Ахвяры холаду

Ахвяры холаду

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У зімовы час пачасціліся выпадкі адмарожванняў і смярцей
Сёлетні зімовы расклад непадобны да многіх папярэдніх гадоў. Тут і снегу гурбы, і мароз кусае нос. На жаль, у пазітыўны настрой сапраўды зімовай пары трывожныя ноткі ўносіць статыстыка медыкаў і выратавальнікаў: у рэгіёне пачасціліся выпадкі траўмаў і смярцей ад холаду. Занепакоенасць сітуацыяй выказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў чацвер у аддзеле грамадскага здароўя абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Па інфармацыі загадчыка апёкавага аддзялення абласной бальніцы Аляксандра Семенюка, сёлета ў стацыянарах вобласці з-за адмарожванняў лячыліся ці лечацца каля 45 грамадзян. У аблбальніцы зараз знаходзіцца 14 чалавек, якім аказваецца медыцынская дапамога.
“Халадовыя траўмы атрым-ліваюць людзі, якія ігнаруюць умовы надвор’я, недастаткова цёпла апранаюцца, вымушаны доўгі час знаходзіцца на вуліцы, а таксама асобы, у якіх з-за пэўных абставін зніжана здольнасць крытычна ацаніць свой стан. Так, прыкладна 90 працэнтаў адмарожванняў атрыманы ў стадыі алкагольнага ап’янення, – патлумачыў Аляксандр Дзмітрыевіч. – Магчыма, гэта звязана з распаўсюджаным памылковым меркаваннем, што спіртаўтрымліваючыя напіткі саграваюць. Насамрэч, яны прыводзяць да павышанай цеплааддачы і хутчэйшага ахалоджвання, бо стымулююць перыферычны кровазварот, расшырэнне сасудаў і хутчэйшае знясіленне цеплаабароны чалавека”. Часцей ахвярамі холаду становяцца мужчыны і людзі ва ўзросце за 50 год. Зразумела, што ў групе рызыкі знаходзяцца асацыяльныя асобы, а таксама дзеці.
Па словах урача-педыятра абласной дзіцячай бальніцы Таццяны Палійчук, за халодны сезон каля трох працэнтаў пацярпелых складаюць дзеці да 14 год. Гуляць на вуліцы трэба і з малышамі, і са старэйшымі дзецьмі, але неабходна памятаць пра час знаходжання на свежым паветры, адпаведнасць вопраткі і абутку сезону. Перад прагулкай дзіця лепш пакарміць, а на вуліцы сачыць, каб яно дыхала носам. “Нашы метэаўмовы такія, што адмарожванне можна атрымаць і пры 0 градусаў, – сказала Таццяна Іванаўна. – Дзеці схільныя да пераахалоджвання і замярзання часцей, чым дарослыя, бо цеплааддача ў іх вышэйшая. Лепш гуляць некалькі разоў карацейшых у часе, чым адзін раз і вельмі доўга”.
Медыкі нагадваюць: калі ў вас з’явіліся прыкметы адмарожвання (бледны колер скуры, страта адчувальнасці), вы знаходзіліся на вуліцы больш за паўгадзіны-гадзіну, неадкладна звяртайцеся за дапамогай. Важна зрабіць гэта своечасова. Калі атрымана глыбокая ступень адмарожвання, дык пасля сагравання пацярпелага ўчастка ў ім аднаўляецца кровазварот, але сасуды трамбіраваны, тканкі не атрымліваюць дастаткова кіслароду, яны гінуць, што і прыводзіць да ампутацыі.
“Нельга адаграваць цела ў гарачай вадзе. Першая дапамога – гэта гарачы чай, кава і цеплаізалюючая павязка – на пацярпелы ўчастак накладаем бінт ці марлю, затым вату, поліэтылен і замацоўваем павязку. Адпраўляемся ў бальніцу ці выклікаем “Хуткую дапамогу”, – раіць Аляксандр Семянюк. – Расціраць цела не трэба, асабліва снегам, бо гэта прыводзіць да дадатковага ахалоджвання і траўматызацыі скуры”.
Сіноптыкі прагназуюць далейшае паніжэнне тэмпературы. Улічыце гэты фактар, выходзячы на вуліцу.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Следующая запись

Кабрынчанка падрыхтавала свой першы паэтычны зборнік