Беларусь

«Народная трыбуна» ў інтэрнэце: ЗАЎСЁДЫ АНЛАЙН!


Па адрасе www.tribune.by з лютага 2009 г. «прапісалася» газета «Народная трыбуна». Зараз у нашага выдання ёсць свой сайт! Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, у любы дзень тыдня мы цяпер анлайн! Думаеце, гэта проста даніна модзе? Не! Пастаянныя чытачы нашай газеты знойдуць для сябе на сайце шмат новага. Акрамя таго, дзякуючы вэб-рэсурсу ў інтэрнэце абласная газета, напэўна, набудзе новую аўдыторыю. Давайце разам зойдзем на сайт і паглядзім, што ж ён сабой уяўляе.
Публікацыі з газеты. Навіны рэспублікі і вобласці ў рэжыме анлайн. Галоўныя падзеі дня. Каментарыi чытачоў. Інтэрактыўныя абмеркаванні. Бліц-апытанні. Відэасюжэты. RSS-рассылкі. Прагноз надвор’я. Магчымасць чытаць газету на экране мабільнага тэлефона. Прычым гэта далёка не ўсё. У рэдакцыі газеты «Народная трыбуна» шмат задум па напаўненні новага сайта. Давайце будзем абмяркоўваць і рэалізоўваць іх разам.
НАВІНЫ ТУТ
І ЗАРАЗ
Для друкаванага выдання сайт у інтэрнэце – гэта рэпутацыя, пашырэнне аўдыторыі, магчымасць правядзення галасаванняў, абмеркаванняў, форумаў … Па статыстыцы, у Беларусі налічваецца 3,1 мільёна карыстальнікаў інтэрнэту. Шырокапалосны інтэрнэт у нашай краіне выкарыстоўваюць больш за 500 тысяч чалавек. Колькасць актыўных карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту ў Беларусі дасягае 600 тысяч. Даступныя інтэрнэт-тэхналогіі і жыхарам Брэстчыны: дастаткова набраць у браўзэры www.tribune.by – і вы на сайце газеты «Народная трыбуна»!
Дарэчы, газета ў інтэрнэце – гэта магчымасць быць у курсе ўсіх мясцовых навін, нават калі вы знаходзіцеся за межамі вобласці ці краіны. Думаем, на сайце трэба размяшчаць не толькі матэрыялы газеты, але і іншую інфармацыю, што датычыцца Брэста. Публікацыі на сайце будуць з’яўляцца не раз на тыдзень, а амаль штодня. Побач з кожным матэрыялам указваецца час яго размяшчэння на сайце. Вы ў рэжыме анлайн заўсёды будзеце ў курсе падзей, якія адбываюцца на Брэстчыне.
НАМ ВАЖНА ВАША
МЕРКАВАННЕ

Для нас галоўныя менавіта вы – нашы чытачы. Таму на сайце асаблівая ўвага нададзена зваротнай сувязі. Да кожнага матэрыялу можна пакінуць свой каментарый. Прычым каментарыі публікуюцца ў інтэрнэце адразу ж. Папярэдняя мадэрацыя адсутнічае. Прапануем вам высокі ўзровень інтэрактыўнасці: галасуйце, абмяркоўвайце, каменціруйце, дзяліцеся ўражаннямі, спрачайцеся. Выказацца можа кожны! Дарэчы, усе змястоўныя каментарыі знойдуць месца і на старонках газеты.
Прапаноўвайце ў рэжыме анлайн нешта новае, разважайце, пытайцеся, крытыкуйце, паведамляйце нам свае навiны. Мы вельмі шануем сувязь «Народнай трыбуны» з чытачамі. Думаем, што ў інтэрнэце яна будзе не менш цеснай. Кожны тыдзень на новым сайце газеты «Народная трыбуна» www.tribune.by будуць размяшчацца апытанні на актуальныя тэмы. Нам важна ваша меркаванне! Правядзенне розных конкурсаў сярод наведвальнікаў сайта – яшчэ адна асаблівасць новага вэб-рэсурсу газеты. Прапануйце сваю ідэю конкурсу, і яна абавязкова будзе рэалізавана.

ГЛЯДЗІ, ЧЫТАЙ, СЛУХАЙ!
Публікацыя відэасюжэтаў на сайце – яшчэ адна навінка. Для прагляду відэа, зразумела, неабходны шырокапалосны доступ у інтэрнэт. Відэаролікі, як правіла, дастаткова кароткія (да 5-7 хвілін). Плануецца, што на сайце www.tribune.by кожны тыдзень будуць размяшчацца відэасюжэты, падрыхтаваныя журналістамі анлайнавай рэдакцыі. Прычым вы самі можаце прапанаваць тэму для відэарэпартажу. Акрамя відэа, на сайце газеты ў бліжэйшы час з’явяцца аўдыёпадкасты – перадачы ў фармаце mp3, якія можна як праслухаць у рэжыме анлайн, так і спампаваць на камп’ютар або мабільны тэлефон.
Пры дапамозе RSS-падпіскі можна сачыць за новымі публікацыямі, якія з’яўляюцца на сайце www.tribune.by, а таксама падпісвацца на свежыя каментарыі. Гэта вельмі зручна для «прасунутых» карыстальнікаў інтэрнэту, бо эканоміць час і трафік. Зайшоўшы на сайт і не знайшоўшы там нічога новага, міжволі адчуваеш, што дарэмна страціў час. Іншая справа – убачыць, што ёсць абнаўленні, і прагледзець іх, калі настане зручны момант. Падобная тэхналогія ў корані мяняе спосаб атрымання патрэбнай інфармацыі. Навіны Брэсцкай вобласці самі прыходзяць да вас!

ГАРТАЮЧЫ СТАРОНКІ…
САЙТА

Думаем, што навігацыя па новым сайце газеты «Народная трыбуна» www.tribune.by будзе не больш складанай, чым перагортванне старонак газеты. У верхняй частцы ў выглядзе слайд-шоу размешчаны галоўныя публікацыі нумара. У правай калонцы змешчаны матэрыялы найбольш важных рубрык газеты. Вы можаце хутка прагледзець іх без непатрэбных рухаў мышкі. Гэта эканоміць час і факусіруе ўвагу на самых рэйтынгавых матэрыялах. Зразумела, здымкі на сайце да ўсіх матэрыялаў каляровыя. Прычым на сайце вы ўбачыце тыя фотаздымкі, якія не трапілі ў газету, а фотагалерэя будзе рэгулярна папаўняцца.
Падкастынг, RSS-паток, вэб-тэлебачанне, навіны анлайн – гэтыя інтэрнэт-сэрвісы для нас да пары да часу былі ў дзівоцтва… У гэтай сувязі хацелася б заўважыць, што новы сайт нашай газеты па максімуме адпавядае міжнародным стандартам анлайн-журналістыкі. Прычым яго напаўненнем займаюцца студэнты новай спецыяльнасці «Журналістыка (вэб-журналістыка)» Інстытута журналістыкі БДУ: яны ведаюць, як зрабіць сайт папулярным, каб яго чыталі і наведвалі. Кожны дзень, у любы час сутак, на сайце www.tribune.by вы можаце даведацца пра галоўныя падзеі ў краіне і ў свеце, паглядзець прагноз надвор’я і прачытаць свежы анекдот. Таксама вы знойдзеце шмат карысных спасылак на інтэрнэт-рэсурсы вобласці.

БУДУЧЫНЯ ЗА ВЭБ-
ЖУРНАЛІСТЫКАЙ!

Поспех у Беларусі сёння забяспечаны менавіта тымі анлайн-версіямі традыцыйных СМІ, якія не капіруюць іх, а абнаўляюцца ў рэжыме рэальнага часу і прапануюць чытачам шматлікія дадатковыя паслугі, даюць кожнаму магчымасць выказацца, падзяліцца навінамі, абмеркаваць найбольш цікавыя матэрыялы газеты. Многія традыцыйныя выданні ў апошні час кардынальна змянілі свае сайты. Пры публікацыі матэрыялаў выконваецца прынцып «спачатку ў сетцы, затым – у друкаванай версіі». Па сутнасці, добра зробленая электронная версія выдання – гэта асобнае СМІ.
Анлайн-рэдакцыя «НТ»Пакаленне XXI стагоддзя аддае перавагу новым, высокатэхналагічным спосабам атрымання інфармацыі. Калі газеты хочуць захаваць маладых чытачоў, ім неабходна выходзіць на новыя, звыклыя і зручныя для іх платформы. Што мы і робім. Прапаноўвайце свае тэмы, абменьвайцеся інфармацыяй, каменціруйце публікацыі, усяляк удзельнічайце ў працы сайта www.tribune.by! Запрашаем у будучыню разам з новым сайтам газеты «Народная трыбуна!»

Анлайн-рэдакцыя «НТ»

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля