Беларусь

Валерый АНІСЕНКА: “Не магу жыць без любові!”


Пастаноўкай “Што баліць?” Валерыя Анісенкі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа развітаўся з горадам над Бугам. Аднак кропку ў знаёмстве ставіць ніяк нельга – хутчэй шматкроп’е.
Калі б пачуцці выяўляліся ў сімвалах, дык менавіта так выглядалі б уражанні ад “Чайкі”, якую рэжысёр паказаў у брэсцкім парку амаль тры гады таму. На той час карыфей айчыннага мастацтва кіраваў Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі. У 2012-м Валерый Данілавіч вярнуўся туды, дзе пачынаў кар’еру, – у родны Віцебск. Ён па-ранейшаму не супраць гастроляў і новых уражанняў. Рэжысёр прызнаўся: ад гледача заўжды чакае менавіта любові. “Я без яе не магу жыць!” – з усмешкай дадаў сівавалосы чараўнік.
“КАЛІ ПАД’ЯЗДЖАЎ ДА БРЭСТА, У МЯНЕ ПЕРАХАПІЛА ГОРЛА…”
Сёлетні красавік адмераў год з таго часу, як Валерый Анісенка ўзначаліў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа. Але ці лічыць ён малую радзіму сапраўднай культурнай сталіцай? Пытанне ў многім супярэчлівае, аднак і на гэты конт у маэстра знайшлося што сказаць.
– Падобнае азначэнне мы самі сабе прыдумалі, – падзяліўся ён. – Чыноўнікі прыдумалі яго для сваіх справаздач. Так няправільна. Вось, калі пад’язджаў да Брэста, у мяне перахапіла горла, бо ўзгадаў, як у 90-м годзе ставіў тут спектакль. Тады гэта быў зусім іншы горад. Брэсцкі тэатр адкрыў цудоўнага драматурга Мікалая Арахоўскага (зараз ужо нябожчыка) менавіта ў маёй пастаноўцы. Памятаю, як ездзілі да яго дамоў – у Сялец. І я быў ашаломлены гэтым лёсам. Таму да Брэста ў мяне асаблівае стаўленне. Акрамя таго, што тут Брэсцкая крэпасць, гэта абсалютна адметны горад. І па сваёй архітэктуры, якую вы ўмееце захоўваць. І вашы наватворы – такія далікатныя, асцярожныя…
“ТРЭБА, КАБ ГЛЯДАЧ ПРЫЙШОЎ І НАКРЫЎСЯ СЛЯЗОЙ, ЗРАБІЎ ПАЎЗУ, ЗАДУМАЎСЯ”
Стан сучаснага тэатра, яго функцыі і прыярытэты Валерый Анісенка абмяркоўвае ахвотна, хоць і відаць па ўсім: тэма з’яўляецца для рэжысёра адной з найбольш хвалюючых. Зрэшты, калі праблему замоўчваюць – гэта не значыць, што яе не існуе. Дык чаму б услых не падзяліцца набалелым?
– Абсалютная большасць сённяшніх тэатраў, з майго пункту гледжання, мёртвыя, – разважае Валерый Данілавіч. – Пра сваю асноўную функцыю – узрушаць душу, сэрца – забыліся. Яны цяпер – як маскультура: “развлекают”, па-руску кажучы. А трэба, каб глядач прыйшоў і накрыўся слязой, зрабіў паўзу, задумаўся. Тэатр – дзеля гэтага, а не дзеля “фанцікаў”, калі яшчэ падмешваецца запісаны смех.
“НЕ МОЖА БЫЦЬ ПЛАНА ПА ДУХОЎНЫМ ВЫХАВАННІ НАЦЫІ ЦІ АСОБНАГА ЧАЛАВЕКА”
У працяг гутаркі ўзгадаўся нядаўні выпадак у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, калі з-за шумных наведвальнікаў артысты вымушаны былі прыпыніць спектакль. Журналісты не абмінулі нагоды пацікавіцца, ці не час тэатру ўвогуле адмовіцца ад арганізаванага гледача?
– Даўно пара, – згадзіўся рэжысёр. – Прыводы на спектакль з-пад палкі выглядаюць жахліва і адбіваюць у дзіцяці ўсялякую ахвоту. У прынцыпе тэатр – гэта элітарнае мастацтва. Ён не павінен быць масавым. Ды ў нас спрошчана глядзяць на сітуацыю: маўляў, трэба выконваць план. Не можа быць плана па духоўным выхаванні нацыі ці асобнага чалавека. Уявіце сабе, вам скажуць: “Так, кучаравая, да суботы ты павінна сабраць 375 пацалункаў!” Калі збярэш больш – абзавуць распутніцай, а калі менш – значыць, не выканала план. А можа, толькі глянула раз – і чалавека зрабіла шчаслівым…
“ДРАМАТЫЧНЫЯ АРТЫСТЫ – ВЕЛЬМІ ЛЯНІВЫ НАРОД”
Валерый Анісенка вядомы яшчэ і тым, што любіць працаваць з моладдзю. Ён ставіў спектаклі па п’есах сучасных аўтараў: Андрэя Курэйчыка, Дзіяны Балыкі. Апошнюю, дарэчы, творца называе сваім адкрыццём, бо аднойчы падарыў таленавітаму драматургу шанс “прагучаць” са сцэны. А як жа ідуць справы з маладымі кадрамі ў падначаленым віцебскім тэатры?
– Ён цяпер у складаным становішчы, бо ідзе змена пакаленняў і моладзі практычна няма, – прызнаўся маэстра. – Мы не можам запрасіць курс: узнікаюць пытанні дабрабыту, жылля. Клічам выпускнікоў каледжа, а гэта толькі пачаткоўцы. Выводзім іх на сцэну, даём ролю, другую. Сыгралі, грамчэй-цішэй сказалі – і яны ўжо артысты. Часта бывае, што ніхто і не запярэчыць: “Ніякі ты не артыст!” І калі балетныя людзі да крывавых мазалёў трэніруюцца, дык драматычныя артысты – вельмі лянівы народ. Безумоўна, можна стварыць уласную студыю і выхоўваць кадры, але там няма каму выкладаць. Сам проста не ў стане: у тэатры я з 10 раніцы да 10 вечара. Без выхадных. І так усе 12 месяцаў – “пашу”, што называецца.
“ГЭТА БЫЎ СПЕЦЫЯЛЬНЫ ПРАЕКТ…”
Тым не менш, дэфіцыт уласнай моладзі зусім не перашкаджае ажыццяўляць самыя смелыя і дзёрзкія задумы. Для іх у тэатры нават ёсць асобная сцэна – эксперыментальная. Не так даўно тут паэксперыментавалі з п’есай славенскага драматурга Эльвада Флізара “Як наконт Леанарда?”. Так “нарадзіўся” спектакль з падобнай назвай – “Леанарда?”, з якім віцебскі тэатр упершыню паўдзельнічаў у Тыдні славенскай драмы ў горадзе Крань.
– Наша Марына Пятрова, загадчыца літчасткі, знайшла гэтую п’есу і пераклала яе, – расказаў перадгісторыю Валерый Анісенка. – Мы запрасілі маладога рэжысёра (дарэчы, майго вучня) Аляксандра Марчанка, кіраўніка цэнтра драматургіі і рэжысуры ў РТБД. Гэта быў спецыяльны праект, але Аляксандр трохі больш чым за месяц зрабіў спектакль. Мы паехалі з ім у Славенію і вельмі годна там выступілі. Куратар індыйскага фестывалю ў Калькуце ад Еўропы нават запрасіў нас на свой форум.
“Я ПАЗАЙЗДРОСЦІЎ ВАМ БЕЛАЙ ЗАЙЗДРАСЦЮ”
Сёлета рэжысёр узначаліў журы Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага фестывалю “М@рт-контакт” у Магілёве. Зараз жа, калі паўнамоцтвы складзены, з’яўляецца цудоўная нагода паразважаць, ці мог спектакль “Над прорвай у жыце” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы прэтэндаваць на Гран-пры форуму…
– Вельмі хораша гаварылі пра спектакль, – дзеліцца Анісенка, – пра культуру тэатра, пра выдатную спробу і стылістыку. Якраз той рэдкі выпадак, калі рэжысёр выхаваў маладых акцёраў і яны ведаюць, што робяць на сцэне. Рэдкі, бо сёння абсалютная большасць не ведае: дурэюць, быццам іграюць, а спытай пра што – не разумеюць. Пры пэўных абставінах спектакль мог бы прэтэндаваць і на Гран-пры. Але ж, здаецца, ён атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю (прыз дастаўся Анатолю Баранніку – Н.Л.). Таксама вялікая ўзнагарода. Гэта не выпадковая, а прынцыповая перамога тэатра. І ўжо нават не ўласна брэсцкага, а тэатра ўвогуле. Такое можа здарацца. Я пазайздросціў вам белай зайздрасцю.
