З 22 жніўня пачынаецца продаж білетаў на фестываль “Белая вежа-2013″
На сваё паўналецце 18-ты па ліку форум чакае гасцей у першай палове верасня – з 7-га па 14-е, а прадаваць білеты ў касах тэатра пачнуць з 22 жніўня. У адрозненне ад мінулых імпрэз сёлетняя “Белая Вежа” вылучаецца адсутнасцю пэўнай тэматыкі – а гэта значыць, не абмяжоўваецца жорсткімі рамкамі ў плане зместу. Яе праграма фарміравалася па трох асноўных кірунках: спектаклі-пераможцы Нацыянальнай тэатральнай прэміі, лепшыя пастаноўкі польскіх тэатраў і сцэнічныя ўвасабленні сусветнай драматургіі. Па традыцыі фэст ахопіць адразу некалькі пляцовак: вялікую і малую залы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, сцэну абласнога грамадска-культурнага цэнтра, вулічныя відовішчы разгорнуцца на плошчы Леніна і ў гарадскім парку імя 1 Мая.
Зноў фестываль парадуе багатай геаграфіяй: у Брэст прыедуць артысты з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Арменіі, Азербай-джана, Славакіі, Ізраіля, Грэцыі, Егіпта. Нашу краіну разам з іншымі прадставіць пастаноўка “Пікавая дама” Гродзенскага абласнога тэатра лялек, якая паспела ўжо сабраць цэлы “ўраджай” разнастайных трафеяў: чатыры ўзнагароды
ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі, у тым ліку і за “Лепшы спектакль года”. Дарэчы, спектакль ступіць на фестывальныя падмосткі адным з першых – яго пакажуць на малой сцэне БАТД акурат у дзень адкрыцця. Папярэднічаць “Пікавай даме” будзе камедыя “Хто смяецца апошнім” – варыяцыі тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” па матывах п’есы Кандрата Крапівы. У афішы брэсцкага форуму значыцца і псіхалагічная драма “Аднакласнікі” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. А гаспадар фестывалю – Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы – вынесе на суд гледачоў сваю нядаўнюю прэм’еру “Ура-
джай”, створаную па п’есе айчыннага драматурга Паўла Пражко.
Па-ранейшаму будуць актуальнымі інсцэніроўкі класікаў рускай літаратуры. Адной з самых незвычайных і інтрыгуючых абяцае стаць спектакль “Мцыры” паводле паэмы Лермантава ў пастаноўцы маскоўскага тэатра “Школа драматычнага мастацтва”. Пранізлівая гісторыя мяцежнага юнака, вядомая нам са школьных падручнікаў, бу-дзе разыграна ў стылі physical theatre, які злучае ў сабе кантактную імправізацыю, баявое мастацтва і танец. Акрамя гэтага, галоўнага героя ў залежнасці ад яго эмацыйнага стану ўвасобяць адразу тры акцёры.
Не меншую цікавасць выклікае і дакументальны спектакль “Антыцелы” тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом” з Піцера. У яго аснове – гісторыя забойства студэнта-антыфашыста Цімура Качаравы, створаная з фрагментаў інтэрв’ю сяброў і ворагаў хлопца, сведкаў злачынства. Сёлета ў намінацыях “Лепшы драматычны спектакль малой формы” і “Выбар крытыкаў” пастаноўка атрымала дзве “Залатыя маскі”, якія лічацца ў Расіі вышэйшай тэатральнай узнагародай. Дарэчы, білеты на спектакль “Антыцелы” самыя дарагія – 200 тысяч рублёў.
Трошкі не дацягвае па кошце (ад 80 да 150 тысяч) трагедыя “Лэдзі Макбет” Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Літвы ў інтэрпрэтацыі Альгірдаса Латэнаса, які ў 2003-м паставіў для брэсцкага тэатра спектакль “Дзядзька Ваня”. І хоць прайшло ўжо не меш за дзясятак гадоў, але рэжысёр па-ранейшаму лічыцца сапраўдным сябрам нашага фестывалю. Зрэшты, як і львоўскі тэатр “Уваскрэсенне” – сёлета ён таксама завітае ў госці з вулічнай пастаноўкай “Іоў”. Каб разам з астатнімі ўдзельнікамі запаліць сэрцы шматлікіх аматараў сапраўднага тэатра – жывога і дыхаючага арганізма. І, вядома ж, павіншаваць любімы тэатральны форум з паўналеццем…
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.