Медыкам вобласці павысяць заробак
У сераду кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар на сустрэчы з галоўнымі ўрачамі ўстаноў аховы здароўя вобласці паведаміў аб рашэнні павялічыць фонд аплаты працы калектываў медыцынскіх работнікаў і іх тарыфныя аклады
Запатрабаванасць медыцынскіх паслуг заўсёды была надзвычай высокай. Здароўе – гэта тое, аб чым мараць усе, што абавязкова людзі жадаюць і сабе, і іншым, а забеспячэнне найлепшай работы сістэмы аховы здароўя з’яўляецца ў нашай краіне дзяржаўнай палітыкай. У чарговы раз аб гэтым старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар прыгадаў на сустрэчы з галоўнымі ўрачамі вобласці, якая прайшла ў Брэсцкай гарадской паліклініцы. “Мы гаворым сёння аб эфектыўнасці лячэння, аб максімальным выкарыстанні тых матэрыяльных сродкаў, якія маюць цяпер медыцынскія ўстановы вобласці”, –
падкрэсліў Канстанцін Андрэевіч.
Начальнік упраўлення аховы здароўя Святлана Крапівіна сказала: “Наша работа накіравана на захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва, забеспячэнне ўсіх яго слаёў даступнай і якаснай медыцынскай дапамогай з укараненнем сваіх метадаў дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, у тым ліку высокатэхналагічных”.
У вобласці паслядоўна рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на стварэнне аптымальных умоў для аказання якаснай медыцынскай дапамогі. Напрыклад, летась праводзілі будаўніцтва і рэканструкцыю шэрагу аб’ектаў, на што з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў было накіравана 226 мільярдаў рублёў. Уве-дзены ў строй лячэбны корпус на 120 ложкаў у абласной дзіцячай бальніцы, стаматалагічная паліклініка ў Кобрыне і новая паліклініка ў Ляхавічах, рэканструяваны Кобрынскі радзільны дом, аддзяленне экстранай кардыялогіі Брэсцкай гарадской бальніцы №1, кардыялагічнае аддзяленне абласнога кардыялагічнага дыспансера, першая чарга амбулаторна-паліклінічнага корпуса наркалагічнага аддзялення Пінскага наркалагічнага дыспансера, завершаны капітальныя рамонты Олтушскай участковай бальніцы ў Маларыцкім раёне, Тэльмаўскай амбулаторыі – у Брэсцкім і Стружскай –
у Столінскім раёнах. Вядуцца работы па будаўніцтве хірургічнага корпуса абласнога анкалагічнага дыспансера, блока “Б” і інфекцыйнага корпуса абласной бальніцы, гінекалагічнага –
Баранавіцкага радзільнага дома, рэканструкцыя будынкаў Камянецкай ЦРБ, Белаазёрскай гарадской бальніцы і іншых. Ва ўстановы аховы здароўя ў 2013 годзе накіравана з бюджэтаў, ад рэспубліканскага да мясцовых, медыцынскае абсталяванне на суму 158,3 мільярда рублёў. Усё гэта – вынік разумення ўладай неабходнасці забеспячэння стабільнай работы арганізацый аховы здароўя.
Відавочна, медыцына ў вобласці зна-ходзіцца на высокім тэхнічным узроўні. У нас выконваюцца высокатэхнала-
гічныя і складаныя аперацыі, право-дзяцца трансплантацыі органаў. Брэстчына мае лепшую ўкамплектаванасць кадрамі як па штатным раскладзе, так і па фізічных асобах у параўнанні нават са сталіцай. У рэгіёне 20 працэнтаў абласнога бюджэту накіроўваюць у медыцыну (летась – 3,7 трыльёна рублёў) –
а гэта, па словах губернатара, каля 40 працэнтаў усіх бюджэтных сродкаў, што выдаткоўваюць для сацыяльнай сферы. А цяпер яшчэ з’явілася магчымасць дапамагчы медыкам у павышэнні заработнай платы.
Кіраўнік вобласці паведаміў аб рашэнні аблвыканкама павысіць фонд аплаты працы калектывам медыцынскіх работнікаў. Ён падрасце на 4 працэнты для абласных устаноў аховы здароўя, якія адносяцца да трэцяга ўзроўню аказання медыцынскай дапамогі і з’яўляюцца найбольш сацыяльна значнымі па сваім эфекце (абласныя бальніцы, дыспансеры і інш.). Для міжраённага ўзроўню (Пінск, Баранавічы, Брэст) – на 2,5 працэнта, а для раённых устаноў аховы здароўя – на 2,2 працэнта. Такім чынам павялічваецца тарыфны аклад: у сярэднім на 24 працэнты для ўрачоў абласных медустаноў і на 11 – для сярэдняга медыцынскага персаналу. Для міжраённага звяна гэтыя лічбы складаюць адпаведна 11 і 7,5 працэнта, для ЦРБ – 11 і 6,5 працэнта. Але прынцып “усім пароўну” тут будзе парушаны. Зыходзячы з інтэнсіўнасці працы, узроўню кваліфікацыі, сацыяльнага эфекту, што атрымліваецца ад паслугі, якая аказваецца спецыялістам, іншых крытэрыяў індыкатараў якасці аказання медыцынскай дапамогі, кіраўніку даецца права прызначаць згаданае павышэнне самастойна.
“У кантрактах будзе вызначана працэнтная надбаўка да тарыфнага акладу”, –
патлумачыла Святлана Крапівіна. А Канстанцін Сумар запэўніў медыкаў: калі бюджэт зможа сабе дазволіць, дык лютаўскае павелічэнне тарыфнага акладу медработнікаў не будзе апошнім. Губернатар выказаўся таксама за пашырэнне экспарту медыцынскіх паслуг і развіццё платнай медыцыны, але толькі ў пэўных кірунках і па разумным кошце. А вось ідэя ўвесці плату за наведванне паліклінікі непрымальная, бо сацыяльную накіраванасць у гэтай сферы ніхто не адмяняў. “Калі ўжо ёсць патрэба паправіць фінансавы стан якой медустановы, дык можна ладзіць у ёй збор добраахвотных ахвяраванняў у спецыяльных месцах”, – прапанаваў кіраўнік вобласці.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.