“ХАЧУ, КАБ ЯНЫ АДЧУЛІ СВОЙ ТЭМПЕРАМЕНТ, СВАЁ ЦЕЛА, СВАЕ ДУМКІ”
У анатацыі да спектакля “Ліфт”, якім віцябляне адкрылі сёлетнія гастролі ў горадзе над Бугам, сказана, што п’есу Валерый Анісенка ўручыў актрысе Святлане Жукоўскай у дзень яе юбілею. Цікава, ці будуць яшчэ падарункі: землякам і гасцям, добрым сябрам і выпадковым знаёмым – словам, усім тым, хто дыхае з тэатрам адным паветрам?
– Калі я прыйшоў у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, там было 11 прэм’ер за год, – узгадвае маэстра. – Сёлета ў мяне ў планах стаяць 14 назваў. Зразумела, нешта можа не атрымацца. Але 14 назваў ужо ёсць. Нядаўна патэлефанавала адна дзяўчына – ураджэнка Віцебска Таня Навумава. Яна працуе ў Мюнхене. Хоча паставіць у нас п’есу нейкага галандца, едзе сюды на два тыдні, паабяцала “ўзарваць” горад. Ну, дай Бог! Калі працаваць будуць – днём, ноччу – не ведаю. Але тэрмін мінімальны – два тыдні. Зразумела, дэкарацый таксама будзе мінімум. Вось цяпер Дзіма Багаслаўскі пайшоў. Яго п’есу “Тихий шорох уходящих шагов” паставіць Таццяна Траяновіч. Яшчэ запрасілі Аляксандра Дольнікава. Імён хапае. Трэба даваць магчымасць маладым і разумець, што заўтрашні дзень – ужо іх.
5 чэрвеня ў нас прэм’ера “Макбэта”. Да гэтага 26 мая, ні разу не іграўшы, пакажам пастаноўку на пленэры ў Херсоне – у лесе. Яна пройдзе ў рамках Міжнароднага фэсту “Мельпамена Таўрыі”. 17 гадоў таму я ўжо ставіў “Макбэта”. Мой спектакль назвалі падзеяй за 50-гадовую гісторыю Эдынбургскага фестывалю. Зразумела, не дзеля сябе зноў бяруся за Шэкспіра: Шэкспір той жа. Трэба выхоўваць тэатр. У мяне ёсць акцёры, якія звыклі есці ліверную каўбасу, а я хачу даць ім мяса! Хачу, каб яны адчулі свой тэмперамент, сваё цела, свае думкі. А так яны інертныя…
“ГЭТА ГЕННА СЯДЗІЦЬ У НАС: НАШЫ РАЎНІНЫ, БАЛОТЫ, ТУМАНЫ – УСЁ СЯДЗІЦЬ ТАМ”
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа ў Брэст прывёз выключна беларускамоўныя спектаклі. І гэта значна больш, чым рэжысёрская задумка ці мастацкі метад – гэта жыццёвая пазіцыя самога Анісенкі.
– Трэба, каб мова гучала, бо, на жаль, яна выходзіць з ужытку ў самім тэатры, – смуткуе ён. – Я б у нацыянальным тэатры зрабіў больш жорсткі экзамен не проста на асваенне мовы, але і на мелодыку. Вось уявіце: ідзе дзіцячы спектакль. Нават дзеткі, якія не ведаюць мову, калі да іх звяртаюцца артысты з нейкім пытаннем, спрабуюць падхапіць. Гэта генна сядзіць у нас: нашы раўніны, балоты, туманы – усё сядзіць там. Мы сябе вельмі збядняем. Робім жахлівыя рэчы. Адмовіцца ад мовы – усё роўна што адмовіцца ад маці.
Запісала Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля