Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Прайшла калегiя ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама

Прайшла калегiя ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама


З удзелам міністра аховы здароўя РБ прайшла калегія ўпраўлення аховы здароўя Аблвыканкама.
У нашай краіне ахова здароўя насельніцтва мае прыярытэтнае значэнне для вырашэння дзяржаўных задач, а таму і разглядаецца ў якасці аднаго з важнейшых фактараў нацыянальнай бяспекі.
Выступаючы з дакладам на выніковай калегіі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, яго начальнік Ігар Ласіцкі падкрэсліў: “Як дасягненні ў нашай галіне, так і недахопы ў рабоце вызначаюць не толькі наш прэстыж, але і прэстыж сацыяльнай сферы, а ў канчатковым выніку – і прэстыж дзяржаўнай улады”.
Медыкі паспрабавалі высветліць, ці суразмерныя затраты дзяржавы на галіну з дасягнутым узроўнем арганізацыі медыцынскай дапамогі ў рэгіёне. Нейкія лічбы выклікалі задавальненне, а іншыя – засмучэнне.
Вядома, прыемна, што па асноўных дэмаграфічных паказчыках – нараджальнасці і смяротнасці – вобласць па-ранейшаму мае лепшыя вынікі ў Беларусі, але дасягнуць пазітыўнай дынамікі ў натуральным прыросце насельніцтва не змаглі. Калі ў Жабінкаўскім, Столінскім, Пінскім, Брэсцкім раёнах, у Брэсце і Пінску высокі ўзровень нараджальнасці, дык у 10 раёнах гэты паказчык ніжэй за абласную лічбу.
Назіраецца павелічэнне смяротнасці ад хвароб органаў стрававання, дыхання і сістэмы кровазвароту. Трывожыць рост суіцыдальнай актыўнасці насельніцтва. Асноўным і самым важным рэзервам зніжэння смяротнасці на Брэстчыне Ігар Ласіцкі назваў планавую прафілактычную работу з насельніцтвам працаздольнага ўзросту па папярэджванні ўскладненняў хранічных хвароб. Дарэчы, па выніках прафаглядаў да групы Д1 – здаровыя – аднесена толькі 21,9 працэнта насельніцтва працаздольнага ўзросту; 40,4 працэнта – асобы, якія маюць фактары рызыкі развіцця хранічных хвароб, а 37,7 – хранічна хворыя людзі. Вось чаму прапаганда здаровага ладу жыцця і прафілактычная работа набываюць асаблівую актуальнасць. Тым больш, што па 11 класах хвароб абласныя паказчыкі перавышаюць рэспубліканскі ўзровень. Таму ад галоўных спецыялістаў запатрабаваны не проста дэтальны аналіз сітуацыі, але і прапановы з мерамі па яе стабілізацыі.
У ліку болевых кропак для рэгіёну міністр галіновага ведамства Васіль Жарко назваў нізкі ўзровень поўнай рэабілітацыі. Ёсць прапанова стварыць шматпрофільны абласны рэабілітацыйны цэнтр. Кіраўнік аховы здароўя рэспублікі запатрабаваў звярнуць увагу на першаснае звяно медыцыны, умацаваць паліклінікі – і кадрамі, і тэхнікай. Варта паглядзець, наколькі эфектыўна “працуюць” ложкі ў стацыянарах, якая аддача таго высокага тэхналагічнага ўзроўню, на які выйшлі многія медустановы вобласці.
Безумоўна, станоўча трэба ацаніць укараненне новых медыцынскіх тэхналогій. Напрыклад, у хірургіі асвоілі 18 новых методык абследавання і лячэння хворых. Пачало працаваць кардыяхірургічнае аддзяленне ў абласной бальніцы. Ёсць свае дасягненні ў кожнай медыцынскай спецыялізацыі, але з 912 пісьмовых зваротаў грамадзян у абласное ўпраўленне аховы толькі 29 працэнтаў склалі падзякі. Абгрунтаванымі былі прызнаны 17 зваротаў, усіх вінаватых прыцягнулі да адказнасці. Але нават адно выказанае незадавальненне – нагода зноў і зноў праверыць падыходы да сістэмы аховы здароўя.
Сёння ў медыцыну ўкладваюцца мільярды рублёў, арыенціры – еўрапейскія і нават сусветныя. І такія ж вынікі хоча бачыць насельніцтва.
Лідзія КУРБАТ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля