Адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў

Адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Беларусь у 2010 годзе чакае важная грамадска-палітычная падзея – выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. У час іх правядзення стане ясна, як працуе большасць навінак, унесеных у выбарчае заканадаўства краіны. Па сутнасці, пройдуць “абкатку” новыя выбарчыя тэхналогіі, якія пазней будуць выкарыстаны на прэзідэнцкіх выбарах. Пра падрабязнасці маючай адбыцца выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай ЛАЗАВІК.
– Выбарчае закана-даўства Беларусі істотна змянілася. Якія з новаўвядзенняў будуць апрабаваны ўжо ў час кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў?
– Пасля выдання ўказа аб назначэнні даты выбараў пачнецца фарміраванне выбарчых камісій. Ужо на гэтым этапе будуць упершыню прыменены на практыцы абноўленыя артыкулы выбарчага заканадаўства. Згодна з новаўвядзеннямі выбарчыя камісіі павінны будуць складаць адну трэць з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Пры гэтым для іх прадугледжана палегчаная працэдура накіравання сваіх прадстаўнікоў у камісіі. У прыватнасці, не патрабуецца, як раней, каб у партый у акрузе былі ніжэйстаячыя арганізацыйныя структуры.
Мяркуецца, што ў камісіях, сфарміраваных па змененым заканадаўстве, значна знізіцца ўплыў мясцовых адміністрацый. У новай рэдакцыі Выбарчага кодэкса ёсць нават дакладная забарона на ўключэнне ў склад камісій прадстаўнікоў некаторых прафесій. Напрыклад, у іх не могуць уваходзіць старшыні выканкамаў, пракурорскія работнікі, суддзі. На месцы старшыні камісіі не павінны аказацца муж з жонкай ці блізкія сваякі кандыдатаў у дэпутаты. У законе ёсць яшчэ і такая агаворка: сярод членаў камісій павінна быць не больш за адну трэць работнікаў дзяржорганаў ці дзяржслужачых.
Калі камісіі будуць сфарміраваны, пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Умовы вылучэння засталіся ранейшымі для прадстаўнікоў ад працоўных калектываў. А для членаў палітычных партый яны істотна змяніліся. Некаторыя палажэнні Выбарчага заканадаўства значна аблягчаюць дзейнасць партый па вылучэнні кандыдатаў. Напрыклад, раней патрабавалася, каб у акрузе, дзе вылучаецца кандыдат  у дэпутаты, абавязкова была ніжэйстаячая партыйная структура. Зараз гэтае абмежаванне знята.
Часта партыйныя кандыдаты выкарыстоўваюць такую форму вылучэння, як збор подпісаў. Яна таксама стане значна прасцей. У прыватнасці, больш не патрабуецца засведчваць подпіс члена ініцыятыўнай групы ў выканкаме. Ён зможа самастойна засведчыць падпісны ліст і здаць яго ў выбарчую камісію з поўнай адказнасцю за дакладнасць усіх звестак, якія ўнесены ў дакумент. Акрамя таго, зменены тэхнічныя патрабаванні, што тычацца граніц, у рамках якіх дазваляецца збіраць подпісы. Гэта можна рабіць у любым горадзе, раёне ў межах адной выбарчай акругі. У Цэнтр-выбаркаме ўпэўнены, што ўсё гэта будзе садзейнічаць зніжэнню колькасці тэхнічных памылак, з-за якіх раней значная частка подпісаў і цэлыя падпісныя лісты прызнаваліся несапраўднымі.
Многа новых запісаў у заканадаўстве тычыцца рэгістрацыі кандыдатаў. Адзін з важнейшых гаворыць: у рэгістрацыі можа быць адмоўлена, калі ў дакументах, якія прад’явіў кандыдат, выяўлены істотныя памылкі і недакладнасці. Гэта мае вялікае значэнне. З практыкі правядзення папярэдніх выбарчых кампаній вядомы выпадкі, калі кандыдата не рэгістравалі з-за недакладнасцей у анкетных даных, дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Часам было бачна, што памылка не наўмысная і істотна не ўплывае на характарыстыку дэпутата. Тым не менш юрыдычныя падставы для адмовы ў камісій былі, і часам яны гэтым карысталіся. Цяпер, кіруючыся новай нормай Выбарчага кодэкса, камісія, хутчэй за ўсё, палічыць падобную памылку неістотнай, і яна не стане прычынай адмовы ў рэгістрацыі.
На маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы кандыдаты змогуць больш актыўна весці агітацыйную кампанію, упершыню выкарыстоўваючы метады і формы, дадзеныя новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса. Напрыклад, спрошчаны парадак атрымання памяшканняў для правя-дзення перадвыбарных сустрэч. Будзе дзейнічаць не дазвольны, а заяўны прынцып. Арганізатарам дастаткова будзе паведаміць мясцовым уладам аб даце і часе сустрэчы, а не пытаць дазволу, як раней. Адзіны выпадак, калі магчыма ўмяшанне выканкамаў, – калі ў некалькіх кандыдатаў супадаюць месца і час сустрэчы з выбаршчыкамі. Падобны прынцып будзе дзейнічаць пры арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў – мясцовыя ўлады вызначаць месцы, дзе іх нельга арганізоўваць.
Галасаванне на гэтых выбарах будзе праходзіць, як і раней. Каб стварыць найбольш зручныя ўмовы і роўныя магчымасці для выбаршчыкаў, віды галасавання засталіся ранейшымі: датэрміновае (за 5 дзён да выбараў), па месцазнаходжанні (дома, па месцы работы) і на выбарчым участку ў дзень выбараў. Аднак устаноўлена больш жорсткая рэгламентацыя правядзення датэрміновага галасавання. Спачатку урна павінна быць апячатана ў прысутнасці не менш за дзве трэціх складу ўчастковай выбарчай камісіі (раней было дастаткова двух членаў камісіі). Пасля завяршэння кожнага дня датэрміновага галасавання старшыня камісіі павінен заклеіць прарэз у скрыні для галасавання аркушам паперы, на якім будзе стаяць подпіс старшыні і члена камісіі. Кожны дзень на ўчастку будуць вывешваць пратакол аб колькасці бюлетэняў: атрыманых, выдадзеных і датэрмінова прагаласаваўшых.
– Упершыню адменены парог яўкі на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, і будзе лічыцца, што яны адбыліся, нават калі прагаласуе хоць адзін чалавек. Якімі вынікамі гэта можа абярнуцца для аўтарытэта народных выбраннікаў, атрымаўшых дэпутацкі мандат на выбарах, якія часта праходзяць безальтэрнатыўна і пры нізкай яўцы?
– Адмена парога яўкі на выбарах у мясцовыя Саветы – гэта, перш за ўсё, істотная ўступка для арганізатараў, асабліва ў буйных гарадах. Мясцовым уладам і выбаркамам даводзілася траціць нямала намаганняў для прыцягнення на ўчасткі неабходнай колькасці выбаршчыкаў. Зараз тыя, каму абыякава, хто будзе ў Савеце, могуць і не ісці на выбары. Варта толькі ўсвядоміць: калі ты не прыйшоў на выбары, дэпутатаў усё роўна выберуць, але без уліку твайго меркавання.
Іншага шляху для фармі-равання прадстаўнічай улады, акрамя як на выбарах – няма і быць не можа. Мясцовыя Саветы дэпутатаў абавязкова выбірае насельніцтва. Бо ў іх дзве важнейшыя функцыі, якія, па сутнасці, вызначаюць усю дзейнасць адміністрацыі раёна, горада ці вобласці. Гэта зацвярджэнне плана сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту рэгіёну на год. Ад гэтых двух дакументаў у многім залежыць развіццё адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
– Вырашэнню якіх канкрэтных праблем грамадзян могуць садзейнічаць дэпутаты мясцовых Саветаў?
– Яны прымаюць рашэнне па двух асноўных пытаннях: аб плане сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэце рэгіёну. Але гэтыя пытанні настолькі глабальныя, што ахопліваюць практычна ўсе сферы жыцця любой адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Таму можна сказаць, што дэпутаты мясцовых Саветаў маюць дачыненне да ўсіх бакоў жыцця сваіх выбаршчыкаў.
– Калі роля дэпутата настолькі важная і ганаровая, чаму выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў часта праходзяць на безальтэрнатыўнай аснове?
– Звычайна так бывае на выбарах у сельскія і пасялковыя Саветы. Сапраўды, на гэтым узроўні зацікаўленасць у людзей быць выбранымі нізкая. Прычына, мабыць, – у адсутнасці матывацыі. У савецкі час для дэпутатаў мясцовых Саветаў былі нейкія льготы, хоць бы бясплатны праезд па тэрыторыі акругі, а сёння дэпутат асаблівых прэферэнцый не мае. Акрамя таго, сельсавет мае даволі мізэрныя матэрыяльныя рэсурсы і, па сутнасці, магчымасці дэпутатаў абмежаваныя. Хоць апошнім часам у асобных прыгарадных сельсаветах разгараецца сапраўдная барацьба за дэпутацкія мандаты. Тут рэальная ўлада, і матывацыя для дэпутатаў істотная.
Па меры росту ўзроўню Саветаў павышаецца і канкурэнцыя на дэпутацкае крэсла. Магчыма, спрацоўвае маральны фактар, бо дэпутаты ў гарадах, абласцях прымаюць больш важкія рашэнні, у іх больш магчымасцей паўплываць на сацыяльна-эканамічную сітуацыю. У абласны Савет, напрыклад, стараюцца трапіць кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, размешчаных у рэгіёне, каб, стаўшы дэпутатам, прадугледзець прэферэнцыі для свайго населенага пункта, прадпрыемства. Для многіх работа ў мясцовых Саветах з’яўляецца стартавай пляцоўкай для далейшага выбрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
– Чаму Беларусь не запрашае міжнародных назіральнікаў на выбары ў мясцовыя Саветы?
– Такая міжнародная практыка. Нашу краіну таксама ні адна дзяржава ніколі не запрашала на выбары ў мясцовыя дэпутацкія Саветы. Да таго ж запрасіць назіральнікаў – гэта не проста даслаць запрашэнне, неабходна прыкласці арганізацыйныя намаганні, каб забяспечыць умовы іх работы. Быць першапраходцам іншы раз ганарова і прыемна, але ў выпадку з мясцовымі выбарамі, мяркую, нам не варта адыходзіць ад міжнародных стандартаў.
Кацярына НЯЧАЕВА,
БЕЛТА.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Старт для новай пяцігодкі

Следующая запись

Знайшлі “цэх” па вытворчасці фальшывых купюр