14 снежня ў Брэсце завяршыўся Тыдзень французскага кіно
Своеасаблівае маленькае акно ў Парыж, якое выпадкова знайшлі галоўныя героі аднайменнай савецкай камедыі, прачынілася і для жыхароў горада на Бугам. Можа, нават і не ў Парыж, а ў Марсэль ці Ліль… Варыянтаў, насамрэч, шмат, аднак сэнс ад іх чаргавання не зменіцца. Прынамсі, менавіта такую мэту – непрадузята зірнуць на сучасную Францыю і пазнаёміць бліжэй з яе культурай і гісторыяй – паставілі перад сабой арганізатары Тыдня французскага кіно ў Брэсце, які доўжыўся з 10 па 14 снежня.
Дні франкафоннага кіно даўно сталі традыцыйнымі для абласнога цэнтра. Упершыню па сумеснай ініцыятыве Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і КУП “Брэстаблкінавідэапракат” яны прайшлі ў 2003 годзе. Сёлетняя праграма ўключыла ў сябе пяць стужак: паказаны на цырымоніі адкрыцця анімацыйны фільм “Жыццё ката”, “Сэрца звера”, “Свабода-Алерон”, “Сховішча” і “Прыгожая назола”. Дарэчы, менавіта апошняя стужка завяршыла французскі кінамарафон. Кінакарціны дэманстраваліся на мове арыгіналу, а сеансы праходзілі ў праглядальнай зале кінатэатра “Беларусь”.
– Зараз у Францыі вельмі жывы кінематограф, ёсць шмат цікавых маладых рэжысёраў, – адзначыла падчас адкрыцця мерапрыемства Клер Эліз Юбер, намеснік першага саветніка па супрацоўніцтве і культуры Пасольства Францыі ў Беларусі, а таксама аташэ па супрацоўніцтве ў галіне французскай мовы. – Фільмы, паказаныя сёлета ў Брэсце, задаволяць любы густ. Кожны глядач, ад самага маленькага да дарослага, знойдзе ў іх нешта сваё. Гэта цудоўная магчымасць адкрыць сваю Францыю з яе неверагоднай рамантыкай і меладычнасцю.
Зрэшты, мову Напалеона, Аляксандра Дзюма і Эдзіт Піяф разумеюць у многіх краінах свету, ёсць школы і ў абласным цэнтры, дзе вывучаюць яе. А добрае французскае кіно ведаюць і любяць не толькі на Брэстчыне, чаго не скажаш, напрыклад, пра наш нацыянальны сінематограф. Спадарыня Клер Эліз Юбер прызналася: на яе радзіме ў беларускіх стужак няшмат прыхільнікаў. Ды так адбываецца, патлумачыла аташэ, хутчэй з-за недахопу інфармацыі, таму крыўдзіцца на французаў не варта. Тым больш, што творчасць суседзяў-расіян там, як высветлілася, таксама не надта папулярная, за выключэннем, хіба што, Мікіты Міхалкова. Але разважанні на гэты конт пакінем да наступнага разу.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.