Беларусь

Любоў Чаркашына заваявала чатыры медалі на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы


Фота: http://www.moyby.com
БРЭСТ
Чатыры медалі Чаркашынай
23-гадовая брастаўчанка Любоў Чаркашына на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы заваявала чатыры медалі: два залатыя (за практыкаванні з булавой і мячом), адзін сярэбраны (у камандным турніры) і адзін бронзавы (за практыкаванне з абручом). Чэмпіянат праходзіў у Мінску 28-29 мая.
БРЭСЦКІ РАЁН
Туберкулёзу – не!
У панядзелак адбылося пасяджэнне раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета  па прафілактыцы і барацьбе з туберкулёзам. На ім ішла гаворка аб стане процітуберкулёзнай работы  ў раёне ў 2010 годзе і ў першым квартале сёлета. Быў распрацаваны комплекс мер па прафілактыцы і барацьбе з хваробай на перспектыву.
БАРАНАВІЧЫ
У фарматах 3D і 2D
У кінатэатры “Звезда” адбылася прэм’ера поўнай версіі блокбастара “Аватар” рэжысёра Джэймса Кэмерана ў фармаце 3D. Магчымасць па-новаму глядзець фільмы з’явілася ў гараджан пасля таго, як тут быў усталяваны лічбавы кінапраектар. Цяпер у кінатэатры аншлаг, на які нават не ўплывае адносна высокая цана за білет – 10 тысяч рублёў.

БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Піянерскі форум
На базе Сталовіцкай сярэдняй школы прайшоў IХ раённы злёт піянераў. Удзел у ім прынялі 36 піянерскіх дружын устаноў адукацыі. За актыўную работу дыпломамі і падарункамі былі адзначаны вучні Мірнаўскай, Падлясейскай, Ішкалдзеўскай, Зеляноўскай і Гарадзішчанскай школ. На злёце прыняты зварот да піянераў раёна.
БЯРОЗА
“Белая Русь” на будоўлі
Раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” правяла працоўную акцыю на будаўнічых пляцоўках КУЖЭП “Бярозажылсэрвіс”, ДУВП “Бярозаўская ЖКГ” і УП “Бярозаўская ПМК-3”. Удзельнікі суботніка навялі парадак у жылой зоне Паўночнага гарадка, правялі работы па планіроўцы мясцовасці, усталявалі і пафарбавалі агароджу.
ГАНЦАВІЧЫ
Спачатку – паглядзелі…
Учора ў райвыканкаме прайшло пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка і старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Перад яго пачаткам удзельнікі мерапрыемства пабывалі на аб’ектах і паглядзелі, што зроблена, а што яшчэ належыць выканаць.
ДРАГІЧЫН
Фестываль напаўняе душу
У нядзелю ў гарадскім Доме культуры прайшоў фестываль духоўных песнапенняў “Спявайце Богу нашаму, спявайце”. Адзін з самых унікальных праектаў у сферы супрацоўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы і дзяржавы не толькі раскрывае сэрцы людзей насустрач дабру і міласэрнасці, але дапамагае лепш усвядоміць непераўзыдзенае значэнне самых галоўных жыццёвых каштоўнасцей – моцнай сям’і, надзейнага дамашняга ачага, міру і згоды на зямлі.
ЖАБІНКА
Міністр выслухаў усіх
Райцэнтр наведаў міністр гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў, які правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Міністр уважліва выслухаў усіх, хто прыйшоў, растлумачыў сітуацыю на спажывецкім рынку, азнаёміў наведвальнікаў з умовамі дадатковых ільгот для гандляроў, узяў пад кантроль праблемы, узнятыя жыхарамі раёна.
ІВАНАВА
Трактар для “Моладава-Агра”
Абвешчаны вынікі рэспубліканскага агляду добраўпарадкавання машынных двароў. Рашэннем Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь пераможцам прызнаны Іванаўскі раён, які ўзнагароджаны Ганаровай граматай і грашовай прэміяй у памеры 250 базавых велічынь. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый краіны першае месца аддадзена машыннаму двару  аграрнага прадпрыемства “Моладава-Агра”.
ІВАЦЭВІЧЫ
Забаўкі ў падарунак
Да выхаванцаў раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым сацыяльным прытулкам у сераду завіталі госці. З віншаваннямі з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей, падарункамі і гульнямі да хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі дарослыя: афіцэры папраўчай установы “ПК №5”, прадпрымальнікі, прадстаўнікі аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама. Малым асабліва спадабалася гульнявая праграма “Жартаўлівыя забаўкі”, у якой яны актыўна паўдзельнічалі.
КАМЯНЕЦ
На магілу да дзеда
У райцэнтры з неафіцыйным візітам пабываў народны дэпутат Украіны Вадзім  Калеснічэнка. Мэта візіту – наведванне брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў у Камянцы, дзе пахаваны яго дзед. Пасля ўскладання вянка да помніка загінулым салдатам і гваздзікоў на мемарыяльную пліту з прозвішчам дзеда Вадзім Калеснічэнка сустрэўся з вучнямі сярэдняй школы №1, якія займаюцца пошукавай работай, падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Камянеччыны.
КОБРЫН
На сустрэчнай паласе
Два чалавекі загінулі і яшчэ два атрымалі цяжкія раненні ў дарожна-транспартным здарэнні, якое адбылося ў нядзелю на аўтадарозе Кобрын – Гомель, непадалёку ад вёскі Залессе. 26-гадовы жыхар вёскі Гутава Драгічынскага раёна на “БМВ-530” пры абгоне выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з “Аўдзі-80”. У выніку вадзіцель “БМВ-530” і яго 26-гадовы пасажыр загінулі, а вадзіцель другога аўтамабіля, 35-гадовы жыхар вёскі Вялікія Лепясы Кобрынскага раёна, і пасажыр з гэтай машыны, 41-гадовы жыхар Кобрына, з траўмамі дастаўлены ў бальніцу.
ЛУНІНЕЦ
“Парад зорак”
Пад такой назвай у гарадскім Доме культуры прайшло свята з удзелам старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча. Урачыстае мерапрыемства сабрала лепшых школьнікаў, дзякуючы якім Лунінеччына трывала замацавала за сабой права на лідарства ў алімпіядным руху сярод сельскіх раёнаў вобласці. Пераможцамі і прызёрамі “Парада зорак” прызналі Кацярыну Кіслюк, Катарыну Салаховіч, Юлію Макоўскую, Уладзіслава Гопку, Вераніку Луд.
ЛЯХАВІЧЫ
Гонар, падмацаваны грашыма
Сёння працаўнікі УП “Ляхавіцкае ПМС” святкуюць прафесійнае свята. Лепшыя атрымалі ўзнагароды. Экскаватаршчык Іван Краўчук удастоены звання “Ганаровы меліяратар”, крыху раней яго атрымаў Аляксандр Гутырчык. Згодна з калектыўным дагаворам такая высокая ацэнка работы аднаразова падмацоўваецца напачатку 20 базавымі велічынямі, а ўсе наступныя гады да Дня меліяратара – 10 велічынямі.
МАЛАРЫТА
Спартсмены года
“Хутчэй! Вышэй! Мацней!” – пад такім дэвізам напярэдадні летніх канікул вучні першай гарадской школы цэлы тыдзень змагаліся за званне “Спартсмен года”. Пасля інфармацыйнай гадзіны і алімпійскага ўрока школьнікі ўдзельнічалі ў “Малых алімпійскіх гульнях”. Спаборнічала моладзь у падцягванні (хлопчыкі), адцісканні (дзяўчынкі), скачках у даўжыню, кіданні мяча і бегу. Па суме занятых месцаў самымі спартыўнымі названы Максім Сезік, Карына  Рыжэвіч і Уладзіслаў Крывенка.
ПІНСК
Усе дзеці – здольныя!
На базе Пінскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху ўпершыню прайшло спартыўнае свята для дзяцей-інвалідаў з горада і раёна. Яны спаборнічалі ў спартыўных і творчых конкурсах “Вясёлы скейтбордынг”, “Лабірынт”, “Пераправа”, “Умелы мастак”. Атмасфера душэўнай цеплыні, адкрытасці і шчырасці спрыяла раскрыццю патэнцыяльных магчымасцей і праяўленню індывідуальных здольнасцей хлопчыкаў і дзяўчынак.
ПІНСКІ РАЁН
Рыбацкі азарт
У апошнія выхадныя мая на аматарскай саджалцы ААТ “Рыбгас “Палессе” прайшоў трэці адкрыты раённы конкурс рыбацкага майстэрства, арганізаваны РК БРСМ і аддзелам па справах моладзі райвыканкама. Сваё шчасце з вудамі шукалі ў ім 18 каманд. Удача была на баку аматараў рыбнай лоўлі з Пінскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў.
ПРУЖАНЫ
Дружалюбны горад
У сераду, 1 чэрвеня, у райцэнтры прайшоў рэспубліканскі семінар удзельнікаў праекта “Горад дружалюбны дзецям”. Цэнтральным яго мерапрыемствам стаў “круглы стол” на тэму “Здаровы лад жыцця сёння – паспяховая будучыня заўтра”. Яго ўдзельнікі падзяліліся вопытам работы па ўмацаванні здароўя падрастаючага пакалення, аздараўлення дзяцей і падлеткаў, умацавання фізічнага стану школьнікаў.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля