116 дзяцей знайшлі сем’і ў Кобрынскай “Дзіцячай вёсцы”

116 дзяцей знайшлі сем’і ў Кобрынскай “Дзіцячай вёсцы”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Кобрынская “Дзіцячая вёска” – незвычайнае паселішча ў горадзе са своеасаблівымі правіламі, парадкамі і жыццём. Тут адчуваецца любоў да прыгажосці, унутранай і знешняй. Паабапал сцежак і дарог –
прыгожыя дрэўцы і клумбы. Навокал цікавыя ландшафтныя ўпрыгажэнні, дзіцячыя пляцоўкі, прывабныя катэджы (проста дамамі іх цяжка назваць – памер уражвае). І дыхаецца тут неймаверна лёгка, нібы ў лесе. І не толькі з-за чысціні паветра, а з-за спакойных сяброўскіх адносін дарослых і дзяцей, адміністрацыі і жыхароў.
Дзяржаўнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі “Кобрынская “Дзіцячая вёска” сёлета, 8 снежня, споўніцца 16 гадоў. Гэта першая ўстанова такога тыпу ў рэспубліцы для выхавання дзяцей-сірот. Праз яе прайшлі больш за 230 дзяцей. Сёння тут працуюць 15 дамоў, у якіх выхоўваюцца 116 дзяцей ад 3-х да 18-ці гадоў. За кожным домам замацаваны маці-выхавальнік, якая жыве разам з дзецьмі, і памочнік па гаспадарцы. У чатырох з дамоў жывуць паўнацэнныя сямейныя пары, а некаторыя нават прыехалі са сваімі роднымі дзецьмі. У сем’ях у сярэднім па 7-9 выхаванцаў.
У доме №7 я сустрэлася з Аленай Манькоўскай, якую ўжо 19 дзяцей называюць мамай. Калі 16 гадоў таму, працуючы метадыстам у дзіцячым садку ў Кобрыне, Алена Сігізмундаўна даведалася пра адкрыццё “Дзіцячай вёскі”, не доўга думаючы, вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі маці.
– Я лічу, што справілася. Былі і цяжкасці, і перажыванні, але ні аб чым не шкадую, зараз у мяне многа цудоўных дзяцей, – з гордасцю заяўляе жанчына.
Прыцягваюць увагу фатаграфіі з партрэтамі дзяцей на адной са сцен дома. Усіх іх Алена Сігізмундаўна лічыць роднымі. Зараз у яе афіцыйна 9 дзяцей, яшчэ сямёра вучацца, а трое працуюць ужо. У гэтай сям’і жывуць дзеці шасці прозвішчаў. Усе прыязджаюць на канікулы і выхадныя да сваёй матулі, якая іх выхавала і выгадавала. Ёсць у яе ўжо і ўнук ад старэйшай выхаванкі Алены, якой 29 гадоў. А вось самай маленькай Карыне ўсяго тры гадкі. Яе ўзялі ў сям’ю мінулай зімой 31 снежня. Гэта быў цудоўны навагодні падарунак!
Цікавай і прыемнай была сустрэча з бацькамі дзяцей дома №15. Андрэй і Інга Нарваткіны прыехалі сюды 8 гадоў назад з Баранавіч з дзвюма сваімі дочкамі. Даведаліся пра “Дзіцячую вёску” выпадкова, прачытаўшы аб’яву ў газеце. Андрэй прапанаваў паспрабаваць – Інга згадзілася. Зараз у гэтай сям’і 13 дзяцей, з якіх трое ўжо выпускнікі Кобрынскай “Дзіцячай вёскі”.
Калі я запыталася ў Нарваткіных, хто з 13 дзяцей іх родныя, яны адказалі: “Усе! Быць выхавальнікамі для нас не праца, гэта – наша жыццё. І мы разам з дзецьмі хвалюемся з-за іх няўдач, радуемся іх перамогам і поспехам. І кожнаму намагаемся аддаваць аднолькава ўвагі і любові”.
Кобрынскую “Дзіцячую вёску” падтрымліваюць многія прадпрыемствы нашай краіны, грамадскія арганізацыі. Да святаў сюды заўсёды прыязджаюць з падарункамі. Акрамя агульных спонсараў за кожным домам замацаваны шэф – прадпрыемства, якое дапамагае канкрэтнай сям’і.
На думку дырэктара “Дзіцячай вёскі” Алы Сапяжынскай, такая ўстанова адукацыі – лепшая форма сямейнага выхавання дзяцей-сірот. У братоў і сясцёр ёсць магчымасць застацца разам, дзеці набываюць сабе бацькоў, выхоўваюцца ва ўзаемапавазе, атрымліваюць неацэнны вопыт сямейных зносін.
Відавочна, што ў нашай дзяржаве клопат аб дзецях усебаковы і ёсць усе магчымасці для таго, каб ні адно дзіця не было забыта.
Ганна ГАЛЯНЧУК,
студэнтка Інстытута журналітыкі БДУ,
г. Кобрын

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Камсамольская сям’я

Следующая запись

Віншуем пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю