Беларусь

Жанчыны Тадэвуша Касцюшкі


Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка пражыў дастаткова доўгае жыццё ў славе ды пашане і не развітаўся з імі нават пасля смерці. Аб ім пісалі і пішуць, яго асоба тоіць шматлікія загадкі. Старонкі біяграфіі носяць таямнічы ці легендарны характар. Асаблівую ролю ў яго жыцці адыгралі жанчыны, якія закранулі яго сэрца, зрабілі шчаслівым і разам з тым няшчасным.
ЛЮДВІКА САСНОЎСКАЯ
Гэта дачка гетмана польнага ВКЛ, гаспадара маёнтка ў Сасновіцах, што пад Люблінам. Ёй на той час было 19, Тадэвушу – 29. Людвіка для Касцюшкі стала на ўсё жыццё не толькі каханнем, а і падтрымкай, радасцю ды сумам.
Іх знаёмства адбылося яшчэ падчас вучобы ў Кадэцкім корпусе ў Варшаве. З Варшавы Касцюшка вярнуўся ў роднае гняздо ў Малыя Сяхновічы. Тут ён быў запрошаны хатнім настаўнікам да Людвікі і Кацярыны. Касцюшка пагадзіўся.
Хутка зразумеў, што закахаўся, але толькі праз паўгода прызнаўся ў каханні. Яна адказала яму ўзаемнасцю. Увесь вольны час Касцюшка праводзіў у сасновіцкім маёнтку: ператвараў занядбалы парк, запраектаваў і стварыў модную ў XVIII стагоддзі зялёную альтанку, дзе потым яны і сустракаліся. Узрушаны і акрылены Касцюшка папрасіў рукі Людвікі ў гетмана Сасноўскага і амаль не сумняваўся ў дазволе на шлюб. Але гетман вырашыў інакш. Ён выйграў у ваяводы кіеўскага князя Станіслава Любамірскага некалькі маёнткаў. Любамірскі ўгаварыў Сасноўскага на шлюб малодшага сына Юзафа з яго дачкой Людвікай. Вось такі быў торг. А Касцюшку было адмоўлена са словамі: “Галубкі не для вераб’ёў, а магнацкія дочкі не для бедных шляхцюкоў”.
Касцюшка і Людвіка рашылі тайком ажаніцца, збегчы і абвянчацца. Аб гэтым ён расказаў польскаму каралю Панятоўскаму, які стараўся адгаварыць ад такіх намераў. І, магчыма, выдаў тайну бацьку – гетману Сасноўскаму. Іх схапілі гайдукі і вярнулі Людвіку дамоў. А няшчасны Касцюшка ад суму і роспачы выехаў за мяжу. 9 гадоў змагаўся ў Амерыцы. Стаў вядомым, меў генеральскі чын, узнагароды, славу. І калі вярнуўся на радзіму, то Людвіка захацела аднавіць адносіны, нават прасіла аб месцы ў войску для свайго абранніка. Рэўнасць перашкодзіла гэта здзейсніць, Людвіка адмовілася ад такога намеру.
Прайшоў час, Людвіка не забыла Касцюшку і ў цяжкі момант употай ад каханага наладзіла яго кар’еру, зрабіўшы камандзірам брыгады праз караля Панятоўскага.  Напісала некалькі лістоў Касцюшку, яны былі пяшчотнымі і завяралі  ў каханні. Апошні ліст яна перадала сваім сынам. Касцюшка, як генерал, рашыў не ганьбіць імя сваёй каханай і спыніў перапіску.
Шляхі Тадэвуша і Людвікі перасякаліся не раз. Княгіня бывала ў сталіцы. А яшчэ раней яны ўбачыліся ў Варшаве ў адным з сеймавых салонаў і былі так узрушаны, што толькі глядзелі адзін на другога, а слоў не атрымалася. Бацька Людвікі вельмі баяўся, што цяпер Касцюшка можа яму адпомсціць за зламанае каханне. Але гордасць генерала не дазволіла так прынізіцца. Старэйшы сын Любамірскай не асуджаў сваю маці, а нават ганарыўся яе пачуццямі. А яна працягвала ўпотай кахаць і чакала цуд.
Ды лёс склаўся інакш: паўстанне Касцюшкі было жорстка раздаўлена, штабныя афіцэры трапілі ў палон. Раненага генерала павезлі ў Санкт-Пецярбург. Княгіня кінулася на сустрэчу. Папрасіла канвой спыніць карэту. Касцюшка не чуў яе ласкавых слоў, яе развітальных пацалункаў, ён быў непрытомны. Тры хвіліны для каханых прабеглі хутка. Больш яны ўжо не бачыліся.
Людвіка непакоілася аб тым, што ранены генерал пакутуе, а яна не можа яму дапамагчы. Цар Павел І паставіўся літасціва да героя, які быў усяго на 8 гадоў за яго старэйшы, падарыў сваю шпагу, даў лекара, 12 тысяч рублёў, карэту, сабаліную шубу і шапку, футравыя боты і бялізну. Імператрыца Марыя Фёдараўна падарыла набор камянёў з партрэтамі членаў царскай сям’і. І галоўнае – яму даравалася свабода. Касцюшка сабраўся і выехаў у Амерыку. Але ў яго было асабістае рашэнне –
ён хацеў вярнуцца ў Еўропу. Зблытаўшы планы агентаў, сеў на карабель і прыбыў у Францыю. Потым Касцюшка пераехаў на сталае жыхарства ў Швейцарыю, гарадок Салатурн.
Княгіня Людвіка становіцца ўдавой і спяшаецца да Касцюшкі, каб злучыць іх лёсы ў адзін. Але Богам не дадзена было здзейсніцца гэтым намерам: Касцюшка памірае пасля 10 гадзін вечара 15 кастрычніка 1817 г. Ён перажыў мужа каханай на два месяцы, а Людвіка перажыла каханага генерала на 20 гадоў, у яе былі дачка і 4 сыны, 6 унукаў. Стала вядомай пісьменніцай. Любіла слухаць паланэзы, ціха плакала, ва ўсіх гасцях бачыла свайго Тадэвуша.  Памерла ў 1834 годзе ў Роўна.
Якое вялікае каханне, які цудоўны дар любові…
ТЭКЛЯ ЖУРОЎСКАЯ
Яна ўвайшла ў сэрца Касцюшкі і надоўга там засталася, калі яму было 45, а ёй – усяго 17. У 1791 годзе Касцюшка апынуўся на Падоллі з дывізіяй у мястэчку Мяджыбаж. Яму імпанавалі нясмелыя позіркі, юныя ўсмешкі маладой дзяўчыны ў акне дома па суседстве. Сэрца яго білася хутчэй і мацней, цела налівалася маладосцю. У галаве мроіліся думкі аб каханні і сям’і.
Хоць  Касцюшка і быў ужо славутым і вядомым, але заставаўся бедным. Па гэтай прычыне яму адмовілі. Касцюшка не меў ні грошай, ні маёнтка, хоць і апрануты ў генеральскі мундзір, а пан харунжы Журоўскі Мацей сваю дачку выхаваў як сапраўдную польскую шляхцянку і бачыў яе шлюб толькі з багатым чалавекам. Маці Тэклі была на баку дачкі, але ж слову мужа не пярэчыла. Тэкля ў слязах была вывезена з мястэчка, дзе сям’я лячылася: маці – ад мігрэні, бацька – ад унутраных хвароб, Тэкля – ад болю ў грудзях. Боль у грудзях Тэкля прынесла і генералу, які мучыўся адзінотай і пачаў спадзявацца на асабістае шчасце.
Адмову ў шлюбе ён успрыняў як непазбежны ўдар лёсу. Касцюшка быў ва ўсім напорыстым, смелым, рашучым, толькі не ў душэўных справах. Двойчы (у чыне капітана і цяпер – генерала) атрымаў адмову на сямейнае шчасце.
ГАННА ЗАМОЙСКАЯ
Пазней яна, княгіня Сапега, магла стаць яго жонкай, тут ужо не было адмовы. Але Касцюшка жыў ва ўмовах канспірацыі, ім валодалі думкі аб краіне. І звязваць сябе з Ганнай не мог, бо даражыў яе каханнем. А шлюб лічыў немагчымым: перад ім, генералам, стаялі дзяржаўныя пытанні.
20-гадовая Ганна выйшла замуж за Аляксандра Сапегу, які потым сышоўся з французскай актрысай. Шлюб іх распаўся.
Ганна і Касцюшка былі блізкімі па духу, па ідэях і часта сустракаліся. Ганна праводзіла Касцюшку ў апошні шлях, потым замаўляла жалобную імшу ў кожную гадавіну яго смерці да апошняга дня свайго жыцця. Памерла ў 87 гадоў.
МАРЫЯ КАРЫНЬЯН

Марыю пазнаёміў з Касцюшкам пісьменнік Б. Малінары. Яна тады знаходзілася пры італьянскім двары, муж быў прыхільнікам французскай рэвалюцыі. Урад Італіі выгнаў яго і канфіскаваў усе маёнткі. Муж памірае, пакінуўшы Марыю з фінансавымі праблемамі. Яна забрала сына, дачку і пераехала ў Францыю. Паміж генералам і княгіняй вялася перапіска. Нават у лістах да знаёмых ён цікавіўся яе лёсам. Сын Марыі стаў каралём Сардзініі, дачка выйшла замуж за аўстрыйскага эрцгерцага Рэйнера.
Але злучыць сваё сэрца з сэрцам Марыі навек Касцюшку не давялося.
АНЖЭЛІКА ЦЭЛТНЕР
Касцюшка ў 57 гадоў жыў у Францыі пад Парыжам у сям’і Цэлтнера – свайго швейцарскага сябра. Ён быў моцна прывязаны да гаспадыні Анжэлікі, меў глыбокія пачуцці.
Перад смерцю Касцюшка сваё сэрца завяшчаў любімай хрэсніцы Тадэі Эміліі Цэлтнер. І калі Касцюшка памёр, то, як было завешчана, сэрца дасталі і доўгі час зберагалі ў сям’і Цэлтнераў, потым яны далі згоду на перавоз у Варшаву. Цела генерала, вядомага ва  ўсім свеце, бальзаміравалі і пахавалі ў Кракаве. Чаму сэрца ён падарыў? Ёсць меркаванне, што Тадэя – дачка Касцюшкі, малодшае дзіця Анжэлікі Цэлтнер.
ВІРЫДЗІЯНА РАДАЛІНСКАЯ
Іх сустрэчы былі сяброўскімі. Удваіх наведвалі рэзідэнцыю пасла ЗША ў Францыі. Вірыдзіяна захаплялася асобай Касцюшкі, была вельмі да яго прывязана. Развітанне з Касцюшкам перажывала балюча, а Касцюшка купіў букецік фіялак і ўручыў у апошнюю сустрэчу. Яго чакалі дзяржаўныя справы. Хутка Радалінская выйшла замуж і пакінула Парыж.

ГАННА МЫЦЕЛЬСКАЯ
Аб адносінах яе і Касцюшкі мала што вядома, але душу яго яна закранула.
Касцюшка любіў быць у акружэнні вясёлых, разумных жанчын з добрым, высакародным сэрцам. І не больш. Жанчыны ў жыцці Касцюшкі былі жаданымі і каханымі. Так склалася, што ўсе яны былі вядомымі і багатымі. Яны прынеслі Касцюшку радасць і смутак.
Вялікая Божая сіла дала Тадэвушу Касцюшку вялікім кубкам піць славу, вядомасць, ушанавала яго імя навекі.

“НА КРЫЛАХ КАХАННЯ” – аўтарскі праект Ніны ДЫДЫШКА

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля