Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • “Палессежылбуд” пачынае забудову трэцяга раёна на тэрыторыі былога Паўночнага ваеннага гарадка

“Палессежылбуд” пачынае забудову трэцяга раёна на тэрыторыі былога Паўночнага ваеннага гарадка


Адкрытае акцыянернае таварыства “Палессежылбуд” пачынае забудову трэцяга раёна на тэрыторыі былога Паўночнага ваеннага гарадка ў Брэсце
Асваенне тэрыторыі былога ваеннага гарадка пачалося ў 2007 годзе і было выклікана дэфіцытам новых будаўнічых пляцовак у горадзе і высокай запатрабаванасцю жылля. Адначасова вырашалася яшчэ адна задача – прывядзенне ў парадак гэтай дастаткова вялікай тэрыторыі, аптымізацыя дарожна-транспартнай і інжынернай інфраструктуры. Паўночны гарадок быў разбіты на тры раёны перспектыўнай забудовы. На цяперашні час уве-дзены ў эксплуатацыю групы жылых дамоў “Поўнач-1” і “Поўнач-3”. Пачата асваенне апошняга, трэцяга, раёна – “Поўнач-2”. Усё праектаванне і будаўніцтва вядзецца сіламі адкрытага акцыянернага таварыства “Палессежылбуд” – аднаго з найбольш аўтарытэтных у краіне прадпрыемстваў з амаль што 40-гадовым вопытам працы ў будаўнічай галіне.
У Паўночным раёне ўзведзена і будуецца жыллё розных форм уласнасці. Гэта не толькі дамы дольнага будаўніцтва, але і кааператыўнае, ведамаснае і сацыяльнае жыллё.
Цяпер, калі большая частка тэрыторыі ўжо асвоена, можна сказаць дакладна, што праект атрымаўся зручным для навасёлаў. Удала распрацавана транспартная сетка: вуліца-дублёр Рэспубліканскай дапамагла знізіць транспартную нагрузку ў раёне, і цяпер павелічэнне парку асабістых аўтамабіляў не будзе мець негатыўных наступстваў. Дэфіцыту аўтамабільных парковак таксама не адчуваецца. Двары спраектаваны такім чынам, што ў іх, акрамя месцаў для асабістых аўто, зручна размешчаны дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, зоны адпачынку, малыя архітэктурныя формы. Новыя пяці- і дзевяціпавярховыя дамы  арганічна ўпісаліся ў гістарычную забудову. Звонку іх упрыгожыла жоўтая і чырванавата-карычневага (тэракотавага) колеру керамічная цэгла вытворчасці ААТ “Керамін”, якасная, надзейная. Гэта дазволіць дамам у Паўночным раёне на працягу доўгага часу не згубіць сваю эстэтычную прываблівасць.  Такі рэтра-дызайн невыпадковы: раён суседнічае з адно- і двухпавярховымі, пабудаванымі з чырвонай цэглы будынкамі казарм XIX стагоддзя, якія ахоўваюцца дзяржавай як помнікі архітэктуры. Многія з іх беражліва рэканструяваны і эксплуатуюцца як рознага кшталту аб’екты кіравання і гаспадарання.
Ды старыя і новыя пабудовы пераклікаюцца не толькі колерам, але і пластыкай фасадаў. Пяціпавярховыя дамы, як і архітэктурныя помнікі, маюць скатныя дахі з металачарапіцы чырвонага колеру. Яшчэ адно цікавае дызайнерскае рашэнне – лоджыі з дэкаратыўнай агароджай. Задумка ў тым, што непразрыстая частка агароджы невысокая, а яе працяг пераходзіць у мудрагелісты металічны арнамент. Атрымалася прыгожа, светла і бяспечна.  Акрамя таго, сцены, вокны і дах забяспечваюць усе сучасныя патрабаванні па захаванні ў памяшканні цяпла ў халодную пару года. Зручная планіроўка кватэр, прадуманыя сучасныя інжынерныя рашэнні (у тым ліку магчымасць індывідуальнага рэгулявання расходу цяпла) робяць жыццё ў дамах раёна камфортным.
Трохі падрабязней пра кожны з раёнаў. “Поўнач-1” знаходзіцца ў раёне вуліцы Рэспубліканскай. На плошчы ў  3,5 гектара тут размясціліся два пяціпавярховыя шасці- і дзевяцісекцыйныя дамы і адзін дзевяціпавярховы прыгажун на чатыры пад’езды. На цокальных паверхах – магазіны і іншыя аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Жыхары 410 кватэр (а гэта больш за тысячу чалавек) ужо некалькі гадоў назад справілі тут наваселле. Да паслуг аўтаўладальнікаў 143 месцы на аўтамабільных стаянках у межах участка.
“Поўнач-3” знаходзіцца на паўночным захадзе ад першага раёна і займае плошчу большую  прыкладна ўдвая, на трэць больш тут і кватэр – 643. Работы па праектаванні і асваенні абодвух аб’ектаў вяліся фактычна паралельна. Знешні архітэктурны выгляд дамоў (іх, пяці- і дзевяціпавярховых, усяго 7) таксама вельмі падобны. Такім чынам, “Поўнач-1” і “Поўнач-3” можна лічыць  раёнамі-блізнятамі на карце сучаснага Брэста.
Упраўленнем праектных работ ААТ “Палессежылбуд” распрацаваны праект і апошняга, трэцяга, раёна, абмежаванага вуліцамі Чырвона-гвардзейскай (дарэчы, гэтая галоўная транспартная артэрыя Паўночнага раёна ў перспектыве будзе пашырана да 4 палос) і Шчорса. Будаўнічая пляцоўка падрыхтавана ўжо.
Якім жа пабачаць “Поўнач-2” брастаўчане і госці горада ў недалёкім будучым? Па знешнім выглядзе ён у нечым пераклікаецца са сваімі раёнамі-братамі, але ў той жа час мае свой непаўторны твар. Тут будзе  больш атынкаваных і пафарбаваных у зялёны і шэры колер паверхняў. Гэта стала магчымым па той прычыне, што “Поўнач-2” некалькі аддалены ад гістарычнай забудовы. Дамы маюць зашклёныя з верху да нізу лоджыі, сучасныя вітражы. Пры забудове плануецца выкарыстоўваць фасадную сілікатную цэглу акцыянернага таварыства “КварцМелПрам”, якое знаходзіцца ў Маларыцкім раёне. Тым самым зніжаецца кошт аб’екта і  падтрымліваецца мясцовая прамысловасць. “Поўнач-2” больш вышынны, чым яго старэйшыя браты – тры з пяці жылых дамоў “дарастуць” да 10 паверхаў. Справа ў тым, што сучасныя будаўнічыя нарматывы дазваляюць павялічваць на 1 паверх вышыню дамоў без змяненняў істотных патрабаванняў да іх “камплектацыі”, і гэтым нельга было не скарыстацца. Рынак патрабуе быць эканомным.
У апошнім з трох раёнаў будуць пабудаваны 634 кватэры (у асноўным двухпакаёвыя). З паўднёвага боку дамоў размесцяцца дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі (асобныя для дашкольнага і школьнага ўзростаў). Жыхары  запраектаваных дамоў не адчуюць праблем з дзіцячымі садкамі – дашкольныя ўстановы на вуліцах Чырвонагвардзейская і Рэспубліканская ў нарматыўнай пешаходнай даступнасці (гэта 500 метраў). Багатая сваімі традыцыямі сярэдняя школа №17 таксама недалёка.
Можна з упэўненасцю сказаць, што “Поўнач-2”, як і суседнія раёны, будзе пабудаваны ў самыя сціслыя тэрміны. Яго забудоўшчык, акцыянернае таварыства “Палессежылбуд”, галоўная формула поспеху якога – спалучэнне высокіх тэмпаў і якасці будаўніцтва пры ўмераных цэнах, – мае высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, валодае магутнай вытворчай базай, выкарыстоўвае  перадавыя тэхналогіі і сучасныя матэрыялы.
Пройдзе не так многа часу, і Брэст прырасце яшчэ адным раёнам амаль што ў цэнтры горада. З пляцоўкі адбудаванага чыгуначнага вакзала добра відаць чырвоныя чарапічныя скаты новых дамоў Паўночнага.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля