БЕРАСЦЕЙШЧЫНА: ад суботы да суботы
БРЭСТ
Трэці выйгрыш
З галоўным прызам вярнуліся гандбалісты БГК з традыцыйнага міжнароднага турніру ў Польшчы «Мемарыял Ежы Клемпеля». За перамогу ў горадзе Дзержанюве змагаліся 12 тытулаваных каманд з Расіі, Украіны, Польшчы і Беларусі. У сямі гульнях брастаўчане атрымалі 5 перамог, адзін матч прайгралі і адзін звялі ўнічыю. Дарэчы, нашы землякі выйгралі гэты турнір ужо ў трэці раз.
БРЭСЦКІ РАЁН
Адсвяткуем разам
Сёння Дзень вёскі адзначаюць жыхары Тэльмаў, а заўтра – Чарнаўчыц, Клейнікаў і Радваніч. Вяскоўцаў і гасцей чакаюць не толькі ўрачыстае ўшанаванне хлебаробаў і каравай з мукі новага ўраджаю, але і шматлікія конкурсы, выставы, канцэрты, святочныя феерверкі і каштоўныя падарункі за ўдзел у аглядзе-конкурсе на лепшае падвор’е.
БАРАНАВІЧЫ
Усім светам
Больш 20 сямей атрымалі дзяржаўную адрасную дапамогу ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму. Для 60 шматдзетных сямей рашэннем гарвыканкама было выдзелена па 300 тысяч рублёў. Яшчэ больш чым 3 мільёны рублёў паступілі ад камерцыйных структур на дабрачынны рахунак “Прывітанне, школа!”, які адкрыты гарадскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання. Грошы дайшлі да адрасатаў, і ўсе школьнікі гатовыя да навучальнага года.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
І “паляцеў” трактар…
На дарозе недалёка ад пасёлка Гарадзішча адбылося неардынарнае дарожна-транспартнае здарэнне. З платформы аўтацягніка “МАЗ” падчас руху зляцеў гусенічны трактар, некалькі разоў перакуліўся і зваліўся ў кювет, праляцеўшы акурат каля легкавога аўтамабіля “Аўдзі”. Іншамарку пашкодзілі кавалкі асфальта, якія выляталі з-пад трактара. Па версіі дзяржаўтаінспекцыі, вадзіцель парушыў хуткасны рэжым і тэхніка была не замацавана належным чынам.
БЯРОЗА
Аптэка ў Першамайскай
У вёсцы Першамайская з удзелам прадстаўнікоў РУП “Фармацыя”, раённай цэнтральнай бальніцы і мясцовай улады ўрачыста адкрылі новую аптэку. Установа, якую даўно чакалі больш чым 2000 першамайцаў ды жыхары суседніх вёсак, размясцілася ва ўрачэбнай амбулаторыі.
ГАНЦАВІЧЫ
Напружанне перадсвяточных дзён
Лічаныя дні аддзяляюць Ганцавічы ад Дня беларускага пісьменства. 23 жніўня раён наведала першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. У суправаджэнні старшыні райвыканкама Уладзіміра Столяра яна пабывала на асноўных пляцоўках свята. Пры ўдзеле абласных службаў, з улікам прапаноў галоўнага рэжысёра свята Вячаслава Паніна была ўзгоднена праграма рэспубліканскага мерапрыемства. А пазаўчора ход падрыхтоўкі горада да свята праінспектаваў кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар.
ДРАГІЧЫН
Дзень Савета ў Дзеткавічах
У аўторак на базе Дзеткавіцкага сельсавета прайшоў Дзень Савета з удзелам старшынь сельскіх Саветаў, начальнікаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікоў служб раёна. Прысутныя азнаёміліся са станам работы сельвыканкама па добраўпарадкаванні і ўтрыманні ў належным санітарным стане населеных пунктаў і абслугоўванні насельніцтва, наведалі сацыяльныя аб’екты аграгарадка.
ЖАБІНКА
Спаборнічалі сем’і. Маладыя
У вёсцы Хмелева напрыканцы мінулага тыдня ўжо ў трэці раз прайшоў традыцыйны сельскагаспадарчы конкурс маладых сем’яў, які арганізавалі аддзелы па справах моладзі і культуры райвыканкама, райкамы прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ГА «БРСМ». Сярод пяці ўдзельнікаў найбольш балаў набрала і стала пераможцай сям’я Святланы і Аляксандра Федарукоў са Старога Сяла.
ІВАНАВА
А школьніку – партфель!
Спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўваня насельніцтва правялі акцыю “Хутка ў школу”. Актыўна дабрачынную ідэю падтрымалі калектывы ААТ “Белсолад” і ДРБУ №139. Былі закуплены школьныя прылады, канцылярскія тавары. Днямі іх перадалі школьнікам. У выніку акцыі дапамогу атрымалі 105 сем’яў.
ІВАЦЭВІЧЫ
Вясковыя ўладары
Раённы конкурс “Уладар сяла” завяршыўся фінальнымі спаборніцтвамі, якія прайшлі ў вёсцы Воля. Праект падтрымалі аддзелы па справах моладзі і культуры райвыканкама, РК БРСМ, райкам прафсаюза работнікоў АПК і раённы камітэт РГА “Белая Русь”. Тытул пераможцы заваявалі Таццяна і Валерый Гойшыкі з Волі.
КАМЯНЕЦ
Узаемадзеянне выратавальнікаў
23 жніўня на базе Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» прайшло пасяджэнне сумеснай калегіі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства Расійскай Федэрацыі па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў. Міністры Уладзімір Вашчанка і Сяргей Шайгу, удзельнікі калегіі абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння сіл і сродкаў пры рэагаванні на аварыі пры транспарціроўцы небяспечных грузаў, абмяняліся вопытам у папярэджанні пажараў у жылым сектары, узаемадзеяння пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў у ліквідацыі надзвычайных здарэнняў у прыгранічных раёнах і іншыя аспекты сумеснай дзейнасці.
КОБРЫН
Знішчылі наркотык
Супрацоўнікі міліцыі выявілі і знішчылі дзве буйныя плантацыі дзікарослых канапель, якія знаходзіліся каля вёсак Навасёлкі і Шамятоўка. Агульная вага наркаўтрымліваючых раслін склала 1,5 тоны. Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі УУС аблвыканкама Віталь Зырко, усяго ў ходзе правядзення спецыяльнай аперацыі «Мак» у вобласці скошана, выкарчавана і заворана наркаўтрымліваючых культур на плошчы амаль 400 тысяч квадратных метраў, ліквідавана больш за 33,5 тоны незаконных пасеваў наркасыравіны.
ЛУНІНЕЦ
Крынічная духоўнасць
Заўтра ў Мікашэвічах завяршаецца фестываль праваслаўнай культуры “Кладезь”. Пачынаючы з 23 жніўня на пляцоўцы перад Домам культуры праходзяць яго мерапрыемствы. Водгук у гараджан знайшла акцыя “Пабудуем храм разам” па зборы сродкаў для ўладкавання мясцовай царквы. Удзел у фестывалі прымаюць праваслаўныя манастыры, сястрыцтвы, прыходы Пінска-Лунінецкай епархіі.
ЛЯХАВІЧЫ
Што ўбачаць 12 мастакоў?
У сераду на Ляхавіччыне распачаўся абласны пленэр прафесійных мастакоў. На працягу 10 дзён 12 майстроў пэндзля будуць пісаць мясцовыя краявіды славутых паркавых ансамбляў у Грушаўцы, Флер’янова, Савейках, Начы і Рэпіхава. Напрыканцы пленэра адбудзецца выстава іх работ. Адну сваю працу кожны мастак падорыць раёну, а другая будзе набыта за кошт раённага бюджэту для арганізацыі выставы ў абноўленым ГДК.
МАЛАРЫТА
Будуемся!
У чацвер на базе раёна прайшоў абласны семінар па будаўніцтве. Намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, начальнікі ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва, кіраўнікі будаўнічых арганізацый пабывалі на аб’ектах, якія ўзводзяцца ў раёне, наведалі вытворчую базу ПМК-20. На плянарным пасяджэнні (яго правёў намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі) былі абмеркаваны пытанні фінансання аб’ектаў, якія ўзводзяцца, выканання мэтавых праграм.
ПІНСК
З берагоў Піны – на берагі Нявы
У Санкт-Пецярбурзе з поспехам прайшла выстава-кірмаш вырабаў пінскіх прамысловых і харчовых прадпрыемстваў. Яе арганізатарамі выступілі адміністрацыя Цэнтральнага раёна горада на Няве і Пінскі гарвыканкам. У дні работы выставы былі заключаны новыя пагадненні аб сяброўстве: з расійскага боку кіраўнік адміністрацыі Марыя Шчарбакова, а з беларускага – старшыня гарвыканкама Аляксандр Гордзіч падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2011 – 2013 гады.
ПІНСКІ РАЁН
Спартландыя аздараўлення
Завяршыўся летні сезон у аздараўленчым лагеры “Парэчча”. Адным з самых удалых мерапрыемстваў апошняй змены стала спартландыя, якую арганізавалі для дзяцей інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС , аддзел па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт БРСМ. Пераможцы на вячэрняй лінейцы атрымалі граматы, сувеніры і салодкія прызы ад арганізатараў спартыўнага свята.
ПРУЖАНЫ
Паперня сабрала турыстаў
Другі дзень на возеры Паперня шумна, весела і цікава. Тут праходзіць традыцыйны раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі. Больш за 10 каманд арганізацый і прадпрыемстваў Пружаншчыны высвятляюць, хто лепш ходзіць па азімуту, ездзіць на веласіпедзе, а ў каго больш крэатыўнасці ў творчых конкурсах і выдатная фізічная падрыхтоўка. Каму ўручаць галоўны прыз, стане вядома заўтра.
СТОЛІН
За футбольны “Залаты каласок”
Уладальнікам кубка абласных спаборніцтваў сярод сельскай моладзі рэспубліканскага турніру “Залаты каласок” па футболе стала каманда аграгарадка Альшаны. У фінальным паядынку з камандай “Ружаны-Агра” альшанцы выйгралі з лікам 3:2. Цяпер ім давядзецца абараняць гонар Брэстчыны на рэспубліканскім этапе.
Служба навін “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.