Беларусь

Падзеі: у свеце, краіне, вобласці


Павышаць аўтарытэт АДКБ
Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы можа значна павысіць міжнародны аўтарытэт і сваю значнасць як рэгіянальнай структуры па эфектыўнай падтрымцы бяспекі на постсавецкай прасторы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 мая на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія прымалі ўдзел у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў – членаў АДКБ.
Місія МВФ
Беларусь разлічвае прыцягнуць 3,5 – 8 мільярдаў долараў у рамках новай праграмы з Міжнародным валютным фондам. Аб гэтым паведаміў журналістам Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч. Урад і Нацыянальны банк ужо накіравалі адпаведны зварот у МВФ. З 1 па 14 чэрвеня ў Мінску працуе місія МВФ, якая павінна разгледзець пытанні бягучай эканамічнай сітуацыі ў рэспубліцы, меры, што прымаюць Урад і Нацбанк па стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку, і вызначыць магчымасць выдзялення крэдыту.
Нацбанк павысіў стаўку
З 1 чэрвеня Нацыянальны банк Беларусі павысіў стаўку рэфінансавання на 2 працэнтныя пункты – да 16 працэнтаў гадавых. Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны, гэта “накіравана на павелічэнне даходнасці па ўкладах у беларускіх рублях і ўзмацненне абароны рублёвых зберажэнняў у банках ад інфляцыі”.

Абітурыенты перад стартам
На цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся 150175 абітурыентаў. Такую лічбу назваў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Беларусі Мікалай Фяськоў. Першыя іспыты (па беларускай мове) пройдуць 14 чэрвеня. Рускую мову абітурыенты будуць здаваць 15 чэрвеня, гісторыю Беларусі – 17, матэматыку – 19, грамадазнаўства – 21, хімію – 22, сусветную гісторыю навейшага часу – 23, фізіку – 25, біялогію – 26, замежныя мовы – 28, геагра-фію – 29 чэрвеня.
Пра навацыі ў рэабілітацыі
У Брэсце прайшла міжнародная навукова- практычная канферэнцыя на тэму “Актуальныя праблемы медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі”. У ёй прынялі ўдзел каля 200 спецыялістаў з усіх абласцей Беларусі, а таксама з Расіі і Украіны. Яе ўдзельнікі абмяняліся думкамі па важнейшых пытаннях, а галоўную ўвагу ўдзялілі пошуку наватарскіх метадаў медыцынскай і прафесіянальнай рэабілітацыі інвалідаў.
Сом і рак – пад забаронай
З 31 мая па 1 ліпеня ў Беларусі ўстаноўлена забарона на лоўлю сома звычайнага (еўрапейскага), а да 15 ліпеня – рака вузкапалага. Брэсцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае: за незаконную лоўлю прадугледжваецца штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь. Акрамя таго ў трохкратным памеры спаганяецца кошт вылаўленай рыбы (за сома – 3, за рака – 1,5 базавай велічыні).
За чыстае паветра
У Беларусі 1 чэрвеня стартаваў экалагічны месячнік “Чыстае паветра”. У ходзе гэтай акцыі спецыялісты Мінпрыроды і супрацоўнікі ДАІ правераць аўтагаспадаркі і станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў. Кантроль узроўню забруджвання адпрацаваных газаў аўтамабіляў будзе ажыццяўляцца таксама на іншых прадпрыемствах і на дарогах.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля