Беларусь

“Гонар маёй брыгады – мой гонар…”


Традыцыйная вячэрняя паверка ў казарме 4-й батарэі 111-й гвардзейскай Кёнігзбергскай Чырванасцяжнай ордэна Кутузава II ступені артылерыйскай брыгады заўсёды пачынаецца аднолькава.
– Гвардыі палкоўнік Патанін Фёдар Фёдаравіч! – гучыць голас дзяжурнага афіцэра.
– Гвардыі палкоўнік Патанін навечна залічаны ў асабовы састаў батарэі! – даносіцца адказ з роўнага салдацкага строю.
З загада міністра абароны Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 1994 года №42: “Улічваючы значнасць слаўных баявых традыцый і важнасць памяці аб тых, хто ў імя Радзімы не шкадаваў свайго жыцця і крыві, за воінскую доблесць і гераізм, праяўленыя на ратным полі, у спіскі асабовага саставу 4-й батарэі вайсковай часці 11921 навечна залічыць гвардыі палкоўніка Патаніна Фёдара Фёдаравіча”.
За ўсю 70-гадовую гісторыю існавання 111-й артбрыгады службу ў ёй праходзілі тысячы салдат і афіцэраў, толькі камандзіраў за гэты час змянілася больш за два дзясяткі, сярод іх былі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны гвардыі маёр Іван Азаранкаў і гвардыі палкоўнік Рыгор Косцікаў, памяць аб якіх свята захоўваецца ў часці. Чаму ж навечна ў спісы асабовага саставу залічаны менавіта Фёдар Патанін, які займаў у брыгадзе пасаду начальніка штаба нават не ў ваенны, а ў спакойны мірны час?
Так, ён – франтавік, артылерыст, прайшоў практычна ўсю вайну, быў цяжка паранены, адзначаны многімі ўрадавымі ўзнагародамі. Але ж ваяваў не ў гэтай часці. Свае подзвігі здзяйсняў у іншых воінскіх злучэннях. За якія ж тады заслугі такі гонар? Загад міністра абароны – не фармальнасць, не даніна модзе. Перш чым прыняць гэта рашэнне, вывучалася грамадская думка салдат і афіцэраў брыгады: каго б тут жадалі бачыць у ролі “ганаровага салдата” – так у арміі называюць тых, каго навечна залічваюць у спісы воінскіх часцей. І думка была аднадушнай. Я гутарыў з многімі воінамі-артылерыстамі – і цяперашнімі, і тымі, хто служыў у брыгадзе 15 гадоў таму, цікавіўся, чаму Патанін, а не хто іншы. Мне здавалася: калі знайду адказ на гэта пытанне – зразумею характар героя свайго будучага нарыса. Вось з тых доўгіх гутарак ды кароткіх думак-рэплік і склаўся вобраз.
Пасада начальніка штаба любой воінскай часці, на першы погляд, – зусім не гераічная, не баявая, хутчэй, наадварот – канцылярская, папяровая, якая больш адносіцца да загадаў, данясенняў, карт, схем і іншых дакументаў, чым да жывых людзей. На самай справе гэта распаўсюджанае сярод цывільнага насельніцтва меркаванне вельмі далёкае ад сапраўднасці. Начальнік штаба – другі па значнасці пасля камандзіра афіцэр у вайсковым злучэнні. Ён увасабляе ў сабе розум, а значыць – тактыку і стратэгію дзеянняў гэтага злучэння як ва ўмовах мірных вучэнняў, так і на полі рэальнага бою. Пры адсутнасці камандзіра менавіта начальнік штаба прымае на сябе ўсю адказнасць за лёс сваёй часці: за дысцыпліну і парадак, за поспехі і няўдачы, за перамогі і паражэнні. І ў мірны час, і ў ваенны. А калі на пасадзе камандзіра знаходзіцца чалавек нерашучы, слабахарактарны ці, не дай божа, перастрахоўшчык (бывае і такое!), дык і не толькі пры яго адсутнасці. Людзі ваенныя могуць, напэўна, мяне абвінаваціць у няведанні азоў воінскай дысцыпліны і службовай субардынацыі, аднак прыклад Патаніна пераконвае ў тым, што ў рэальных умовах служба не заўсёды ідзе строга па статутах і фармальных палажэннях.
Фёдар Патанін нарадзіўся 10 ліпеня 1922 года ў вёсцы Аніна Тамалінскага раёна Саратаўскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. Ды і які мог быць дастатак у гаспадарцы, галава якой быў інвалідам Першай сусветнай вайны? А ў дзевяцігадовым узросце хлопчык і ўвогуле застаўся сіратой: і бацька, і маці, і нават старэнькі дзядуля памерлі ад тыфу ў перыяд страшнага “галадамору” пачатку трыццатых гадоў на Паволжы. Цяжкае галоднае дзяцінства паўплывала на яго лёс. Беспрытульнічаў, парабкаваў…
Фёдар Фёдаравіч зараз з горыччу ўспамінае, як здабываў сабе сродкі для існавання, працуючы фактычна за лусту хлеба і міску гарачага супу. А што яшчэ мог зарабіць 9-10-гадовы хлопчык? Пас кароў, карміў хатнюю жывёлу, нарыхтоўваў дровы, араў зямлю… Шмат чаму навучыўся. Голад і холад цярпець. Той жа кусок хлеба берагчы. І на чалавечыя цеплыню, клопат адгукацца ўсім сэрцам.
Я чаму так падрабязна аб тым перыядзе патанінскага жыцця? Ды таму, што менавіта тады фарміраваліся галоўныя рысы высокай маральнасці гэтага чалавека, закладваўся падмурак яго характару. Тысячы ж такіх, як ён, дзяцей-беспрытульнікаў пайшлі па іншым шляху: каб неяк пракарміцца – кралі, рабавалі, нават забівалі людзей. Фёдар Патанін быць злачынцам не жадаў прынцыпова – памятаў і шанаваў прыклад бацькоў. А тыя, як бы бедна і галодна ні жылі, на чужое дабро рот ніколі не разявалі. І адзінага сына таму ж вучылі. Але хто ведае, як бы склаўся далейшы яго лёс (і спакус у жыцці шмат, і настаўнікі-выхавальнікі розныя сустракаюцца на жыццёвым шляху, і характар у хлапчука яшчэ не сфарміраваўся), калі б не шчаслівы выпадак.
Аднойчы, было гэта сцюдзёнай позняй восенню 1933-га, яго сустрэў на адным з чыгуначных вакзалаў родны дзядзька Фёдар, старэйшы брат маці. Як яны адзін аднаго пазналі – толькі богу вядома, але факт застаецца фактам: апазнаў дзядзька ў маленькім, брудным і галодным абадранцы свайго пляменніка. З сумбурнага, мала зразумелага аповяду даведаўся пра страшную смерць бацькоў і забраў хлопчыка да сябе. Нягледзячы на тое, што сам жыў амаль жабраком, што ўласная сям’я тулілася ў сырым падвале, дзе і павярнуцца было цяжка.
Гэтая выпадковая сустрэча крута змяніла ўсё далейшае жыццё. Дарэчы, і прозвішча таксама. Патаніным Фёдар стаў па дзядзьку, з нараджэння ж ён насіў іншае, бацькоўскае, прозвішча – Карсакоў.
У сям’і Фёдар адышоў душой. Жыццё паступова наладжвалася. Вучоба ў школе, захапленне спортам – валейбол, баскетбол, шахматы. Адным з першых у класе ўступіў у піянерскую арганізацыю, затым – у камсамол. Цяпер ён успамінае той перыяд як лепшы час свайго жыцця. Спакойны, разважлівы, справядлівы і разам з тым – весялун і аптыміст, Фёдар Патанін і ў юнацтве карыстаўся неаспрэчным аўтарытэтам сярод сваіх аднагодкаў: быў камсоргам класа, важатым у піянерскім лагеры ў час летніх канікулаў, ініцыятарам і арганізатарам многіх карысных спраў.
Разам з краінай, якая будавала новае сацыялістычнае грамадства, упэўнена глядзеў у будучыню юны Фёдар Патанін. 1941 год павінен быў стаць асаблівай вяхой у яго лёсе. Ён і стаў. Толькі зусім не так, як марылася. У яго 10 “А” класе выпускны вечар быў прызначаны на 25 чэрвеня. А 22-га пачалася вайна. Выпускны так і не адбыўся. Усе хлопцы 10 “А” ў поўным складзе на чале са сваім камсоргам Фёдарам Патаніным ужо праз некалькі гадзін пасля аб’яўлення па радыё аб нападзе фашыстаў на Савецкі Саюз стаялі ля дзвярэй райваенкамата – той знаходзіўся на адной вуліцы, дзе і школа. Суровы ваенкам у новенькай афіцэрскай форме нават рассмяяўся ад такога спрыту школьнікаў:
– Па дамах, хлопцы, па дамах! З фрыцамі мы і без вас справімся… Малой крывёй і на варожай тэрыторыі! Чакайце. Калі спатрэбіцеся – самі выклічам.
