды калі прыйшоў выклік з далёкага Ленінграда – усё тайнае стала відавочным…
Тамара Цюкіна ні хвіліны не шкадавала пра зроблены тады выбар, бо іншай прафесіі для сябе проста не ўяўляе. Вось ужо 15 гадоў, з самага заснавання гімназіі, яна працуе ў маляўнічай палескай глыбінцы. У адрозненне ад 90 працэнтаў людзей, па словах настаўніцы, якія ідуць на работу і думаюць пра тое, каб хутчэй сысці, яна гатова аддаваць справе жыцця кожную вольную хвілінку. Ну, а ў геаграфіі настаўніцы больш за ўсё падабаецца… эканоміка. Гэтыя дысцыпліны, лічыць Тамара Сямёнаўна, быццам дзве гарошыны з аднаго струка. Выходзіць, што і маці настаўніцы ў некаторым сэнсе ўсё ж такі мела рацыю.
Дарэчы, у старым годзе Тамара Цюкіна пакінула няскончаную справу: дапамагчы свайму вучню Юрыю Мухіну трапіць на абласную алімпіяду (у раёне хлопец заняў другое месца). І гэта зусім не ўласныя амбіцыі, а гарачае жаданне школьніка. Калі атрымаецца – ажыццявіцца яшчэ адзін навагодні цуд і адной дзіцячай усмешкай будзе больш.
Назіранне №2: “Без інфармацыі чалавек нагадвае адарваную гародніну”.
Як і ў кожнага з нас, у мудрай настаўніцы ёсць хобі, не звязаныя з прафесіяй. Летам на дачы яна, нібы пчолка, завіхаецца на гародзе. Тут у руплівай гаспадынькі шмат усяго: садавіна, гародніна, кветкі. Не грэбуе Тамара Сямёнаўна і дадатковымі дапаможнікамі ў складанай справе: яна ахвотна выпісвае і вывучае адпаведную спецыялізаваную літаратуру.
Дарэчы, наконт літаратуры – жанчына вельмі любіць чытаць, увечары нават не можа заснуць, пакуль не перагорне хаця б некалькі старонак. Сярод любімых пісьменнікаў у яе значыцца абаяльная францужанка Франсуаза Саган, творы якой можна перачытваць бясконца і ўсё роўна знаходзіць у іх нешта абсалютна новае для сябе.
Сярод адносна нядаўніх захапленняў Тамары Цюкінай вылучаецца псіхалогія. Цікавая навука дапамагла зразумець простую ісціну: трэба не рабіць зла людзям, бо яно абавязкова вернецца да цябе бумерангам. Гэтай нетрывіяльнай філасофіяй чуллівая настаўніца кіруецца і па жыцці.
А яшчэ яна цалкам згодна з тым, што інфармацыя ў сучасным свеце – галоўная зброя. Толькі ў самым мірным сэнсе гэтага выказвання. Кожны свой дзень Тамара Цюкіна пачынае з інтэрнэту. Не, яна не прыхільніца сацыяльных сетак і разнастайных тэматычных форумаў! Глабальную павуціну жанчына выкарыстоўвае ў якасці крыніцы навін, без якіх, лічыць Тамара Сямёнаўна, чалавек нагадвае адарваную гародніну. На школьных занятках яна спачатку арганізоўвае інфармхвілінку, а ўжо потым пераходзіць да праверкі дамашняга задання. Зусім не цікаўнасць рухае настаўніцай, а нармальнае жаданне трымаць руку на пульсе свайго горада, краіны і цэлага свету.
Назіранне №3: “Думайце так, нібы кожная ваша думка высечана на небе і ўсе яе бачаць”.
Тамара Цюкіна не пісала ліста Дзеду Марозу. Хоць ён і лічыцца сімвалам зімовага свята, дарослай жанчыне неяк сорамна верыць у казачнага персанажа і тым больш звяртацца да яго з просьбамі. Аднак ажыццявіць яе навагодняе жаданне пад сілу кожнаму, асабліва самым блізкім. Нават без імправізаванай магіі. Трэба ўсяго нічога: накрыць святочны стол. Ганцаўчанка прызнаецца: будзе цудоўна, калі хто-небудзь зробіць гэта за яе.
Калі са сціплымі жаночымі жаданнямі ўсё, у прынцыпе, ясна, можна перайсці да навагодніх пажаданняў. Іх Тамара Сямёнаўна адрасуе ў першую чаргу любімым калегам, якія заўжды падтрымліваюць і хвалююцца за яе, а ўжо ў другую – усім, хто сапраўды верыць у цуды. Здароўя, прыемных сустрэч, пазітыўных эмоцый… Самыя патрэбныя рэчы, лічыць мудрая настаўніца з палескай глыбінкі, на паверхні, і не трэба выдумляць нічога звышнатуральнага. На гэтым жа грунтуецца простае чалавечае шчасце.
– І галоўнае, – дадае яна, – думайце так, нібы кожная ваша думка высечана на небе і ўсе яе бачаць.
Маеце рацыю, шаноўная Тамара Сямёнаўна!…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Ганцавічы.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Чырвоная Кніга Тамары Ялкоўскай

Следующая запись

У чым Алег Голас можа канкурыраваць з Дзедам Марозам?