У віхуры Першай сусветнай
Навукова-практычная канферэнцыя “Першая сусветная вайна ў лёсе Заходняй Беларусі” прайшла ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”
Музей ужо трэці год выступае арганізатарам канферэнцый, тэмай якіх становяцца важныя факты мінулага, што непасрэдна звязаны з Пружаншчынай. Асаблівасцю музейных канферэнцый стала прыцягненне да абмеркавання падзей гісторыі не толькі прафесійных вучоных, але і краязнаўцаў, прадстаўнікоў грамадскасці. Вось і выбар сёлетняй тэмы быў абумоўлены невыключна 100-гадовым юбілеем трагічнай даты сусветнай гісторыі, але і непасрэднай сувяззю яе па-дзей з родным краем.
Пружаншчына зведала на сабе ўсе цяжкасці эпохі: ад прыфрантавой паласы з ваенным становішчам і бежанствам да тэатра баёў, зоны нямецка-аўстрыйскай акупацыі і наступнага сутыкнення дзяржаўных інтарэсаў Германіі, Савецкай Расіі, Польшчы, Украіны і Літвы. Першая сусветная вайна стала для нашай зямлі сапраўднай дэмаграфічнай катастрофай, закранула кожную сям’ю, аказала ўплыў на далейшае развіццё рэгіёна. Цікаўнасць да падзей вайны пастаянна расце. Разам са з’яўленнем шматлікай літаратуры па згаданай тэме, увядзеннем у навуковы абарот новых дакументаў аднаўляецца пошукавая праца па выяўленні матэрыяльных сведчанняў вайны. На Пружаншчыне знаходзіцца шэраг такіх аб’ектаў – нямецка-аўстрыйска-расійскія могілкі ў
вёсцы Слабудка, Пружанах, Ружанах, рэшткі акопаў і ўмацаванняў. Стан шэрагу з іх выклікае занепакоенасць – патрабуюцца неадкладныя меры па захаванні і ўпарадкаванні збудаванняў.
Канферэнцыя “Першая сусветная вайна ў лёсе Заходняй Беларусі” была заклікана звярнуць увагу на важны факт нашай гісторыі, абагульніць веды аб лёсавызначальнай падзеі ў жыцці Беларусі, зрабіць акцэнт на стане помнікаў вызначанага перыяду. На працягу двух дзён у “Пружанскім палацыку” абмяркоўваліся даклады, якія рознабакова асвятлялі падзею, яе перадгісторыю і наступствы.
Сур’ёзны гістарыяграфічны агляд тэмы зрабіў Ігар Грабёнкін (доктар гістарычных навук, прафесар Разанскага дзяржаўнага ўніверсітэта), які адзначыў станоўчыя і адмоўныя бакі савецкай, расійскай і замежнай навукі ў асвятленні вайны. Ён засяродзіў увагу на існаванне пэўнага “заказу” на факты гісторыі, які рэалізуецца сёння сродкамі масавай інфармацыі, фарміруе грамадскі погляд на перыяд Першай сусветнай вайны, аднак не заўсёды адпавядае рэальнай гісторыі.
Дзейнасць розных устаноў у перыяд вайны была разгледжана ў шэрагу дакладаў. Рабоце паліцыі па барацьбе з салдацкімі выступленнямі, рэвалюцыйнай прапагандай, шпіянажам, дэзерцірствам і крыміналам, а таксама ўзнікненню сітуацыі безуладдзя ў арміі і прыфрантавой паласе былі прысвечаны выступленні Аляксандра Гронскага (кандыдат гістарычных навук, БДУІіР) і Аляксандра Кісялёва (кандыдат гістарычных навук, Ваенная акадэмія Беларусі). Арганізацыя работы ваеннага ведамства па харчовым забеспячэнні войскаў у беларускіх губернях была прааналізавана ў дакладзе Лявонція Паўлава (начальнік ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы).
Некалькі даследчыкаў закранулі пытанні тэрытарыяльнага размежавання. Уплыў Савецкай Расіі на пасляваенную сітуацыю на былых ускраінах Расійскай імперыі прасачыў Пётр Акульшын (доктар гістарычных навук, прафесар Разанскага дзяржаўнага ўніверсітэта), які звярнуў увагу на захады бальшавікоў па захаванні сваіх інтарэсаў на заходніх рубяжах. Тэма падзелу Беларусі ў творчасці беларускіх паэтаў да 1921 года знайшла адлюстраванне ў выступленні Анатоля Трафімчыка (кандыдат гістарычных навук, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі). Вучоны заўважыў, што ў літаратуры азначанага перыяду беларускія паэты звярталі ўвагу на захопніцкія памкненні расійскага і польскага бакоў у дачыненні да нашай зямлі, заклікалі да самастойнага шляху развіцця. Асаблівасці этнічнага вызначэння і дэмаграфічнай сітуацыі ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі былі акрэслены ў рабоце аўтара гэтых радкоў.
Падрабязную храналогію ваенных падзей і становішча ў перыяд акупацыі на Пружаншчыне паспрабавалі стварыць краязнаўцы Сяргей Рабчук і Уладзімір Дадзіёмаў. Даследчыкі выкарысталі не толькі расійскія і беларускія крыніцы, але звярнуліся да нямецкіх дакументаў, успамінаў мясцовых жыхароў, што дазволіла па-новаму паглядзець на многія пытанні гісторыі раёна, раскрыць раней невядомыя факты.
Вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на прысутных мела выступленне даследчыцы Наталлі Магер (Таварыства вывучэння рускай сядзібы, г. Масква). Яна распавядала аб уплыве падзей вайны на лёс уласнай сям’і, прадстаўнікі якой з-пад Крэва былі раскіданы па свеце, адарваны ад роднай зямлі.
Падводзячы вынікі канферэнцыі, удзельнікі адзначылі важнасць звароту да праблемных пытанняў гісторыі з мэтай іх найбольш поўнага асвятлення і выпрацоўкі пэўных поглядаў на падзеі. Была звернута ўвага на неабходнасць такіх мерапрыемстваў, якія выходзяць за рамкі акадэмічнасці, даюць магчымасць пачуць розныя пункты гледжання і наладзіць рэальныя кантакты паміж вучонымі і краязнаўцамі, узняць цікавасць да даследчыцкай працы.
Да канферэнцыі было таксама прымеркавана адкрыццё выставы “З нямецкага фотаальбома 1914 – 1918 гг.”. На ёй паказана вялікая колькасць фотаматэрыялаў, дакументаў, паштовак, якія адлюстроўваюць жыццё Пружаншчыны ў перыяд Першай сусветнай вайны. Матэрыялы для выставы былі ўзяты з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык” і прыватных калекцый.
Наталія ПРАКАПОВІЧ,
галоўны захавальнік
фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.