Ні ён, ні гэтыя хлапчукі, якія рваліся ў бой, ні мільёны іншых савецкіх людзей тады не маглі нават уявіць, якой крыві запатрабуе тая страшэнная вайна. Яна не абышла ні адну сям’ю, забрала дзясяткі мільёнаў жыццяў не толькі салдат і афіцэраў, але і жанчын, дзяцей, старых. Расстраляных, закатаваных у канцлагерах, спаленых жывымі ў хлявах і храмах, павешаных на гарадскіх плошчах і вясковых перакрыжаваннях…
Фёдар Патанін “спатрэбіўся” толькі ў 1942 годзе. Дайшла да яго чарга даказваць на справе свой патрыятызм, сваю адданасць Радзіме і народу. Па збегу абставін у армію Фёдара прызвалі 23 лютага – у дзень, калі ў СССР адзначалі чарговую гадавіну нараджэння Чырвонай Арміі. Таму з асаблівым пачуццём ірваўся ў бой: да таго часу ўжо выдатна ўсвядоміўшы, што шлях да перамогі будзе працяглым і неверагодна цяжкім. І як жа быў расчараваны, калі даведаўся, што яго накіроўваюць не на фронт, а ў… тыл – у горад Кастраму, дзе ў эвакуацыі знаходзілася 3-е Ленінградскае артылерыйскае вучылішча.
Зноў вучыцца! Ад крыўды ледзь не расплакаўся. Але… У арміі загады камандзіраў не абмяркоўваюцца. Давялося ў паскораным тэмпе спасцігаць азы артылерыйскага ваеннага мастацтва. Цікавая гэта была навука. Дзесяць месяцаў замест чатырох гадоў у мірных умовах. Што можна паспець? Аднак вайна патрабавала зусім іншых падыходаў. І да баёў. І да вучобы. І ўвогуле – да жыцця, да чалавечых зносін. 18-19-гадовыя юнакі пасля першага бою станавіліся мужчынамі. Ці гінулі.
У кастрычніку 1942-га, паспяхова закончыўшы вучылішча, Фёдар прыбыў для далейшага нясення службы ў 102-ю Далёкаўсходнюю дывізію 70-й арміі войскаў НКУС, якая знаходзілася на Курскай дузе. Праўда, словазлучэнне гэта стала славутым праз некалькі месяцаў у разгар жорсткіх баёў лета 1943 года. Менавіта тады ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны быў дасягнуты канчатковы пералом на карысць Чырвонай Арміі. Знакамітая танкавая бітва пад Прохараўкай, фактычна першая за час вайны паспяховая летняя стратэгічная аперацыя, праведзеная савецкімі войскамі… Наступальны парыў нашых армій быў такі магутны і рашучы, што пасля Курскай дугі гітлераўскія ваякі ўжо практычна без прыпынку пакаціліся назад у сваю бярлогу.
Аднак да канчатковай перамогі над жорсткім і каварным ворагам былі яшчэ доўгія два гады. А ў кастрычніку 1942-га Фёдар Патанін, прызначаны камандзірам тапаграфічнага ўзвода артылерыйскага дывізіёна 356-га артылерыйскага палка, у складзе толькі што сфарміраванай 70-й арміі адразу трапіў у бой. У дывізіёне толькі ён адзін меў прафесіянальную падрыхтоўку, усе астатнія афіцэры былі прызваны з запасу. Аграномы, настаўнікі, інжынеры… Яны ўяўлення не мелі пра тактыку баявых дзеянняў, не ведалі матэрыяльнай часткі ўзбраення. Ды што казаць! Калі часці 102-й дывізіі выгрузіліся з эшалонаў на маленькай чыгуначнай станцыі Сцялец пад Курскам, толькі ў адной, другой, батарэі былі снарады. Аналагічная сітуацыя склалася і ў стралковых часцях. Многія байцы кідаліся на ворага голымі рукамі, артылерысты цягнулі гарматы, якія не маглі страляць. Вось такім расчаравальным было баявое хрышчэнне.
