Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група імя Ф.Э. Дзяржынскага адсвяткавала 95-годдзе пагранічных войскаў

Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група імя Ф.Э. Дзяржынскага адсвяткавала 95-годдзе пагранічных войскаў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Зялёныя фуражкі і берэты, зялёныя пагоны… Нават дзетсадаўцы ў горадзе над Бугам па гэтых дэталях ваеннай формы лёгка “вылічаць” сярод вайскоўцаў пагранічнікаў. А як жа іначай – вартавыя мяжы і Брэст амаль што тоесныя паняцці. Горад не проста  знаходзіцца на граніцы, ён жыве на ёй: дзясяткі кіламетраў заходняй мяжы Беларусі адначасова з’яўляюцца і мяжой Брэста, 6 пунктаў пагранічнага пропуску, 3 лінейныя заставы знаходзяцца на гарадской тэрыторыі. Дзясяткі год гэтаму адзінству, якое замацавана гераізмам і адвагаю вартавых граніцы. Таму няма нічога дзіўнага, што Дзень пагранічніка любяць у Брэсце і ахвотна святкуюць разам з ваеннымі. А сёлета тым больш урачыста, бо пагранічнай службе нашай краіны – 95 год.
Юбілейнай даце было прысвечана святочнае мерапрыемства, якое напярэдадні Дня пагранічніка прайшло ў абласным грамадска-культурным цэнтры з удзелам кіраўніцтва вобласці і горада. На сустрэчу прыйшлі лепшыя байцы пагрангрупы, ветэраны пагранічных войскаў, моладзь.
Камандзір Брэсцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя   Ф. Э. Дзяржынскага палкоўнік Андрэй Кукара выказаў упэўненасць: “Пагранічныя войскі выконвалі, выконваюць і будуць выконваць тую задачу, якую паставіў перад імі Кіраўнік дзяржавы. Мы – вартавыя мяжы і гэтым усё сказана”. А старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар заўважыў, што юбілей пагранічнікаў для берасцейцаў больш, чым дата ў календары. “У нас вельмі добрыя адносіны да людзей, якія абараняюць нашу граніцу ад самых розных праблем, – зазначыў кіраўнік вобласці. – Няма нічога больш важнага, чым абарона рубяжоў сваёй Радзімы, а пагранічнікі сваім гераізмам неаднаразова пацвярджалі вернасць доўгу і прысязе…”
Сёлета байцамі пагранатрада за чатыры месяцы затрымана амаль 700 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, спынены спробы незаконнай перавозкі матэрыяльных каштоўнасцей больш чым на 9 мільярдаў рублёў. Мільёны адзінак транспарту і дзясяткі тысяч людзей перасяклі з пачатку года беларускую граніцу – без працы нашы пагранічнікі не сядзяць. І справядліва заўважыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў: “У Брэстчыны ёсць усе падставы ганарыцца пагранічнікамі”.
Кіраўніцтва вобласці, горада адзначыла лепшых вайскоўцаў ганаровымі граматамі, а артысты, у іх ліку быў і ўзорна-паказальны аркестр Брэсцкай пагрангрупы, парадавалі пагранічнікаў песнямі і танцамі.
У Брэсце на гэтым тыдні таксама прайшлі ўрачыстасці ля мемарыяла “Вартавым мяжы”  (на здымку) і ў крэпасці, дзе вайскоўцы ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны пагранічнікаў.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Падарунак да свята

Следующая запись

Пра што спявае апошні званок?