Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Малады эстрадны калектыў з Жабінкі адзначыўся на міжнародных конкурсах

Малады эстрадны калектыў з Жабінкі адзначыўся на міжнародных конкурсах


Малады эстрадны калектыў “Алегра-нова” з Жабінкі ўжо адзначыўся на міжнародных конкурсах.
Як светлыя промні, спачатку паволі, а потым густа высыпаюцца, так і дзіцячыя таленты запальваюцца на небасхіле культуры. Варта толькі іх своечасова раскрыць.
Крыху больш трох гадоў зай-маецца пошукам здольных дзяцей у галіне эстрады заслужаны работнік культуры Рэспублікі Адыгея (РФ) Нэлі Дукава, якая па сямейных абставінах прыехала жыць у Жабінку. Дзіцячы эстрадны калектыў “Алегра-нова” раённага цэнтра пазашкольнай работы пад кіраўніцтвам вопытнага педагога малады, але ўжо набыў славу далёка за межамі раёна. Гэтаму адпавядае сама назва – музычны тэрмін “алегра” азначае: хутка, жвава. А “нова” – новыя песні, новыя поспехі. Апошнія высыпаюцца, сапраўды, як на небе зоркі.
Сямікласнік СШ №3 Даніла Казлоў, напрыклад, атрымаў Гран-пры на Міжнародным конкурсе “Залатая пчолка”, з’яўляецца лаўрэатам міжнароднага конкурсу краін Балтыі і СНД. Напярэдадні Новага года яму выдзелена Прэзідэнцкая стыпендыя на 2010 год. Лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў таксама сталі салісты дзіцячага эстраднага калектыву Насця Калячка, Юлія Салдакаева, якая піша і вершы, і музыку.
Падчас Калядных свят у раённым кінатэатры адбыўся чарговы справа-здачны канцэрт “Алегра-нова” пры поўным аншлагу. На яго былі запрошаны мясцовы паэт Алесь Каско і кампазітар з Кобрына Юрый Давідзюк. Запрошаны невыпадкова, бо ў зале гучала шмат песень менавіта гэтых аўтараў. Нэлі Сяргееўна Дукава ў мэтах прапаганды беларускай эстраднай песні наладжвае кантакты з творчай інтэлігенцыяй Берасцей-шчыны, што дае магчымасць папаўняць рэпертуар новымі сучаснымі і арыгінальнымі кампазіцыйнымі творамі.
Пра свае поспехі кіраўнік дзіцячага эстраднага калектыву гаворыць сціпла: ёсць жаданне, ёсць цікавыя задумкі, ёсць здольныя дзеці, застаецца толькі працаваць. А вопыту і прафесіяналізму ў яе дастаткова, пра што сведчыць такі факт: у калектыў уліваюцца новыя юныя таленты, якія прыязджаюць нават з Брэста.
Аляксей ГАНЧУК, “НТ”,
г.Жабінка.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля