Беларусь

Падзеі: у свеце, краіне, вобласці


Першая ракетка свету
Вікторыя Азаранка ўпершыню ў сваёй кар’еры і першай сярод беларускіх тэнісістак выйграла турнір з серыі «Вялікага шлема», што дазволіла ёй таксама ўпершыню выйсці на першае месца ў сусветным рэйтынгу. У фінале, які праходзіў у аўстралійскім Мельбурне, наша зямлячка атрымала ўпэўненую перамогу над расіянкай Марыяй Шарапавай. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Вікторыю Азаранка і ўзнагародзіў яе ордэнам Айчыны ІІІ ступені.
Узнагарода Савета Міністраў
За шматгадовую плённую працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны машыніст аўтагрэйдара філіяла «Дарожна-будаўнічае ўпраўленне №32» ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №4 г. Брэст» Валерый Зусько і начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела РУЭБП «Днепра-Бугскі водны шлях» Віктар Прывальчук, а за шматгадовую працу па аднаўленні аб’ектаў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», патрыятычным выхаванні насельніцтва – дырэктар гэтай дзяржаўнай установы Валерый Губарэнка.
Мінімальны бюджэт
У Беларусі з 1 лютага дзейнічае новы бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ). У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў №86 ад 26 студзеня ён павышаны ў параўнанні з папярэднім на 23 працэнты і складае цяпер 706880 рублёў. Новы БПМ будзе дзейнічаць да 30 красавіка 2012 года. Гэты паказчык прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам і абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый.
Пуцёўкі патаннелі. Прафсаюзныя
З 15 да 20 працэнтаў узраслі скідкі на пуцёўкі ў санаторыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі для членаў прафсаюзаў. Такое рашэнне прыняў Прэзідыум Савета ФПБ. У Беларусі сёння дзейнічаюць 12 прафсаюзных санаторыяў, у якіх штогод аздараўліваюцца больш за 50 тысяч чалавек.
Забарона на «чарніла»
Вытворчасць пладовых мацаваных ардынарных він ( у народзе іх яшчэ называюць «чарніла») у Беларусі ў 2012 годзе будзе спынена. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка. Прадпрыемствы канцэрна пераходзяць на выпуск пладовых він па палепшанай тэхналогіі і палепшанай якасці, больш будуць выпускаць натуральных вінаградных він, кальвадосаў і сідру.
…І аб электронным судзе
«У 2011 годзе ў параўнанні з 2010-м не было выяўлена рэйдарства», – адзначыў старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь Віктар Камянкоў на прэс-канферэнцыі для СМІ, якая праводзілася пры дапамозе відэа-канферэнц-сувязі ва ўсіх абласцях Беларусі адначасова 30 студзеня. Віктар Камянкоў праінфармаваў прадстаўнікоў СМІ таксама аб тым, як суд выкарыстоўвае нестандартныя метады работы, паступовым пераходзе да электроннага правасуддзя, стварэнні Спартыўнага арбітражнага суда і іншых чакаемых новаўвядзеннях.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля