Якасць, якая залежыць ад нас
Бескантрольнасць і непатрабавальнасць перашкаджаюць дабівацца больш важкіх вынікаў
16 мая на чарговым пасяджэнні аблвыканкама былі разгледжаны чатыры пытанні. Пры абмеркаванні двух з іх – аб рабоце праектных арганізацый вобласці па паляпшэнні якасці праектна-каштарыснай дакументацыі, паніжэнні кошту праектных работ і мерах па павелічэнні таварнасці малака і аб’ёмаў вытворчасці малака гатунку “Экстра” – асабліва востра з боку кіраўніцтва вобласці рабіўся акцэнт на якасць, на тыя паказчыкі, якія цалкам у руках нашых працоўных калектываў. Сур’ёзных падыходаў патрабуе і выкананне рашэння, прынятага па інвестыцыйнай дзейнасці і ходзе рэалізацыі інвестыцыйных і інавацыйных праектаў у Брэсцкай вобласці. Апошняе пытанне парадку дня пасяджэння тычылася падтрымання парадку ўздоўж аўтамабільных дарог і чыгуначных пуцей – рашэнне аблвыканкама вызначыла адказных за навядзенне належнага санітарнага парадку на вышэйзгаданых тэрыторыях.
Перш чым даць слова намесніку старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Аляксандру Вайтэнку, кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар заўважыў, што разгляд пытання аб рабоце праектных арганізацый вядзецца невыпадкова. “Бо на працягу апошніх гадоў чуем шмат нараканняў ад заказчыкаў, старшынь гаррайвыканкамаў на нясвоечасовае выкананне праектна-каштарыснай дакументацыі, – удакладніў Канстанцін Андрэевіч. – Назбіралася нямала пытанняў і па ўхіленні заўваг будэкспертызы. Таму варта ў комплексе абмеркаваць гэты аспект, каб падобных недахопаў у рабоце праектных арганізацый больш не назіралася”.
Гаворачы аб вялікім патэнцыяле праектных арганізацый, Аляксандр Вайтэнка назваў шэраг аб’ектаў, якія выклікаюць захапленне і брастаўчан, і гасцей. Сярод іх – здадзены летась Палац водных відаў спорту, раней пабудаваныя “Вікторыя”, лядовая арэна, вуліца Савецкая ў абласным цэнтры, бальніца ў Лунінцы, плошча і гасцініца ў Маларыце, вуліца Суворава ў Кобрыне…
Распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі займаецца 52 арганізацыі з колькасцю работнікаў звыш 20 чалавек, а яшчэ – 1532 больш дробных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Выступоўца вылучыў пяць асноўных праектных арганізацый – ААТ “Брэстпраект”, УП “Брэстбудпраект”, ААТ “Брэстжылпраект”, УП “Брэсткамунпраект” і УКП “Брэстдарпраект”. Летась яны выканалі работ на 80 мільярдаў рублёў. Да таго ж, практычна ўсе буйныя будаўнічыя прадпрыемствы маюць уласныя праектныя арганізацыі, якія, як правіла, працуюць па іх заказах. Таму пацвярджэнне – прыклад “Брэстжылбуда”: прадпрыемства аказвае поўны спектр паслуг у будаўніцтве, пачынаючы з падрыхтоўкі зыходных дадзеных на праектаванне і заканчваючы здачай аб’екта “пад ключ”.
Вядома ж, маецца шэраг праблем, якія не замоўчваюцца. І адна з іх – неабходнасць паніжэння кошту праектавання, на што неаднаразова ўказваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Для таго, каб уплываць на якасць праектна-каштарыснай дакументацыі, у вобласці створаны каардынацыйны тэхнічны савет па пытаннях будаўніцтва, у цэнтры ўвагі якога – паляпшэнне праектавання і будаўніцтва аб’ектаў, прымяненне новых канструктыўных рашэнняў, матэрыялаў і тэхналогій. Напрыканцы свайго выступлення Аляксандр Вайтэнка слушна зазначыў: толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць станоўчых вынікаў, а значыць – і якасці. З гэтым згадзіўся і губернатар, але ў яго было шмат пытанняў наконт работы праектных арганізацый – у тым ліку па пераходзе на больш высокатэхналагічныя і эканамічныя метады будаўніцтва, тэрмінах падрыхтоўкі дакументацыі, кошце і якасці праектных рашэнняў. Насцярожваюць факты, калі адна праектная арганізацыя выстаўляе за свае паслугі 60 мільёнаў, а другая за тую ж работу – удвая менш…
Былі заслуханы кіраўнікі ААТ “Брэстпраект”, КУП “Брэсцкае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва”, ДУП “Дзяржбудэкспертыза па Брэсцкай вобласці”. У кожнага – свае тлумачэнні, фармальна ўсе мелі рацыю, ды, на думку Канстанціна Сумара, ёсць тут дзе “разграбаць завалы” – таму цераз паўгода абласны выканаўчы камітэт у плане кантролю ізноў вернецца да гэтай тэмы. “Любая работа павінна мець лагічнае завяршэнне”, – падагульніў губернатар.
Аб мерах па павелічэнні таварнасці малака і аб’ёмаў яго вытворчасці гатункам “Экстра” далажыў начальнік аблсельгасхарчу Сцяпан Радкавец. Як сказаў ён, таварнасць малака – інтэграваны вынік работы ўсёй галіны. А за прайшоўшыя 4 месяцы яна склала 85,1 працэнта (да ўзроўню мінулага года павялічылася на 0,8 працэнта). Самая высокая таварнасць малака – у Іванаўскім, Івацэвіцкім і Маларыцкім раёнах, найменшая – у Кобрынскім, нізкай застаецца ў Столінскім, Ганцавіцкім, Лунінецкім і Пінскім рэгіёнах.
Адносна вытворчасці малака гатунку “Экстра” выступоўца адзначыў, што з пачатку года прасочваецца яго павелічэнне на 12 працэнтаў да ўзроўню 2010 года. Да таго ж, на 30 працэнтаў паменшылася агульная колькасць вяртання малака з перапрацоўчых прадпрыемстваў, а па прычыне ўтрымання ў ім антыбіётыкаў – на 42.
Па словах Сцяпана Радкаўца, больш за ўсіх малака класа “Экстра” атрымана ў Пружанскім і Іванаўскім раёнах (адпаведна 33,3 працэнта і 32), таксама на Піншчыне і Маларытчыне. І наадварот – засмучаюць нізкія паказчыкі ў Драгічынскім, Столінскім, Ганцавіцкім, Лунінецкім, Камянецкім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнах, у гаспадарках якіх рэалізацыя на перапрацоўку малака гатунку “Экстра” не перавышае 12 працэнтаў. Выклікае здзіўленне, што такое малако не паступала з гаспадарак, якія маюць сучасныя даільныя залы – а значыць, усе ўмовы для вытворчасці высакаякаснай прадукцыі. Гэта тычыцца СВК “Бездзеж-Агра” і ДУСП “Племзавод “Заказельскі” Драгічынскага раёна, СВК “Квасевічы” і “Любішчыцы” Івацэвіцкага, СВК “Пакроўскі” Кобрынскага і СВК “Відзіборскі”, што на Століншчыне…
Па меркаванні Сцяпана Радкаўца, толькі сумесная мэтанакіраваная работа вытворцаў малака і перапрацоўшчыкаў прынясе плён у нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці. А намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі не без падстаў зазначыў, што вялікіх праблем вырабляць якаснае малако няма, тым больш цяпер, на свежым паветры. Але найперш у людзей павінна з’явіцца жаданне да гэтага. “Галоўныя прычыны – бескантрольнасць і непатрабавальнасць, – лічыць старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Толькі ад нас залежыць не спусціць гэтае пытанне на тармазах”, – упэўнены ён. Малако першага і другога гатункаў замест вышэйшага і класа “Экстра” – гэта згубленая прадукцыя, мільёны недаатрыманых грошай гаспадаркамі вобласці. Таму стан спраў па вытворчасці малака будзе аналізавацца штомесяц – каб не губляць там, дзе можна мець добры прыбытак.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.