Ішлі баі мясцовага значэння… Аб іх нават не гаварылася ў зводках Савінфармбюро, хоць людзі гінулі тысячамі. 30 працэнтаў асабовага саставу стралковых палкоў палягло на палітай крывёй курскай зямлі. Не лепшым было становішча і ў іншых часцях 70-й арміі, якая прыняла на сябе адзін з асноўных удараў фашысцкай ваеннай машыны ў першыя дні ліпеня 1943 года на Курскай дузе. Нягледзячы на магутную контрартпадрыхтоўку, праведзеную савецкімі войскамі за дзве гадзіны да пачатку нямецкага наступлення, вораг быў рашуча настроены на перамогу і наступаў вялікімі сіламі. Рашаючую ролю ў яго разгроме ў Курскай бітве адыгралі нашы танкі і артылерыя.
Свой уклад у гэту перамогу ўнёс і Фёдар Патанін са сваімі тапаграфістамі. Задачу яны выконвалі вельмі важную і складаную. Пад шквальным агнём праціўніка тапаграфісты (фактычна – разведчыкі) на пануючых над навакольнай мясцовасцю вышынях карэкціравалі агонь сваіх батарэй. Гітлераўцы, зразумела, у першую чаргу стараліся выявіць і знішчыць іх пазіцыі, наспех абсталяваныя пры дапамозе сапёрных рыдлёвак. Адзін дакладна пасланы снарад – і спраўляй памінкі! Тапаграфісты амаль заўсёды знаходзіліся наперадзе сваёй пярэдняй лініі – на нейтральнай паласе, і праціўнік прымяняў не толькі сваю артылерыю, але і танкі, аўтаматчыкаў. Нярэдка ў час такіх атак даводзілася выклікаць “агонь на сябе” ўласных гармат. Шанцаў уцалець у такім пекле практычна не было.
А Фёдару Патаніну на дзіва шанцавала. Ні ў першым, ні ў многіх наступных баях яго нават не зачапіла. Ні куляй, ні асколкам варожага снарада. Ён, быццам загавораны, знаходзіўся пасярод сапраўднага пекла і наводзіў, наводзіў, наводзіў свае батарэі на гітлераўскія танкі, гарматы, калоны пяхоты. Аднак запас удачы аднойчы скончыўся.
31 ліпеня 1943 года… Той дзень Фёдар запомніў назаўсёды. Раніцай адбыўся адкрыты партыйны сход. Была на вайне такая традыцыя: перад чарговым боем разглядаць заявы салдат і афіцэраў аб прыёме ў Камуністычную партыю. Сярод некалькіх іншых кандыдатаў на гэты раз быў і лейтэнант Патанін. Аб яго мужнасці і гераізме ўжо хадзілі легенды, маладога афіцэра паважалі і падначаленыя, і камандзіры. За справядлівасць і чалавечнасць, за дысцыплінаванасць і вернасць воінскаму абавязку, за абавязковасць і ўменне дакладна арганізаваць дзеянні свайго ўзвода.
Рашэнне партарганізацыі дывізіёна было аднадушным: прыняць Фёдара Патаніна ў члены ВКП(б). Праз гадзіну ён ужо ішоў у бой камуністам. Гэта цяпер некаторыя “гісторыкі” падвяргаюць сумненням кіруючую ролю Кампартыі ў жыцці краіны і, у прыватнасці, у перамозе над фашысцкай Германіяй. А тады лозунг “Камуністы – наперад!” адлюстроўваў рэальнае становішча спраў. Камуністы сапраўды ішлі наперадзе і ў мірных, і ў ваенных бітвах, вялі за сабой усіх астатніх. Стаць членам партыі напярэдадні атакі – асаблівы гонар. Гэта права давалася толькі лепшым з лепшых – байцам, якія прадэманстравалі асабістыя мужнасць і гераізм у папярэдніх баях.
Нешта не заладзілася ў трэцяй батарэі, якой камандаваў капітан Арлоў. Аўтамабіліст па прафесіі, ён нядаўна быў прызваны з запасу і яшчэ слаба арыентаваўся ў артылерыйскай спецыфіцы. Лейтэнанту Патаніну давялося браць камандаванне на сябе. А тут яшчэ не стала сувязі з агнявымі пазіцыямі, “аслеп” практычна ўвесь дывізіён – ці то провад абарвала шалёным снарадам, ці то карэкціроўшчыкі загінулі. Фёдар прымае рашэнне ісці самому на назіральны пункт. З двума байцамі, дзе паўзком, па-пластунску, дзе кароткімі перабежкамі, пятляючы паміж выбухаў нямецкіх мін і снарадаў, ухіляючыся ад кулямётных чэргаў, за паўгадзіны дабраліся да патрэбнай вышыні.
Вячаслаў БУРДЫКА,
“НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля