СЕЛЬСКІЯ ШКОЛЫ НІ Ў ЧЫМ НЕ ЎСТУПАЮЦЬ ГАРАДСКІМ: журналістка “НТ” наведала Парахонскую сярэднюю школу

СЕЛЬСКІЯ ШКОЛЫ НІ Ў ЧЫМ НЕ ЎСТУПАЮЦЬ ГАРАДСКІМ: журналістка “НТ” наведала Парахонскую сярэднюю школу

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Вучыць і выхоўваць
Гэтымі двума напрамкамі вызначаюць, але не абмяжоўваюць дзейнасць сваёй установы настаўнікі і вучні Парахонскай сярэдняй школы
Ідзём з начальнікам аддзела адукацыі Пінскага райвыканкама Валянцінай Бягебай па школьным калідоры. Сучасныя вокны, стыльныя дзверы ў кабінеты, акуратна пафарбаваныя сцены. У некаторыя класы дзверы адчынены, таму відаць новая прыгожая мэбля, кветкі ў вазонах, акуратныя стэнды. Лаўлю сябе на думцы: “Нічога сабе – сельская школка!..” Нібы здагадаўшыся аб не выказаным услых назіранні, дырэктар Парахонскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Таццяна Мурашкевіч гаворыць: “Дзякуючы таму, што ў Парахонску стварылі аграгарадок, школа нібыта нанова нарадзілася: больш за чатыры мільярды рублёў уклалі ў рамонт, але цяпер і дарослыя, і дзеці дасягнутаму выніку радуюцца”.
Ды якімі б цудоўнымі ні былі сцены, жыццё ў будынку ствараюць не яны, а людзі. Як высветлілася, у парахонскіх школьнікаў жыццё цікавае і актыўнае, і званком з апошняга школьнага ўрока яно не абмяжоўваецца. Так, малодшыя  з задавальненнем наведваюць групу падоўжанага дня. Пакуль бацькі працуюць, малыя паспяваюць падрыхтаваць дамашняе заданне і пагуляць – цацак, розных развіваючых гульняў у школе дастаткова. Аматары народных традыцый спяшаюцца да Валянціны Караткевіч, якая вядзе заняткі ў фальклорным калектыве “Крынічка”. Дзеці развучваюць песні, танцы сваіх бабуль і дзядуль, вывучаюць абрады продкаў. Сваё майстэрства юныя фалькларысты дэманструюць не толькі на мясцовых святах. Да ліку апошніх поспехаў калектыву смела можна аднесці выхад у заключны этап абласнога дзіцяча-маладзёжнага фестывалю “Радавод”. А ў гуртку “Крэатыўнае рукадзелле” пад кіраўніцтвам Валянціны Шпакоўскай школьнікі і модныя строі прыдумваюць ды самі шыюць, і мяккія цацкі вырабляюць, і вышываюць, і з бісеру плятуць – вось такая шматпрофільная творчасць. Ствараць арыгінальныя вырабы сваімі рукамі дапамагае фантазія, якая, як вядома, асабліва багатая ў дзяцей і падлеткаў.
А вось ад удзельнікаў гуртка юных пажарных-выратавальнікаў не фантазія патрабуецца – дакладнасць, засяроджанасць, добрая фізічная падрыхтоўка. Вучні ў гэтым гуртку не толькі засвойваюць правілы бяспекі жыццядзейнасці, рыхтуюцца да спаборніцтваў па пажарна-прыкладным спорце, але і загартоўваюць характар, выхоўваюць сілу волі.
Без гэтых якасцей не абысціся і юным спартсменам. Да іх паслуг – выдатная футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём. Больш за 140 чалавек наведваюць секцыі па футболе, валейболе, лёгкай атлетыцы. Чаго варты адзін толькі папулярны “Турнір трох”, які збірае аматараў вясёлых спартыўных эстафет і балельшчыкаў розных узростаў! Традыцыйна ў турніры спаборнічаюць каманды 11 класа, бацькоў і настаўнікаў. “Паверце, там запал спартыўнай барацьбы не саступае алімпійскім хваляванням”, – запэўнівае Таццяна Іванаўна.
Трэба сказаць, што Парахонская школа ўмее сябраваць з рознымі ўстановамі. Напрыклад, з мясцовай школай мастацтваў. Тутэйшыя дзеці выступаюць у духавым аркестры, узорным ансамблі народнай песні і музыкі “Красачкі”, ансамблях скрыпачоў, баяністаў  і акардэаністаў, вакальна-інструментальным ансамблі. Настаўнікі заўважылі, што школьнікі, дакранаючыся да свету цудоўнага, прывучаюцца быць пунктуальнымі, адказнымі, упэўненымі. Дзеці з задавальненнем наведваюць гурткі і школу народнай творчасці ў цэнтры вольнага часу і культуры.
Школу ў яе пачынаннях падтрымліваюць і старшыня Парахонскага сельвыканкама Васіль Кацуба, і дырэктары адкрытых акцыянерных таварыстваў “Парахонскае” Уладзімір Храленка і “Беларускія журавіны” Васіль Лягускі. Сельскія школьнікі адчуваюць сябе ўпэўнена і ў новенькім камп’ютарным класе, і на палетках мясцовай гаспадаркі, і на сцэне, таму што дарослыя ставяцца да іх як да сяброў. А давер старэйшых дарагога каштуе.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пінскі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Якасць, якая залежыць ад нас

Следующая запись

“НТ” і Юрый ПАТАЛКОЎ прэзентуюць кнігу Івана ЖЫТКО “СМЕХ СМЕХАМ”