Беларусь

Пра абавязак і гонар сапраўдных мужчын расказаў ваенкам Брэстчыны Яўген ЗАЙЦАЎ


Мы сустрэліся з ваенным камісарам Брэсцкай вобласці, начальнікам Брэсцкага гарнізона гвардыі палкоўнікам Яўгенам ЗАЙЦАВЫМ напярэдадні 23 лютага – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Выпускнік Харкаўскага вышэйшага ваеннага каманднага інжынернага вучылішча ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння імя маршала М.І. Крылова пачынаў служыць пад Пружанамі ў падраздзяленні, якое ўваходзіла ў склад расійскай арміі, а пасля абвяшчэння Беларусі бяз’ядзернай тэрыторыяй было выведзена з рэспублікі. Ракетчык Зайцаў звольніўся і падаў рапарт аб паступленні на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Узялі не адразу – у арміі тады ішло скарачэнне, быў няпросты час станаўлення Узброеных Сіл суверэннай Беларусі. Але афіцэр праявіў настойлівасць і вярнуўся ў строй. Праўда, давялося перакваліфікавацца ў артылерыста.
Менавіта гэтыя войскі сталі для Зайцава шчаслівымі. У гвардыі палкоўніка за плячыма – вопыт службы на розных пасадах у супрацьтанкавым артылерыйскім палку, у штабе ракетных войскаў і артылерыі Заходняга аператыўнага камандавання, дыплом з адзнакай Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, служба начальнікам штаба, а потым і камандзірам 111-й артылерыйскай брыгады. З лістапада 2012-га
Яўген Станіслававіч узначальвае абласны ваенны камісарыят. У яго кампетэнцыі – улікова-прызыўная і мабілізацыйная работа, арганізацыя тэрытарыяльнай абароны, вырашэнне пытанняў унутранай службы і забеспячэнне жыццядзейнасці Брэсцкага гарнізона. Кампетэнтны суразмоўца ў справах ваенных і не толькі, гвардыі палкоўнік ахвотна падзяліўся сваімі думкамі пра святочнае і будзённае.

ШКОЛА САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН

– У артыкуле 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана: “Абарона Айчыны – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. Дадам: гэта яшчэ і вялікі гонар – быць саўдзельнікам справы па-сапраўднаму ўсенароднай. Таму невыпадкова 23 лютага трансфармавалася са свята выключна Узброеных Сіл у Дзень абаронцаў Айчыны.
У сучаснай трактоўцы абаронца Айчыны – гэта патрыёт сваёй краіны, які працай, справамі ў любой сферы жыцця выконвае грамадзянскі абавязак, сумленна абараняе інтарэсы грамадства і сваёй сям’і. І гэта правільна, бо нельга клапаціцца пра нацыянальную бяспеку краіны і не думаць пра спакой, дабрабыт блізкіх табе людзей. Айчына – не абстрактнае паняцце. Сёння і тут яно мае канкрэтнае ўвасабленне – у родным горадзе ці вёсцы, у бацьках і дзецях, нарэшце, асабіста ў тваёй паспяховай будучыні. Калі чалавек разумее гэта, ён па-іншаму ставіцца і да воінскага абавязку, і да Радзімы, і да патрыятызму. Мы ўсе – абаронцы сваёй Айчыны.
Спакон веку ў любой краіне свету ваенная служба была справай сапраўдных мужчын. Такой і засталася. Больш за тое, стала асаблівым відам дзяржаўнай службы, таму дзяржава шмат робіць для павышэння яе прэстыжу. Напрыклад, забяспечваючы сацыяльную падтрымку ваеннаслужачых. Курсанты Ваеннай акадэміі, акрамя бясплатнага навучання, зараз атрымліваюць стыпендыю ад 1,7 мільёна рублёў і вышэй, маладыя афіцэры – гарантаванае месца працы, службовае жыллё, права на льготнае жыллёвае будаўніцтва… Для забеспячэння сучасных умоў жыцця салдат і службы афіцэраў выдаткоўваюцца вялікія грошы. І матэрыяльная база ўмацоўваецца. Сёння ў арміі можна атрымаць спецыяльнасць, запатрабаваную ў цывільным жыцці, але галоўнае – малады чалавек мацнее маральна і фізічна. Глядзіш на прызыўнікоў – такія нязграбныя хлопцы ў вайсковай амуніцыі. А праходзіць час – і амуніцыя да твару, і хлопцы ўзмужнелі. Яны пераасэнсоўваюць многія ранейшыя ўяўленні, светаўспрыманне сталее, адказнасць за словы і ўчынкі з’яўляецца. Калі выхоўваць пастаянна, штодзённа ў духу патрыятызму, звяртаць увагу байцоў на тое, што яны прыйшлі ў армію навучыцца абараняць Радзіму – а гэта значыць, і сваю радню – вынік будзе. Жыццё ў калектыве, дысцыпліна, баявая падрыхтоўка – у сукупнасці гэта змяняе чалавека да лепшага.
У арміі захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне айчынная культура, духоўныя ўяўленні пра доблесць і гонар, любоў да Радзімы, якая натхняе чалавека на абарону.
Так, “адкасіць” ад ваеннай службы можна, але ці па-мужчынску займаць пазіцыю “мая хата з краю”?! Студэнтаў палохаюць службай у арміі, у інтэрнэце лёгка знойдзеш выказванні пра нежаданне служыць. А мне вядомы іншыя прыклады, калі прыходзяць бацькі і просяць узяць сына на службу, самі хлопцы звяртаюцца з просьбай паўторна прайсці медкамісію ў надзеі, што першапачатковы вердыкт будзе зменены і яны трапяць у армію. Адназначна, большасць прызыўнікоў правільна разумеюць воінскі абавязак і для іх служыць Радзіме, абараняць яе – гонар, якім яны даражаць.

СУВЯЗЬ ПАКАЛЕННЯЎ

– Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь сёлета 96 год.  Гэта шлях мужнасці, гераізму. Мы даражым сваёй ваеннай гісторыяй і мацуем сувязь пакаленняў. У складзе Брэсцкага гарнізона – злучэнні і воінскія часці, якія прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны. Традыцыі воінаў-франтавікоў жывуць і прымнажаюцца. Вялікую дапамогу ў патрыятычным выхаванні дапрызыўнай моладзі, прызыўнікоў і салдат аказваюць абласная суполка грамадскага аб’яднання ветэранаў на чале са Сцяпанам Піліпавічам Амялюсікам, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў палкоўнік у адстаўцы Леанід Аляксандравіч Някрасаў і яго калегі.
Абараняць Айчыну павінна быць гатова не толькі армія, але і воіны запасу. Якасць нашых мабілізацыйных рэсурсаў яскрава паказалі нядаўнія вучэнні “Захад – 2013”. Быў сфарміраваны батальён тэрытарыяльнай абароны Брэсцкага раёна і штаб тэрытарыяльнай абароны Брэста. Людзі ўспомнілі тое, чаму іх вучылі ў арміі, хутка аднавілі навыкі і справіліся з пастаўленымі задачамі. Ваенныя зборы – яшчэ адна форма сувязі пакаленняў, калі адзінства арміі і народа знаходзіць пацвярджэнне ў агульнай справе.
Рашэнне стаць афіцэрам я прыняў у класе 8-ым. У школе (родам я з Мсціслаўля) адбіралі лепшых вучняў, актывістаў для Вахты Памяці. Яе мы стаялі ў Магілёве ля манумента “Радзіма-маці”. Якраз перад 23 лютага. Зіма была, памятаю, марозная. Нам выдалі форменную вопратку, каракулевыя шапкі. Памятаю і зараз хваляванне і адначасова гордасць, а яшчэ адчуванне: я абараняю Айчыну! Пасля таго тыдня “загарэўся” пайсці ў вайскоўцы. Разам з сябрам падаліся ў Харкаў, бо яго брат вучыўся на інжынера-ракетчыка.
Ужо на службе не раз сутыкаўся з дзейнасцю сувязі пакаленняў. Артылерыйскай навуцы на Пружаншчыне мяне вучыў камандзір супрацьтанкавага артылерыйскага палка палкоўнік Мікалай Мікалаевіч Гарнастай. Праз колькі год я потым вярнуўся да яго ўжо ў Брэст начальнікам штаба 111-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, якую мне пад камандаванне Мікалай Мікалаевіч перадаў, калі пайшоў у адстаўку. Мяне вучылі баявыя афіцэры, якія прайшлі Афган. І гэта таксама была сувязь пакаленняў, што дадавала сілы маёй армейскай навуцы.

СВЯТОЧНЫ ТЫДЗЕНЬ

– Гэта сямідзёнка ў нас насычаная і мемарыяльнымі, і святочнымі, і ўрачыстымі мерапрыемствамі. Яно і правільна – абаронцы Айчыны права на свята атрымалі. Вось 20 лютага ўпершыню сумесна з абласной філармоніяй ладзілі “Афіцэрскі баль”. Выступаў аркестр Брэсцкай ваеннай камендатуры. Афіцэры з жонкамі спецыяльна вучыліся танцаваць мазурку, паланэз, вальс. Атрымалі велізарнае эстэтычнае задавальненне. А ў пятніцу, 21 лютага, у абласным грамадска-культурным цэнтры з удзелам кіраўніцтва вобласці і горада пройдзе ўшанаванне ветэранаў Узброеных Сіл, лепшых афіцэраў часцей Брэсцкага гарнізона. Да свята прымеркаваны і спецыяльны прыём старшыні аблвыканкама.
Зноў жа ў АГКЦ у суботу адбудзецца мерапрыемства па прафесійнай арыентацыі для школьнікаў. У праграме – выстава зброі, прэзентацыі воінскіх часцей, сустрэча з выкладчыкамі і курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. А 23 лютага пройдуць урачыстасці на плошчы Свабоды і ў Брэсцкай крэпасці – мы абавязкова аддаём даніну павагі і ўшаноўваем памяць абаронцаў Айчыны, якія загінулі, змагаючыся за незалежнасць нашага краю.
Віншую ветэранаў, афіцэраў, салдат, усіх жыхароў Берасцейшчыны са святам. Беларусь можа разлічваць на нас. Здароўя і дабрабыту, поспехаў у ратнай справе вам, абаронцы Айчыны!
Запісала
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля