Беларусь

Падзеі: у свеце, краіне вобласці


Жыллёвая падтрымка
Прэзідэнт Беларусі прыняў Указ №610, якім прадугледжваецца аказанне фінансавай падтрымкі маладых і шматдзетных сем’яў, што самастойна будуюць жыллё ці паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы. Дзяржава дапаможа ім таксама пагасіць запазычанасць па крэдытах, што выдадзены на набыццё незавершаных будынкаў, прызначаных для рэканструкцыі і пераабсталявання пад жылыя памяшканні.

Стыпендыі падраслі
Стыпендыі навучэнцаў, студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў у Беларусі з 1 студзеня павялічаны ў сярэднім на 19,4 працэнта. Адпаведны Указ №619 падпісаў Прэзідэнт Беларусі. Прыняцце гэтага дакумента з’яўляецца сведчаннем таго, што клопат дзяржавы аб моладзі застаецца прыярытэтнай задачай сацыяльнай палітыкі краіны.

Новая стаўка
З 1 студзеня 2012 года тарыфная стаўка першага разрада для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый Беларусі павышана на 32,5 працэнта – са 151 тысячы рублёў да 200 тысяч. Адпаведнае рашэнне прыняў Урад краіны. Гэтым жа дакументам павялічаны дыяпазон карэктуючых каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладаў) з 2,862-0,915 на 3,720-0,920.

Базавая – 100000 рублёў
У Беларусі базавая велічыня з 1 красавіка 2012 года складзе 100000 рублёў. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1785 ад 30 снежня 2011 года. Нагадаем, што цяпер размер базавай велічыні – 35000 рублёў.

Узнагароды рэдактарам
Галоўны рэдактар Іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» Анатоль Крэйдзіч удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а галоўны рэдактар Пружанскай раённай газеты «Раённыя будні» Мікалай Антаноўскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Беларускага саюза журналістаў. Віншуем!

Высокі прафесіяналізм
У апошнія дні 2011 года Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны галоўны дырыжор камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі Аляксандр Мартыненка. За высокі прафесіяналізм, за значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне насельніцтва.

Слова аб сацыяльнай абароне
Абласны выканаўчы камітэт і абласны Савет дэпутатаў павіншавалі работнікаў, спецыялістаў і кіраўнікоў органаў і ўстаноў сацыяльнай абароны Брэстчыны з прафесіянальным святам, якое адзначалася 5 студзеня. У віншаванні, у прыватнасці, гаворыцца аб тым, што мясцовая ўлада высока цэніць іх уклад у рэалізацыю дзяржаўных праграм сацыяльнай падтрымкі грамадзян.

«Прамая лінія» «НТ»
Як дапамагчы сабе ў экстрэмальнай сітуацыі яшчэ да прыбыцця выратавальнікаў МНС? Якая падрыхтоўка патрабуецца абавязкова для таго, каб служыць у пажарна-выратавальнай службе? Можаце спытаць аб усім у час «прамой лініі» «НТ» у начальніка абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Канстанціна Яўгенавіча ШАРШУНОВІЧА. Тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 20-46-53 (код Брэста 80162) 12 студзеня з 12.00 да 13.00.
Задаць пытанні можна папярэдне:  20-57-57, 20-03-14 (у рабочыя дні з 8.30 да 16.30, перапынак з 13 да 14 гадзін).

Неспрыяльныя дні:
1, 9, 16, 23, 31 студзеня.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля