З нагоды Дня інвалідаў журналістка “НТ” правяла маленькі эксперымент
Завязала сабе вочы і абвясціла сям’і, што часова страчваю зрок. Мой эксперымент праваліўся на 22-й мінуце. Сутыкнуўшыся колькі разоў то нагой, то плячом з мэбляю, не “ўпісаўшыся” з першага разу ў дзверы кухні, ледзь не выліўшы на стол усю чайную заварку, вырашыла памыць посуд. На 22-й мінуце памытая з цяжкасцямі талерка “размінулася” з паліцай і паляцела на падлогу – дзынь… Муж са словамі “Хопіць з нас тваіх эксперыментаў” зняў з маіх вачэй павязку.
Я ніколькі не сумнявалася, што сляпым ці слабабачачым цяжка справіцца з самай звычайнай работай па доме. Але толькі калі сама штучна зазірнула ў “цёмнае царства”, зразумела, як людзі з сур’ёзнымі зрокавымі праблемамі адчуваюць сваю фізічную абмежаванасць. Балюча. Страшна. Адчуваеш разгубленасць, бездапаможнасць. І гэта ў невялікім жылым памяшканні, дзе ведаю кожны сантыметр, размяшчэнне нават самых дробных прадметаў інтэр’еру! А што казаць пра інваліда, які аказваецца на шумнай гарадской вуліцы?! Як яму без старонняй дапамогі сесці ў патрэбны тралейбус? А схадзіць на канцэрт? А ў паліклініку?..
На нядаўняй прэс-канферэнцыі абласной арганізацыі БелТІЗ з нагоды падвядзення вынікаў месячніка “Чалавек з белай палкай” агучылі такія лічбы: у суполцы – больш за 3 тысячы чалавек з праблемамі зроку; штоквартальна ў вобласці да 100 чалавек атрымліваюць групу інваліднасці. Усяго на Брэстчыне каля 66 тысяч людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. І ўсім гэтым людзям патрэбны нармальныя ўмовы жыцця. Усім!
Так, ёсць дзяржаўная праграма па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. Ёсць комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011 – 2015 гады. Інваліды атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, іх забяспечваюць спецыяльнымі сродкамі, дапамагаюць у правядзенні культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў. БелТІЗ, напрыклад, мае свае прадпрыемствы ў Пінску, Брэсце і філіялы ў Баранавічах, Івацэвічах. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання працуюць аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Сацыяльная рэабілітацыя, навучанне, працаўладкаванне, медыцынскае абслугоўванне, безбар’ернае асяроддзе… Усё гэта важна для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, але найперш ім неабходна адчуць падтрымку тых, у каго добры зрок, рукі-ногі на месцы – нас, здаровых. А ці заўжды мы ім дапамагаем правільна?
У доме зрабілі пандус. Па абодва бакі прыступак ля ўваходу. З поручнямі, з правільным пакрыццём і патрэбным градусам нахілу. Усё выдатна, але… Перад уваходам стаялі дзве масіўныя вулічныя чашы-кветніцы. Дык вось іх пакінулі на ранейшым месцы. Якраз насупраць пандуса. Можа, нехта з тых, хто згаданы элемент безбар’ернага асяроддзя будаваў, рызыкне на эксперымент: сядзе ў інвалідную каляску, з’едзе па пандусе і паспрабуе размінуцца з кветнікамі?
У другім доме пафарбавалі прыступкі ў ярка-жоўты колер, каб слабабачачым быў арыенцір на лесвіцы. Калі падымацца знізу – усё бачна. Калі спускацца зверху – не. Край прыступак зверху ці то забылі пафарбаваць, ці то фарба скончылася. Ніхто не пракантраляваў?
У суседнім доме таксама пандус зрабілі. Тыдзень працавалі камунальнікі. Масіўная такая канструкцыя атрымалася. Яе прызначэнне, думалася мне, зразумелае ўсім. Ды вось толькі вадзіцелі, якія прыязджаюць у суседні магазін, упарта свае “колы” пакідаюць насупраць пандуса, ледзь не ў стык з ім. Чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі скарыстацца безбар’ерным прыстасаваннем не зможа.
Вось такія дробязі, недарэчнасці выклікаюць крыўду за нас, здаровых і дужых, якія часам ствараюць безбар’ернае асяроддзе па прынцыпе “цяп-ляп”. Няўжо так цяжка паставіць сябе на месца тых, хто саступае табе ў фізічных магчымасцях?
Сёння табе не важна, што бардзюр на пераходзе ўстаноўлены трошкі вышэй запраектаванай адзнакі, усяго на нейкі сантыметр-другі. А заўтра можа здарыцца няшчасце і ты на інваліднай калясцы не адолееш гэты сантыметр-другі…
Літаральна 28 лістапада ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні аблвыканкама напярэдадні Дня інваліда была яшчэ адна прэс-канферэнцыя. Назвалі лічбы, прыводзілі прыклады дзяржаўнай падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ды і самі інваліды з удзячнасцю гавораць пра тое, што робяць для іх улады, як дапамагаюць прадпрыемствы, арганізацыі. Яны адзначаюць: зрухі ў рэгіёне ёсць, але патрэбна і якасць таго, што робіцца для інвалідаў. Гэтыя людзі па-ранейшаму спадзяюцца, што, у рэшце рэшт, безбар’ернымі стануць стасункі ў грамадстве, прыйдзе эра сапраўднай і шчырай міласэрнасці.
Паспрабуйце часова пажыць без зроку, без руху, без слыху – можа, тады пранікнецеся хваляваннямі інвалідаў…
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.