Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Каля 450 дэлегатаў з 5 краін свету прымуць удзел у IX Рэспубліканскім экалагічным форуме ў Брэсце

Каля 450 дэлегатаў з 5 краін свету прымуць удзел у IX Рэспубліканскім экалагічным форуме ў Брэсце


Каля 450 дэлегатаў з 5 краін свету прымуць удзел у IX Рэспубліканскім экалагічным форуме, які пройдзе ў Брэсце з 26 па 28 жніўня
Фінальны этап форуму па традыцыі згуртуе прыхільнікаў прыроды вакол самых вострых экалагічных пытанняў і шляхоў іх вырашэння. Палымяныя заклікі да эфектыўнага выкарыстання прыроднай спадчыны арганізатары падмацуюць тэматычнымі мерапрыемствамі. Па ўсім відаць: нават напрыканцы лета і насуперак прагнозам надвор’я ў Брэсце будзе горача.
Сёлетняе экалагічнае свята прысвечана Міжнароднаму году лясоў, таму не цяжка здагадацца: менавіта гэту экасістэму яго ўдзельнікі будуць узгадваць часцей за іншыя. Як паведамілі ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у рамках экалагічнага форуму будзе працаваць “Горад майстроў”, а таксама выставы-прэзентацыі ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны. Прыцягне ўвагу як прафесіяналаў, так і звычайных абывацеляў экспазіцыя пад назвай “Сучасныя тэхналогіі ў вобласці рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя”. Сярод адметнасцей – прысуджэнне звання ганаровага эколага. Нагадаем, дэбют гэтай узнагароды адбыўся летась на свяце ў Гродне.
Завершыцца IX Рэспубліканскі экалагічны форум ушанаваннем пераможцаў конкурсаў, затым прысутныя паглядзяць гала-канцэрт з удзелам “зорак” беларускай эстрады і феерверк – на развітанне. А пакуль, узгадваючы ўрокі фізкультуры, голасна выклікнем: “Форум, на старт!..”
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля