Арсен Маркевіч – член-карэспандэнт акадэміі навук
Хто ні спрычыніўся б да вывучэння гісторыі Крымскага паўвострава, Таўрыі, першыя азнаямляльныя крокі літаральна па любой тэме вымушаны распачынаць з вядомага паказальніка літаратуры “TAVRICA”. Аўтар- укладальнік яго, як і аўтар яшчэ 250 прац пра Крым – наш зямляк Арсен Іванавіч Маркевіч, які нарадзіўся ў Брэст-Літоўску 30 сакавіка 1855 года. Маштабы здзейсненага ім настолькі відавочныя – нават цяжка і ўявіць, што ўсё гэта пад сілу было адолець аднаму чалавеку, нават пры ўмове, што пражыў ён не так і мала: памёр даследчык даўніны ў 1942 годзе…
Да згаданай колькасці артыкулаў, брашур, кніг, большасць з якіх уражваюць сваёй грунтоўнасцю, варта дадаць яшчэ і велізарную па абсягах дзейнасць у справе арганізацыі краязнаўства, гістарычнай навукі ў Крыме. З самага заснавання (у 1887 годзе) Арсен Іванавіч удзельнічаў у рабоце Таўрычаўскай вучонай архіўнай камісіі. Акрамя таго, што доўгі час узначальваў яе, з’яўляўся і рэдактарам “Известий Таврической Ученой Архивной Комиссии”. З 57 іх кніг 50 пабачыла свет пад рэдакцыяй Маркевіча. За гонар удзельнічаць у гэтым аўтарытэтным выданні лічылі славуты гісторык Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі, прафесар рускай гісторыі Міхаіл Мікалаевіч Беражкоў, прафесар універсітэта Св.Уладзіміра ў Кіеве Юліян Андрэевіч Кулакоўскі, славуты маскоўскі нумізмат Аляксей Васільевіч Арэшнікаў, легендарны ўсходазнаўца Аляксандр Мікалаевіч Самойлавіч ды шмат хто яшчэ.
Арсен Іванавіч прыклаў нямала намаганняў для ўпарадкавання архіваў Крыма. Заўважым, што даводзілася гэта рабіць у гады няпростыя – у рэвалюцыйную разруху, у грамадзянскую вайну, на пачатку ўсталявання савецкай улады. Прымаў удзел даследчык і ў арганізацыі Таўрычаўскага ўніверсітэта – першай ВНУ на Крымскім паўвостраве. І пасля адкрыцця ўніверсітэта чытаў у ім курс лекцый па гісторыі Таўрыды. Што цікава, курс гэты, выключаны з праграмы ВНУ, як толькі з яе сышоў Маркевіч, быў узноўлены ў Сімферопальскім дзяржаўным універсітэце імя М.Фрунзе ўжо ў 1993 годзе.
Гэтыя і многія іншыя навуковыя, краязнаўчыя заслугі Арсена Іванавіча былі адзначаны выбраннем яго членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, хаця ў даследчыка не было нават вучонай ступені. Выпадак беспрэцэдэнтны! Такому рашэнню мог паспрыяць толькі высокі аўтарытэт даследчыка.
…У апошнія гады імя вучонага, краязнаўца згадваецца ўсё часцей. А ў 2005 годзе ў сімферопальскім выдавецтве “Бизнес-Информ” пабачыла свет грунтоўная, бліскуча напісаная манаграфія доктара гістарычных навук Андрэя Анатольевіча Няпомняшчага “Арсен Маркевіч: старонкі гісторыі крымскага краязнаўства”. Аўтар, абапіраючыся ў асноўным на эпісталярную спадчыну краязнаўцы, яго лісты да гісторыкаў, імёны якіх знаёмыя нам і праз смугу стагоддзяў, падрабязна вымалёўвае вобраз чалавека і вучонага, неардынарнага, высакароднага і сумленнага ў жаданні распавесці праўдзівую гісторыю Таўрыды, Крыма ў стасунках з усёй Расіяй, усім светам. Шкада, што наклад кнігі – усяго 500 асобнікаў.
Несумненную цікавасць уяўляюць дадаткі да манаграфіі, а гэта – артыкулы Арсена Іванавіча Маркевіча і яго аўтабіяграфія, напісаная ў 1919 годзе. Напрыканцы – словы сціплага, самакрытычнага чалавека: “Цяпер я заканчваю сваё працоўнае жыццё з усведамленнем выкананага доўгу і шкадаваннем аб адным, што не зрабіў больш”.
На самым пачатку аўтабіяграфіі Арсен Іванавіч згадвае дзіцячыя і юнацкія гады ў Беларусі: “Я сын святара, нарадзіўся ў гор. Брэст-Літоўску, старажытным Берасце 30 сакавіка 1855 года. Вельмі сціплы і працоўны быт маёй сям’і быў поўны разумовых, інтэлектуальных зацікаўленняў, якія былі ўласцівы нашым родзічам і па бацьку, і па маці, нараджэннем Серно-Салаўевіч, дачцэ пратаіерэя, настаяцеля сабора ў Брэсце. Мой дзед па бацьку быў магістрам багаслоўства Віленскага ўніверсітэта, аднакурснікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі; адзін з родзічаў па лініі маці быў прафесарам універсітэта, другі – відным дзеячам па народнай адукацыі ў Таўрычаскай губерні. Прыход бацькі складаўся з мяшчан – сем’яў даўно праваслаўных, якія не пераходзілі да ўніі(перайшоўшыя былі ўжо католікамі): Пашкевічаў, Хаўдыевічаў, Чаратовічаў,Напушынскіх, Зубілевічаў, Негаровічаў і інш., сялян некалькіх вёсак, размешчаных паблізу Брэста: Бярозаўкі, Казловічаў, Плоскай, Дуброўкі, Гузнёў, Рэчыцы, Шпановічаў і Трышына і на працягу многіх гадоў – гарнізона Брэсцкай крэпасці, да пабудовы ў ёй у пачатку 70-х гадоў саборнай царквы…”.
І далей з аўтабіяграфіі Арсена Маркевіча: “Крэпасць Брэст-Літоўск у 1833 годзе была ўзведзена на месцы старажытнага Берасця, пры ўпадзенні р.Мухаўца ў р.Зах.Буг, а гарадскія жыхары пераселены ў два фарштаты, за 3-4 вярсты ад крэпасці, Кобрынскі і Валынскі, злучаны шасейнымі дарогамі (першы – з Масквою, другі – з Кіевам). Ля старога Берасця захаваліся ў крэпасці толькі вялікія, нават велічныя будынкі каталіцкіх манастыроў: аўгусцінаў, бернардзінцаў, транітараў, брыгітак і іезуітаў і ўніяцкага базіліянскага, прыстасаваных для ваенных патрэб, а ўсе прыватныя будынкі, драўляныя і каменныя, былі знішчаны. Перасяленне жыхароў у новы горад было завершана ў 1845 годзе праваслаўны сабор св.Мікалая згарэў недзе ў гэты час. Гэтыя будынкі і новыя збудаванні: казармы, валы, рвы і г.д. прыцягвалі моцна маю ўвагу ў дзяцінстве. Захапляла мяне і сівая даўніна Брэсцкага і Бельскага паветаў у час розных паездак з бацькамі, у якіх паведамляў мне падрабязныя звесткі бацька. Шмат у гэтых адносінах вядома, мусіць, цяпер аднаму мне і сыйдзе назаўсёды са мною…”.
Яшчэ на пачатку сваіх гістарычных росшукаў у 1876 годзе Арсен Іванавіч надрукаваў у “Варшавских Университетских Известиях” работу “Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць”. У 1881 годзе ў Варшаве асобным выданнем пабачыла свет брашура Арсена Маркевіча “Афанасій Філіповіч ігумен Брэсцкі”. А ў Сімферопалі ў газеце “Южное слово” наш зямляк поруч з іншымі артыкуламі друкуе і напрацоўкі, заснаваныя на беларускім матэрыяле: у прыватнасці, “З дзіцячых успамінаў”, “Вясновыя ўражанні”. А ў вядомым часопісе “Исторический вестник” у 1885 годзе быў апублікаваны даклад Арсена Маркевіча, прысвечаны іконе, якая з’яўлялася сведкам царкоўнай уніі ў 1595 годзе ў Брэст-Літоўску.
Яднаюць з беларускай праблематыкай адну з найярчэйшых асоб крымазнаўства і іншыя штрыхі. Арсен Іванавіч быў знаёмы, сябраваў, ліставаўся з многімі гісторыкамі, якія альбо нарадзіліся, альбо працавалі ў Беларусі, альбо займаліся вывучэннем гісторыі нашай Айчыны. Назавём толькі некаторых: Аляксандр Львовіч Берцье-Дэлагорд, Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі, Глеб Анатольевіч Бонч-Асмалоўскі.
Мікола БЕРЛЕЦ,
г.Мінск
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.