«Бездзежскі фартушок» атрымаў дыплом
Дыплом, які дырэктару музея Марыі Астаповіч уручыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, плануюць размясціць на самым відным месцы ў фае: каб і сённяшнія яго наведвальнікі, і тыя, хто прыйдзе сюды праз дзесяцігоддзі, бачылі, што праца калектыву па стварэнні ўнікальнай калекцыі аўтэнтычных узораў народнай творчасці, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю мясцовых рамёстваў, абрадаў і дыялектаў так высока ацэнена. І няхай ён будзе нечым накшталт стартавай пляцоўкі для азнаямлення з экспанатамі музея, па крупінках сабранымі бездзежскімі берагінямі спадчыны, якая дасталася ім ад продкаў. З дыплома пачалося і маё знаёмства з “Бездзежскім фартушком”.
– …Штуршком для стварэння музея стала ідэя былой загадчыцы раённага аддзела культуры Зоі Краўцовай па адраджэнні на Драгічыншчыне старадаўніх рамёстваў, – прапануючы прайсці ў першую залу, расказвала Марыя Астаповіч. – Яе актыўна падтрымаў і колішні старшыня калгаса “Новы шлях” Уладзімір Хілько. Справа ў тым, што ў суседнім Іванаўскім раёне на той час існаваў ужо музей мотальскіх ручнікоў, у якім выстаўляліся і экспанаты бездзежскіх майстрых, што, на наш погляд, было не зусім правільна. Творчасць драгічынцаў павінна прапагандавацца на радзіме. Дзе? Ну вядома ж, у Бездзежы, – краі ткацтва і вышыўкі, дзе ведаюць і захоўваюць многія старадаўнія традыцыі, дзе жыве шмат цудоўных майстрых, якія могуць не толькі экспанаты для музея зрабіць, але і навучыць жадаючых свайму рамяству. На тым і парашылі.
17 студзеня 1999 года музей адчыніў дзверы для першых наведвальнікаў. Размясціўся ён у будынку былога вучэбна-вытворчага камбіната. Першапачатковы фонд экспанатаў уключаў у сябе 150 старадаўніх рэчаў. А паколькі фартушкоў у ім была большасць – аж 50 штук, музей назвалі “Бездзежскі фартушок”. Сёння ў фондах музея больш за 200 фартушкоў, сярод якіх двух аднолькавых не знайсці.
Цяперашняя экспазіцыя музея размешчана ў сямі залах. Азнаямленне пачынаецца з экспазіцыі “Падворак”, дзе выстаўлены сельскагаспадарчыя прыстасаванні, якімі карысталіся продкі драгічынцаў, прылады апрацоўкі лёну. Людзям старэйшага пакалення многія з іх добра знаёмыя. А маладым наведвальнікам пра іх выкарыстанне цікава і даходліва раскажа ветлівая гаспадыня музея. Марыя Міхайлаўна нават пакажа, як у даўніну мялі лён, трапалі, як ткалі палатно. Прачытае цэлую лекцыю пра адбельванне льняных палотнаў.
Такая вялікая ўвага льну тут удзяляецца невыпадкова: шматлікія ручнікі, абрусы, пакрывалы і, вядома ж, фартушкі, якія можна ўбачыць у музеі, вытканы з яго. Адбеленыя і натуральнага колеру, вышытыя гладдзю і крыжыкам, з карункапляценнем і без яго, ручнікі і фартушкі, размешчаныя ў трэцяй і чацвёртай залах, заварожваюць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Дарэчы, самы першы фартушок, які захоўваюць фонды музея, быў створаны ў 1880 годзе.
У вышытых ільняных вырабах бездзежцаў – ці то ручнік з абрусам, ці сарочка, ці той жа фартушок – пераважае чырвоны колер. Але гэта не таму, што іншыя мясцовым жыхарам не падабаюцца. Чырвоны колер, згодна з паданнямі, ахоўваў людзей ад нячыстай сілы. Сярод экспанатаў музея – і традыцыйнае адзенне мясцовага насельніцтва, якое мае шэраг асаблівасцей у назвах і манерах нашэння, характары аздаблення.
Вось толькі каб прасякнуцца гэтым, адчуць самабытнасць і багаты каларыт творчасці бездзежскіх майстрых – усё гэта трэба пабачыць уласнымі вачамі. Прайсціся па залах, апынуцца ў сялянскай хаце XIX-XX стагоддзяў і абавязкова паслухаць расказ берагінь гэтай багатай спадчыны, які звычайна суправаджаецца выступленнем народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” і народнага калектыву песні і музыкі “Сваякі”. Толькі тады можна зразумець, што “Бездзежскі фартушок” з’яўляецца важным турыстычным аб’ектам рэгіёну, які за час існавання наведалі ўжо больш за дваццаць тысяч чалавек.
Але не толькі тыя, хто ўжо пабываў у Бездзежы, захапляліся непаўторнымі вырабамі мясцовых майстрых. З экспанатамі музея пазнаёміліся жыхары і госці сталіцы падчас святкавання Дня Незалежнасці і рэспубліканскай масленіцы ў Мінску, удзельнікі фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009” у Кобрыне, 600-годдзя Белавежскай пушчы. Гэта стала найлепшай рэкламай для “Бездзежскіх фартушкоў”.
Ну, а самай галоўнай узнагародай для супрацоўніц музея Марыі Астаповіч, Галіны Філіповіч і Валяціны Хілько, якія самі займаюцца ткацтвам, вышыўкай перадаюць сваё майстэрства дзецям у гуртках “Вышыўка” і “Карункапляценне”, з’яўляюцца словы падзякі наведвальнікаў у кнізе водгукаў. Значыць, справа, якой яны займаюцца, запатрабаваная. А калі ёсць запыт на тыя ж вырабы з лёну, калі людзі цікавяцца гісторыяй роднага краю і сваіх продкаў, дык і стымул працаваць яшчэ большы. Асабліва, калі твая праца ацэнена на такім высокім узроўні.
Дзелячыся планамі на перспектыву, дырэктар музея расказала, што ўжо сёлета плануецца значнае пашырэнне музейнай сядзібы. Для гэтага набыта сялянская хата з падворкам. Для наведвальнікаў музея ў ёй будуць абсталяваны некалькі гасцінічных нумароў і самабытная вясковая кухня. Бездзежскія берагіні хочуць выпякаць хлеб, квасіць капусту, рабіць квас, гатаваць мясцовыя стравы, якія змогуць паспрабаваць госці падворка, а на прысядзібным участку вырошчваць гародніну, каб прапанаваць яе ў засоленым выглядзе па мясцовых рэцэптах і свежай. А грашовая прэмія ад Прэзідэнта, па словах Марыі Міхайлаўны, стане добрай падтрымкай у рэалізацыі задуманага, што яшчэ вышэй падыме статус “Бездзежскага фартушка”.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”
Драгічынскі раён
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.