Учора завяршыліся “Студзеньскія музычныя вечары”
Гэтыя доўгачаканыя дні, напоўненыя музыкай Вэрдзі, Чайкоўскага, Пергалезі, здаецца, праляцелі ў адно імгненне. Літаральна ў сераду Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары” афіцыйна ўступіў у сваё 25-годдзе, а ўжо ўчора ён развітаўся з публікай, як бы сумна гэта ні гучала. За працяглы час існавання форум не толькі стаў цудоўнай каляднай традыцыяй, але і выхаваў не адно пакаленне ўдзячных слухачоў. Менавіта іх шчырая любоў, як выказаўся на цырымоніі адкрыцця старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, дае фестывалю магчымасці для развіцця. “А грошы на культуру і духоўнасць лічыць не трэба – яны заўжды знойдуцца”, – пракаменціраваў кіраўнік вобласці фінансавую частку пытання.
За 25-гадовую гісторыю фестывальныя падмосткі апрабавалі музыканты з 33 краін свету, агульная ж колькасць вечароў, канцэртаў і майстар-класаў дасягнула 165. Так, у чарговы раз імпрэза падарыла слухачам не толькі сустрэчу з ужо знаёмымі асобамі, якія неаднойчы наведвалі Брэст, яна адкрыла і новыя імёны.
Што да сяброў форуму, дык іх было шмат. Стваральнік, ідэйны натхняльнік і мастацкі кіраўнік фестывалю Лілія Батырава, без перабольшанняў, запрасіла самых-самых. “Без музыкі, – працытаваў кагосьці з філосафаў вядучы “Студзеньскіх музычных вечароў” Святаслаў Бэлза, – жыццё было б памылкай. Вельмі добра, што Брэст не робіць гэтай памылкі”.
– Пра фестываль з вялікай пяшчотай адгукаўся Зураб Саткілава і іншыя мае сябры, – дзяліўся Святаслаў Бэлза. – Прыемна ўсведамляць, што ён звязаны з маскоўскім форумам “Снежаньскія вечары” і ў першую чаргу – праз імя Святаслава Рыхтара, які пабываў у Брэсце 18 разоў. Калі меркаваць па “шкале Рыхтара”, дык “Студзеньскія музычныя вечары” адпавядаюць самым высокім патрабаванням.
Афіцыйна музычную імпрэзу адкрыў пастаянны ўдзельнік фестывалю Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Разам з хорам дзіцячай музычнай школы №10 Мінска і салісткамі Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета музыканты выканалі твор “Stabat Mater” Джавані Баціста Пергалезі.
Сэрцы слухачоў затрапяталі, калі на сцэну выйшаў маленькі Крысціёнас Мегелінскас з Літвы. Аднак авацыі слухачоў “сарваў” не толькі ён. Львоўскі камерны аркестр “Акадэмія”, пад акампанемент якога выступаў Крысціёнас, запомніўся яшчэ падчас сваіх мінулых прыездаў у Брэст, таму і ў гэты раз яго сустракалі, як шаноўнага госця. Маладыя артысты разам з мастацкім кіраўніком народным артыстам Украіны, прафесарам Артурам Мікіткам пасябравалі з нашым фестывалем даволі даўно. Музыканты, якія феерычна чаргуюць класічныя творы з джазавымі мелодыямі ды ўдала “запраўляюць” іх нацыянальным украінскім каларытам, проста не змаглі застацца незаўважанымі. Сёння яны лічацца своеасаблівым брэндам фестывалю, прычым сімпатыі тут цалкам узаемныя.
Па музычным календары 2013-ы лічыцца годам гучных юбілеяў, у прыватнасці, спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння Джузэпэ Вэрдзі і Рыхарда Вагнера. Аддаючы даніну знамянальным датам, другое аддзяленне цырымоніі адкрыцця фестывалю-юбіляра пачалося менавіта з музыкі Вэрдзі. Гледачы не шкадавалі апладысментаў ні Валерыю Караджа, салісту Кішынёўскага і Бухарэсцкага оперных тэатраў, ні лаўрэату міжнародных конкурсаў Алі Аскераву з Азербайджана. Кампанію таленавітых прыгажуноў разбавіла каралева скрыпкі Ліяна Ісакадзэ. І хоць яна, як сапраўдная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва, трошкі спазнілася на спатканне са слухачом, затое цалкам кампенсавала хвіліннае чаканне бліскучай гульнёй. Скрыпка ў яе руках нагадвае чароўную палачку, якая нібыта дапамагае сваёй уладальніцы пракрасціся ў самае сэрца. Ды абаяльная Ліяна прызнаецца, што ніякага сакрэту тут няма: проста трэба жыць так, каб ніхто не змог абрэзаць табе крылы. Віртуозная скрыпачка, між іншым, заўжды хвалюецца за кулісамі, бо без хвалявання, лічыць яна, нічога не атрымаецца. А для характарыстыкі фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары” Ліяна Ісакадзэ выбрала толькі адзін прыметнік – “грандыёзны”.
11 снежня аматараў класікі чакаў чарговы сюрпрыз – Калядны баль, дзе публіка зноў пачула ўкраінскі аркестр “Акадэмія”, атрымала асалоду ад гульні Антоніа Амендуні, спеваў Ганны Самсан і іншых. А ўчора пад заслону форуму выступілі Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, трыа тэнараў з Італіі, любімы гараджанамі сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага. Срэбны юбілей Міжнароднага фестывалю можна лічыць удалым. І гэта яшчэ адзін калядны цуд!
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.