У сярэдняй школе №14 г. Брэста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар палкавога камісара Яфіма Фаміна
У сярэдняй школе №14 г. Брэста 16 лістапада ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар аднаго з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці – палкавога камісара Яфіма Фаміна
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў, кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Аляксандр Рагачук, прадстаўнікі грамадскасці, ветэраны, моладзь. З Украіны прыехаў унук Яфіма Майсеевіча Алег Фамін.
Нагадаем, што Яфім Фамін нарадзіўся ў вёсцы Колышкі Ліёзненскага раёна Віцебскай вобласці ў 1909 годзе. У Брэсцкую крэпасць прыбыў у сакавіку 1941-га.
Вайну сустрэў на пасадзе намесніка камандзіра па палітычнай частцы 84-га стралковага палка 6-й Арлоўскай Чырванасцяжнай дывізіі. 24 чэрвеня ўвайшоў у склад штаба абароны крэпасці, стаўшы намеснікам камандзіра зводнай групы капітана Івана Зубачова. Камісар Фамін вадзіў байцоў у атакі, падбадзёрваў параненых, клапаціўся аб іх. Яго спакой, самаадданасць і мужнасць узнімалі баявы дух чырвонаармейцаў.
Яфім Майсеевіч Фамін быў расстраляны фашыстамі 30 чэрвеня 1941 года ля Холмскіх варот. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 студзеня 1957 года пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. На месцы яго гібелі ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Імя героя носяць вуліцы Брэста, Мінска, Пскова, Ліёзна, піянерскія дружыны і школы, у іх ліку і 14-я школа абласнога цэнтра.
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.