Андрэй Макарук і “Харошкі”
Сваё адметнае імя “Харошкі” ансамбль атрымаў ад назвы маленькай беларускай вёсачкі ў Магілёўскай вобласці, дзе на пачатку 70-х гадоў былога стагоддзя быў запісаны танец “Гусарыкі”, які і сёння ў рэпертуары калектыву.
Нядаўна Беларускі Дзяржаўны заслужаны ансамбль “Харошкі” пад кіраўніцтвам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаявой гастраляваў на Берасцейшчыне, у тым ліку і ў Жабінцы. І ніхто так моцна з танцораў-прафесіяналаў не хваляваўся, як Андрэй МАКАРУК (на здымку), бо ён пачынаў сваю кар’еру менавіта на сцэне Жабінкаўскага раённага Дома культуры ў чатырохгадовым узросце. Гэта і паслужыла нагодай для гутаркі з ім.
– Андрэй, само сабой напрошваецца першае пытанне: як ты, хлопец з правінцыі, трапіў у знакаміты дзяржаўны ансамбль?
– На апошнім курсе Пінскага вучылішча мастацтваў, дзе заканчваў клас педагога харэаграфічных дысцыплін і атрымліваў дыплом артыста ансамбля, з сябрам вырашылі паехаць у філармонію і паказацца “Харошкам”. Такім чынам вырашылі праверыць свае здольнасці. Спецыялісты адразу далі мне дабро і паабяцалі пачакаць, пакуль давучуся.
– Разумею так: узялі без усялякіх знаёмстваў, без пасрэднікаў і багатых дзядзькоў, што часта адбываецца ў наш час. Узялі, дзякуючы пэўнаму майстэрству, якое неабходна танцору. Адкуль яно, майстэрства?
– Ніколі не забуду, як старэйшы брат Сяргей першы раз прывёў мяне на жабінкаўскую сцэну ў дзіцячы танцавальны калектыў “Каруначкі”. Мне, чатырохгадоваму дзіцяці, падалася вельмі сур’ёзнай і патрабавальнай кіраўнік гуртка Ірына Румко. Але вучыцца танцаваць хацелася і падабалася. Менавіта тут да шаснаццаці гадоў набіраўся вопыту і майстэрства.
Дарэчы, і Сяргей, і я, і наш малодшы брат Аляксандр прайшлі праз “Каруначкі”. Малодшы цяпер танчыць у Дзяржаўным ансамблі песні і танца “Белыя росы”, які належыць Гродзенскай філармоніі. Сяргей выбраў іншую прафесію і застаўся ў Жабінцы.
– А хто твае бацькі, ці не звязаны з культурай, з мастацтвам наогул?
– У тым і справа, што не. Яны – звычайныя людзі, працуюць спецыялістамі ў райспажыўсаюзе. Праўда, мама ўжо на пенсіі .
– Тры браты, два – танцоры. Абодва ў дзяржаўных ансамблях. Гэта прызванне ці яшчэ нешта сваё, уласнае?
– Калі пра сябе, дык усё разам. Па-першае, падабаецца, па-другое, для мяне гэта – гонар. Гонар за нацыянальную культуру, за краіну, асабліва падчас замежных гастроляў. Мне за сем гадоў давялося пабываць ужо ў краінах Азіі, Заходняй Еўропы, Лацінскай Амерыкі. Упэўніўся ў тым, што любы народ разумее культуру беларусаў. Разумее праз нашы танцы, бо танцам можна сказаць не менш, чым паэтычным словам ці мастацкім малюнкам.
– Узгадваю размову да пачатку вашага выступлення з Ірынай Румко. Твой першы педагог шкадавала, што лёс не даў ёй магчымасць, хаця вельмі марыла, танцаваць у якім-небудзь дзяржаўным ансамблі. Затое са шчымлівым душэўным болем гаварыла пра тое, як цяжка цяперашнім дзеткам прывіваць любоў да народных традыцый, самабытнай культуры, і ў той жа час вельмі задаволена сваімі выхаванцамі. Задаволена такімі, як ты – маладымі носьбітамі нацыянальнай культуры і яе прапагандыстамі. А якія твае, дарэчы, адносіны да масавай культуры, да тых жа песень-аднадзёнак?
– У кожнага свой густ, усё залежыць ад выхавання і выхаванасці. Сябе ў нейкай, няхай сабе добра вядомай, эстраднай групе нават танцорам не ўяўляю. Іншая справа – калектыў, стваральнікам і кіраўніком якога з’яўляецца наша Валянціна Іванаўна Гаявая. Дзякуючы ёй, мы вяртаем да жыцця народны танец. Вяртаем праз карпатлівую цяжкую працу. Новыя танцы развучваем на аснове паўзабытых старых. Стараемся спалучаць найвышэйшую харэаграфічную тэхніку з сакавітым нацыянальным каларытам і шчырасцю выканання.
– Некалькі слоў, Андрэй, калі ласка, аб творчай кухні, звязанай непасрэдна з рэпетыцыямі.
– Спачатку – сорак пяць мінут разагрэву, затым – тры гадзіны працы над кожным рухам, над харэаграфіяй. Фізічныя нагрузкі вялікія. Затое ёсць маральнае задавальненне.
– А матэрыяльнае?
– Ва ўсіх работнікаў культуры заробкі малыя. У нас таксама, але на пражыццё хапае.
– У ансамблі столькі дзяўчат-прыгажунь, што можна незнарок у нейкую закахацца. Можа, і ты знайшоў ужо сваю чараўніцу сярод іх?
– Як у люстэрка глядзіце.Сапраўды, жонкай стала мая партнёрка Алена. Але зараз часова не танцуе, бо даглядае дзевяцімесячную нашу дачушку. Жылля свайго пакуль няма, здымаем кватэру.
– Несалодкая ў вас, танцораў, доля. Але вернемся да канцэрта, які толькі-толькі закончыўся. Падчас заключнага танцавальнага нумара амаль паўтысячная аўдыторыя гледачоў (зала больш не ўмяшчае), стоячы, гучнымі апладысментамі дзякавала “Харошкам” за цудоўны канцэрт. У зале былі твае знаёмыя, бацькі. Што ты адчуваў, калі загадчык аддзела культуры Васіль Чапялевіч згадаў танцора-земляка Андрэя Макарука і зычыў калектыву новых поспехаў?
– Гонар за малую радзіму, за першага свайго педагога і за ўсіх тых, у каго ад нашых харэаграфічных кампазіцый і тэмпераментных танцаў не-не, ды зрываліся з-пад вейкаў слязінкі.
– У арсенале вашага аркестра класічныя і сучасныя музычныя інструменты. Выкарыстоўваюцца народныя інструменты, якія доўгі час заставаліся музейнымі экспанатамі. Сярод іх – ліра, гудок, басэтля, акарына, жалейка. Скажу без перабольшвання: слухаючы музыку, ловячы кожны рух танцораў і танцорак, я нібыта прысутнічаў на вялікім свяце сваіх маладзенькіх дзядуль і бабуль. Дзякуй, Андрэй, што ты і твой калектыў падарылі такую магчымасць.
Гутарыў
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.