Беларусь

Падзеі: у свеце, краіне, вобласці


За год – на рэнтабельнасць
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў Віцебскай вобласці адзін год для вываду сельскай гаспадаркі на рэнтабельную работу. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 20 ліпеня ў час рабочай паездкі ў гэты рэгіён.
Арыенцір – 9 мільёнаў
Валавы збор збожжа ў Беларусі сёлета чакаецца на ўзроўні каля 9 мільёнаў тон (з улікам зерня кукурузы). Аб гэтым паведаміў Прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч 20 ліпеня ў час наведвання ААТ «Рапс» Мінскага раёна.
У гонар вызвалення
Удзельнікі ІІІ міжнароднага аўтапрабегу «Балтыка-2011», прысвечанага чарговай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 18 ліпеня наведалі Брэст. Больш як 30 ветэранаў ваенна-марскога флоту з Расіі і Украіны ўсклалі вянкі да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці. У нашым горадзе да іх далучыліся маракі з Пінска Алег Дашкевіч і Максім Мелехавец. Ветэраны-маракі на 15 аўтамабілях пабываюць таксама ў Гдыні, Калінінградзе, Хельсінкі і 31 ліпеня вернуцца ў Санкт-Пецярбург.
Яшчэ адна міні-ГЭС
Міні-ГЭС «Залуззе» ў Жабінкаўскім раёне пачала функцыянаваць у рабочым рэжыме. Як паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства «Днепра-Бугскі водны шлях» Іван Кіявец, агульны аб’ём інвестыцый па праекце склаў 2,4 мільярда рублёў, у год станцыя будзе выпрацоўваць каля 1 мільёна кілават электраэнергіі. «Залуззе» – ужо чацвёртая міні-ГЭС на Брэстчыне. Першая падобная гідраэлектрастанцыя была ўведзена ў дзеянне ў 2006 годзе на возеры Паперня Пружанскага раёна, а ў 2008 і 2010 гадах яшчэ дзве – «Дубой» і «Кобрын» – у воднай сістэме Дняпроўска-Бугскага канала.
Бяспечнае лета
Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі аб’яўляе аб правядзенні з 25 ліпеня пазапланавай рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «Бяспечнае лета». Яе мэта – зніжэнне дзіцячага траўматызму на дарогах краіны. У ходзе акцыі інспектары ДАІ будуць праводзіць у гарадах і вёсках прафілактычныя заняткі і гутаркі з дзецьмі і дарослымі, каб папярэдзіць небяспечныя паводзіны юных пешаходаў.
Смерць кардынала
У чацвер на 97-м годзе жыцця памёр найстарэйшы дзеючы каталіцкі епіскап свету кардынал Казімір Свёнтэк. З 1991 года ён быў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. Пахаванне кардынала Свёнтэка адбудзецца 25 ліпеня ў Пінску.
Толькі рукамі!
Брэсцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету звяртае ўвагу насельніцтва на тое, што забаронена збіраць чарніцы механічнымі прыстасаваннямі (грабянямі, шуфлікамі і г.д.). За парушэнне гэтага правіла прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: штраф у памеры да 20 базавых велічынь. Акрамя таго парушальнікі абавязаны аднавіць урон, які быў нанесены навакольнаму асяроддзю: 1,2 базавай велічыні за кожны кілаграм незаконна сабраных ягад. Паведаміць аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства можна па тэлефонах: 8(0162) 20-70-00 («гарачая лінія»), 8(0162) 21-14-58.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля