Беларусь

“Аграпрадукт” – гэта па-нашаму!


Нягледзячы на 6-гадо-вы “працоўны стаж” ТАА “Аграпрадукт” на беларускім рынку, упершыню пачула пра яго толькі сёлета. Падчас выязнога пасяджэння абласнога савета па развіцці прадпрымальніцтва ўбачыла прадукцыю, якую яно вырабляе. Тады ж узяла на аловак каардынаты прадпрыемства, каб пазней расказаць пра яго дзейнасць чытачам газеты, пазнаёміцца з ініцыятарам стварэння гэтай спецыфічнай вытворчасці. Не так часта прадстаўнікі малога бізнесу займаюцца перапрацоўкай сельгаспрадукцыі.
… Алег Цяслюк да арганізацыі ўласнай справы прыйшоў не адразу. Выпускнік Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, вучоны аграном па спецыяльнасці спачатку займаўся вырошчваннем рапсу: вывучаў і ўкараняў новыя тэхналогіі, працаваў са сродкамі аховы гэтай алейнай культуры ад шкоднікаў. А ў 2004 годзе ў вёсцы Абяроўшчына Камянецкага раёна з’явілася таварыства з абмежаванай адказнасцю “Аграпрадукт” на чале з Алегам Цеслюком, які з вытворцаў сыравіны вырашыў перакваліфікавацца ў яе перапрацоўшчыка.
Абяроўшчына для арганізацыі вытворчасці была выбрана невыпадкова: побач праходзіць чыгунка, што ў рабоце перапрацоўчага прадпрыемства вельмі важна. Дастаўка сыравіны і адпраўка спажыўцу гатовай прадукцыі па чыгунцы абыходзіцца значна танней, чым аўтамабільным транспартам.
Што тычыцца вытворчасці, дык пачыналі практычна з нуля: памяшканняў для наладжвання перапрацоўчага працэсу, захавання насення рапсу, абсталявання, тэхнікі не было. Для таго, каб пабудаваць і набыць усё гэта, давялося браць крэдыты ў Белаграпрамбанку. Алег Цяслюк удзячны кіраўніцтву Брэсцкага аддзялення, якое ўсяляк падтрымлівала яго на пачатку прадпрымальніцкай дзейнасці, ды і зараз таксама заўсёды ідзе насустрач.
Цяпер у распараджэнні ТАА “Аграпрадукт” знаходзяцца складскія памяшканні, у якіх можа захоўвацца 30 тысяч тон насення рапсу. У стадыі будаўніцтва знаходзіцца сховішча на 15 тысяч тон, а таксама сховішча сіласнага тыпу ўмяшчальнасцю 20 тысяч тон. Сёлета сумарны аб’ём захоўвання насення рапсу будзе даведзены да 65 тысяч тон.
Для атрымання алею на прадпрыемстве маецца найноўшае тэхналагічнае абсталяванне. Набывалі яго ва Украіне, Расіі, нешта ў Еўропе, бо ў Беларусі, якая раней не займалася вытворчасцю алею, яго проста не вырабляюць. Сённяшнія магутнасці прадпрыемства дазваляюць перапрацоўваць больш за 100 тысяч тон насення рапсу ў год. Ёсць у ТАА свой аўтапарк.
На прадпрыемстве створана сучасная вытворчая лабараторыя, у сценах якой вядзецца пагадзінны кантроль якасці вырабляемай прадукцыі і экспрэс-аналіз якасці паступаючай на перапрацоўку сыравіны.
– Ці не страшна было пачынаць? – цікаўлюся ў Алега Цеслюка. – Справа ж новая…
– Рызыкоўна. Складанасць была ў тым, што ўсё даводзілася асвойваць самім, – успамінаючы першыя крокі станаўлення прадпрыемства, з усмешкай апавядае дырэктар “Аграпрадукта”. – Справа ў тым, што ў Беларусі навучальных устаноў, дзе б рыхтавалі спецыялістаў для работы на перапрацоўчых прадпрыемствах такога кірунку, няма. Таму вучыліся дзе маглі і як маглі, часам – на ўласных памылках. Многім спецыялістам, якія раней працавалі ў сельскай гаспадарцы, давялося перапрафілявацца.
Алегу ўдалося сабраць каманду сапраўдных аднадумцаў, і справа пайшла. Сведчаннем таму дасягнутыя паказчыкі. Аб’ёмы перапрацоўкі рапсу з 2004 года выраслі больш чым у 100 разоў. Летась на “Аграпрадукце” перапрацавалі 65 тысяч тон насення гэтай алейнай культуры. Выхад алею склаў 24 тысячы, макухі – 39 тысяч тон. Значна павялічыўся калектыў. Зараз на прадпрыемстве працуе 180 чалавек, а пачыналі з 15. Плюсы, як кажуць, на вачах.
– Галоўная задача прадпрыемства – перапрацоўка насення рапсу і вытворчасць расліннага алею, – распавядае Алег Цяслюк. – А яшчэ мы забяспечваем гаспадаркі вобласці каштоўнай бялковай сыравінай – рапсавай макухай. Дарэчы, алею ў ёй павінна заставацца не больш за 12 працэнтаў, у нас гэтая лічба ніжэй.
…За суткі рабочыя перапрацоўваюць 200 тон насення рапсу. З гэтай колькасці сыравіны атрымліваюць 70 тон алею і 120 тон макухі. Гатовая прадукцыя загружаецца ў вагоны і адпраўляецца спажыўцам. Асноўныя спажыўцы харчовага алею ў рэспубліцы – Мінскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат, макухі – камбікормавыя заводы і гаспадаркі, з якіх паступае сыравіна. Дзякуючы высокай якасці прадукцыя ТАА “Аграпрадукт” карыстаецца попытам і на знешнім рынку. Палова вырабляемага на прадпрыемстве алею рэалізуецца за межы рэспублікі – у Латвію, Эстонію, Данію, Расію. Прапановы аб супрацоўніцтве паступаюць з Польшчы, Германіі.
Акрамя перапрацоўкі сыравіны, “Аграпрадукт” прапануе сельгаспрадпрыемствам поўны спектр тэхналагічных паслуг па вырошчванні рапсу: насенне, у асноўным беларускіх гатункаў, якія добра зарэкамендавалі сябе, комплекс сродкаў аховы раслін.
Запатрабаванасць вырабляемай прадукцыі і аказваемых паслуг дазваляюць таварыству з абмежаванай адказнасцю жыць, плаціць рабочым дастойную зарплату – у сярэднім яна складае больш за мільён рублёў у месяц, укараняць у вытворчасць сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі алейных культур (акрамя рапсу, прадпрыемства можа перапрацоўваць сою, лён, сланечнік) і развівацца. Над гэтым і працуе зараз дырэктар са сваёй камандай. Нядаўна для расшырэння магутнасцей “Аграпрадукт” набыў памяшканне камбікормавага завода, дзе плануе арганізаваць выпуск камбікорму для жывёлы на аснове макухі, узбагачанай бялкова-вітамінна-мінеральнай дабаўкай.
Для дапрацоўкі насення рапсу плануецца будаўніцтва асабістага сучаснага сушыльнага комплексу з выкарыстаннем энергазберагальных тэхналогій. У перспектыве таксама ўстаноўка абсталявання па далейшай (глыбокай) перапрацоўцы расліннага алею – рафінацыя, дэзадарацыя і бутэляванне. Магчыма, у хуткім часе рапсавы алей вытворчасці ТАА “Аграпрадукт” жыхары вобласці змогуць набыць у гандлёвых кропках і годна ацаніць яго смакавыя якасці.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Камянецкі раён.
Фота аўтара і з архіва прадпрыемства

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля