Старт для новай пяцігодкі
“Яны напружаныя, але па сілах, – зазначыў кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар, адкрываючы 18 студзеня чарговае пасяджэнне аблвыканкама. – І, акрамя нас, гэтыя задачы эканамічнага плана ніхто не вырашыць…” Пытанне “Аб выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці ў 2009 годзе” ён прапанаваў разгледзець на параўнальным аналізе з 1990 годам і ацэньваць зробленае цераз прызму выканання пяцігодкі, завяршаючым годам якой з’яўляецца 2010-ы. Хоць за прайшоўшыя чатыры гады “правальвання не назіралася”, але, на думку Канстанціна Андрэевіча, па экспартных пастаўках неабходна навярстаць упушчанае летась, а па таварах народнага спажывання выйсці на аб’ёмы 2008 года. Трэба сур’ёзна падумаць над тым, як дасягнуць 500-доларавага эквіваленту зарплаты. Гэта ж магчыма ажыццявіць – толькі будуючы моцную эканоміку, развіваючы тавараабарот…
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук, а таксама намеснікі губернатара Якаў Бухавецкі, Мікалай Крывецкі і Віктар Сакоўскі – кожны па напрамках, якія курыруюць, – далажылі аб рабоце ў мінулым годзе. У прыватнасці, Міхаіл Юхімук адзначыў, што 2009 год быў адным з самых цяжкіх па ўмовах гаспадарання, чатыры гады пяцігодкі завяршылі з адставаннем па большасці прагнозных паказчыкаў. Так, напрыклад, вытворчасць спажывецкіх тавараў склала 93,7 працэнта, экспарт тавараў – 72,4, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак – 101,1 працэнта пры запланаваных 109,5…
Усе рэгіёны Брэстчыны не справіліся з большасцю прагнозных паказчыкаў, выключэнне – Столінскі раён, які не выканаў 6 з іх. Аналагічная сітуацыя і ў абласных арганізацыях, акрамя аб’яднання “Брэст-аблсельбуд”.
У сваім выступленні Міхаіл Юхімук зрабіў акцэнт на якасці прадукцыі – яна павінна адпавядаць еўрапейскім стандартам. Ён нагадаў прысутным, што 2010-ы аб’яўлены Годам якасці, таму дадзенаму параметру будзе ўдзяляцца надзвычайная ўвага. Міхаіл Іванавіч закрануў і праблему заляжалых тавараў – у прыватнасці, на складах ААТ “Дываны Брэста” ёсць яшчэ прадукцыя пачатку 2000-х гадоў… Першы намеснік старшыні аблвыканкама, як і кіраўнік вобласці, упэўнены: задачы пастаўлены складаныя, але – рэальныя. План і стратэгія дзеянняў выпрацаваны на мінулым пасяджэнні выканкама.
Крытычна ацаніў работу ў сельскай гаспадарцы Якаў Бухавецкі. Акрамя Брэсцкага і Столінскага раёнаў астатнія не забяспечылі выкананне паказчыка валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельскагаспадарчых арганізацыях. І хоць па нарыхтоўцы кармоў вобласць заняла першае месца ў рэспубліцы, але гэта не азначае, што ўсюды добра – ёсць яшчэ пытанні, у тым ліку і па якасці. Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар завастрыў увагу на тым, што тэмпы вырошчвання жывёлы і птушкі ніжэйшыя, чым тэмпы рэалізацыі мяса. Пры такім раскладзе праз некалькі гадоў узнікне вялікая праблема – таму трэба ўжо сёння мяняць падыходы.
Што датычыць паліўна-энергетычнага комплексу вобласці, ён працаваў без зрываў, адзначыў Мікалай Крывецкі. А вось прагнозны паказчык па энергазберажэнні не выкананы ўсімі гаррайвыканкамамі, акрамя Бярозаўскага, Івацэвіцкага і Столінскага. Мікалай Анатольевіч патлумачыў: там, дзе наладжаны сістэмны падыход, устаноўлены жорсткі попыт з выканаўцаў – з заданнямі спраўляюцца. Паўстала пытанне і пра пераход на кабельнае электразабеспячэнне, у першую чаргу – пры падключэнні новых аб’ектаў.
Калі ўзяць лічбы па ўводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, дык тут усё ў парадку. Але пры агульных станоўчых выніках бачацца недахопы. Віктар Сакоўскі канстатаваў, што 19 шматкватэрных дамоў летась былі ўведзены з парушэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва – у адным выпадку аж да 8 месяцаў. А яшчэ – не ў поўным аб’ёме выконваюцца мерапрыемствы па скарачэнні будаўніцтва незавершаных аб’ектаў, ёсць пытанні па якасці будаўніча-мантажных работ. Павінна быць выключана практыка ўхілення недаробак пасля здачы ў эксплуатацыю. “Тут не хапае напорыстасці заказчыкаў і належнага кантролю за будаўніцтвам”, – падагульніў Канстанцін Сумар.
Аб выніках выканання бюджэту вобласці за мінулы год і задачах па забеспячэнні яго выканання сёлета далажыў начальнік фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Іван Вабішчэвіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што даходы бюджэту вобласці ў 2009 годзе склалі 3070,4 мільярда рублёў або 100,6 працэнта да ўдакладненага гадавога плана з ростам 104,2 працэнта да пазалеташняга ўзроўню. Здзейснены комплекс мер па мабілізацыі бюджэтных рэсурсаў і скарачэнні бюджэтных расходаў даў магчымасць папоўніць мясцовыя бюджэты значнымі сродкамі. Стварэнне ў раёнах новых арганізацый дазволіла атрымаць дадаткова 10,9 мільярда рублёў падатку. Ды ўсё яшчэ маецца шэраг нявыкарыстаных рэзерваў па прыцягненні бюджэтных сродкаў і іх рацыянальным выкарыстанні. А таму ёсць над чым працаваць.
Яшчэ два пытанні былі разгледжаны на пасяджэнні аблвыканкама. Аб выніках работы Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2009 годзе і задачах на сёлетні далажыў начальнік установы “Брэсцкае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” Канстанцін Шаршуновіч. Зроблена вялізная работа, дзякуючы якой ад немінучай смерці выратавана не адно чалавечае жыццё. Разам з тым летась было зарэгістравана больш, чым у 2008 годзе, надзвычайных сітуацый (на 40 працэнтаў) і пажараў (на 8), а ў іх загінулі людзі…
Губернатар згадзіўся з тым, каб былі створаны камфортныя ўмовы для работы падраздзяленняў абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Разам з тым ён указаў на неабходнасць працягваць рамонт балконаў, якія ўяўляюць сур’ёзную пагрозу для людзей, і паскоранымі тэмпамі правесці спілоўванне аварыйных дрэў.
Аб стане барацьбы з карупцыяй на тэрыторыі вобласці ў 2009 годзе праінфармаваў пракурор вобласці Сяргей Хмарук. Найбольш гучныя справы, узбуджаныя летась, былі здзейснены намеснікам кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Брэста А.Каролікам, галоўным санітарным урачом г.Пінска і Пінскага раёна І.Валіцкім, дырэктарам ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод” А.Блюднікам, дырэктарам Баранавіцкага дзяржаўнага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі сярэдніх медыцынскіх работнікаў Г.Голубевай, галоўным інжынерам КУШВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” А.Чайкоўскім, старшынямі праўленняў СВК “Ліпнінскі” Драгічынскага раёна М.Квашэвічам, СВК “Пачапава” Пінскага раёна А.Лебядзеўскім, СВК “Тальмінавічы” Ляхавіцкага раёна І.Войцікам. Праўда, у адносінах да ўсіх агучаных пасад варта дадаць слова “былыя”, якое толькі лішні раз пацвярджае прапісную ісціну: за ўчыненае злачынства, раней ці пазней, прыйдзецца адказваць.
Галіна МАЗІНА, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.