Кіраўнік абласной ветэранскай суполкі Сцяпан Амялюсік адзначыў 80-годдзе
Кіраўнік абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Сцяпан Амялюсік сустрэў 18 лістапада свой 80-ы дзень нараджэння
У зале ўрачыстых прыёмаў у аблвыканкаме ў панядзелак у цэнтры ўвагі быў сівы чалавек, які з прыязнай усмешкай глядзеў на ўсіх. Удумлівы позірк, добразычлівае стаўленне да кожнага, мяккі голас – такім ведаюць старшыню савета абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Сцяпана Амялюсіка многія людзі. Такім жа памятаюць яго на малой радзіме –
Бярозаўшчыне: нарадзіўся Сцяпан Піліпавіч у вёсцы Стаўкі, як кажуць, за польскім часам. Рос і сталеў у СССР, а жыццёвую мудрасць прымнажаў ужо ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь.
Усё жыццё Сцяпан Амялюсік імкнуўся вучыцца, старанна працаваў. Віншуючы юбіляра, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык (на здымку) адзначыў, што такой насычанай біяграфіі можна пазайздросціць, але галоўнае – дзе б ні быў Сцяпан Піліпавіч, чым бы ні займаўся, ён заўсёды жыў па сумленні. Служыў на Ваенна-марскім флоце, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Вышэйшай партыйнай школе, працаваў настаўнікам у Бярозаўскім раёне, там жа прайшоў шлях ад сакратара пярвічнай арганізацыі да першага сакратара райкама камсамола, а затым і раённага камітэта кампартыі. Брэсцкі перыяд жыцця Сцяпана Амялюсіка – гэта праца ў абкаме КПБ, 14 год – у абласным упраўленні сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а як пайшоў на заслужаны адпачынак, дык поўнасцю прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці, у 2007 годзе ўзначаліў абласную ветэранскую арганізацыю.
На ўрачыстасці юбіляра віншавалі прадстаўнікі ўлады (Сцяпан Піліпавіч атрымаў Падзячны ліст аблвыканкама) і землякі з дарагой сэрцу Бярозаўшчыны, дэпутаты і калегі па ветэранскім руху… І колькі па-людску добрых слоў прагучала! А віноўнік урачыстасці прыветна ўсміхаўся. Сціплы Сцяпан Піліпавіч нават на ўрачыстасць не надзеў свае ўзнагароды – ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны (іх у яго – два), Дружбы народаў і Айчыны III ступені ды 8 медалёў. І гэта таксама рыса характару, бо, хоць і знаходзіцца многія гады ў цэнтры ўвагі, ніколі не займаўся бахвальствам; перакананы, што пра чалавека найлепшым чынам гавораць яго справы. Для Сцяпана Піліпавіча на першым плане – клопат пра людзей, абарона іх інтарэсаў. Нават на ўласным юбілеі ён гаварыў пра грамадскае: новыя задумкі ветэранскай суполкі, пра тое, што трэба годна адзначыць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, не пакінуць без увагі чарговыя выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў і прэзідэнцкую кампанію 2015 года…
Жыць грамадскімі клопатамі – гэта ў стылі Сцяпана Амялюсіка. З юбілеем Вас, шаноўны Сцяпан Піліпавіч!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.