У трэці раз Брэст наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Манодж Кумар Бхарці
Студэнцкі абмен, энергетыка і кінаіндустрыя – дыяпазон індыйскага інтарэсу да Брэстчыны
У трэці раз горад над Бугам наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Манодж Кумар Бхарці. З высокім госцем сустрэліся старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар і яго першы намеснік Міхаіл Юхімук.
Пасол расказаў, што маладыя індусы хацелі б атрымліваць інжынерную вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, але не маюць дастаткова інфармацыі аб тым, як гэта ажыццявіць. У Індыі ёсць магчымасць экспарціраваць у Беларусь абсталяванне ў сферы энергетыкі. Акрамя таго, Манодж Кумар Бхарці заўважыў, што ў яго краіне вельмі развіта кінаіндустрыя – у год здымаюць аж 2 тысячы фільмаў. На жаль, у Беларусі яны не вельмі папулярныя і тут цяжка знайсці іх. У якасці прапановы на самы бліжэйшы час – правесці фестываль індыйскага кіно. Дарэчы, такія фэсты ўжо праходзілі ў Магілёве, Лідзе і Баранавічах. На думку дыпламата, пры цяперашніх цудоўных узаемаадносінах нашы краіны могуць стаць яшчэ бліжэй, калі прыкласці намаганні і даць людзям больш патрэбнай інфармацыі.
Немалаважна развіваць партнёрскія бізнес-зносіны. Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, у Індыі вельмі мала вядома пра магчымасці інвесціравання ў Беларусі, напрыклад, на Брэстчыне. Адзначыў ён і той факт, што беларуская эканоміка мае арыенцір на краіны Заходняй Еўропы, а таксама Расію. Аднак, на яго думку, гэта не перашкодзіць супрацоўніцтву з Індыяй. У якасці прыклада дыпламат нагадаў пра цёплыя сяброўскія адносіны Беларусі з Венесуэлай і Кітаем, якія нават знаходзяцца на большай геаграфічнай адлегласці.
Манодж Кумар Бхарці наведаў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, РУП “Брэстэнерга”, СЭЗ “Брэст”. Ён прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці выставы-продажу “Тавары з Індыі”, якая праходзіць у Лёгкаатлетычным манежы на вуліцы Маскоўскай у Брэсце. Ужо ў першы дзень тут разгарнуўся бойкі гандаль. Брастаўчане ахвотна куплялі спецыі, чай, адзенне, пасцельную бялізну, біжутэрыю, сувеніры і нават мэблю. Усяго тут прадстаўлена больш за тысячу найменняў тавараў. Працягнецца выстава да 2 верасня. Не спазніцеся!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.