Беларусь

Прыцяжэнне


З Мікалаем Дарагакупцам мы знаёмыя больш за 20 гадоў. У 1989 годзе ён узначальваў Іванаўскі раённы вузел паштовай сувязі, а я прыйшла на бухгалтарскую працу ў рэдакцыю раённай газеты. І доўгія гады, як гаворыцца, мы працавалі ў цесным кантакце па пытаннях распаўсюджвання нашага выдання. Гэта чалавек прыстойны і тактоўны, высокаадукаваны і вельмі працавіты. Ёсць такое паняцце, як арганізаванасць. Дык вось, больш арганізаванага і мабільнага чалавека, чым Мікалай Мікалаевіч, рэдка здараецца сустрэць. Усё свядомае жыццё ён шчыра і добрасумленна працуе, бязмерна любіць родныя мясціны, з’яўляецца сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Гэтыя ж якасці перадаў сваім дзецям, а цяпер спяшаецца закласці моцную аснову ў душах унукаў, якіх любіць і якімі ўжо сёння можа па праву ганарыцца.
БАЦЬКА

У 1941 годзе Мікалаю Дарагакупцу споўнілася ўсяго шэсць гадоў. З-за ваенных нягод хлопчыку прыйшлося вельмі рана развітацца з бесклапотным дзяцінствам. Цёмныя, поўныя страху і невядомасці ваенныя гады, перанесеныя пакуты наклалі свой адбітак і на яго характар. Даводзілася шмат працаваць, бо мужчын было мала, і ўся работа клалася на плечы жанчын і падлеткаў. На забавы проста часу не хапала…
Потым прызвалі ў армію. Служыў ён разам з Васілём Перначам, былым дырэктарам Вартыцкай школы, у легендарнай Брэсцкай крэпасці, дзе кожны камень быў маўклівым сведкам тых, хто паклаў свае жыцці на алтар Перамогі. Аб сваім былым таварышы па службе Мікалай Мікалаевіч успамінае з асаблівай цеплынёй і сёння. З такімі людзьмі, кажа, і ў бой ісці не страшна, і жыць побач – адно задавальненне.
У Брэсцкай крэпасці Мікалай Дарагакупец навучыўся цаніць кожную хвіліну свайго жыцця, працуючы і за сябе, і за таго хлопца, які не вярнуўся дадому з вайны. Там жа выпрацавалася ў яго звычка распісваць дзень літаральна па хвілінах, чаму вельмі здзіўляюцца дзеці і ўнукі…
У 1956 годзе, скончыўшы тэхнікум сувязі, Мікалай прыйшоў працаваць на пасаду тэхніка ў раённы вузел сувязі. У той час у цэнтральных населеных пунктах раёна было ўсяго тры тэлефоны: у праўленні калгаса, сельсавеце і на пошце. Намеснікам начальніка вузла сувязі ён стаў у 30 гадоў. А з 1967-га і да выхаду на пенсію нязменна кіраваў паштавікамі Іванаўшчыны. За гэты час была праведзена велізарная работа па тэлефанізацыі насельніцтва, пабудаваны сучасны будынак пошты, які і дагэтуль выдатна ўпісваецца ў гарадскі пейзаж. Ужо ў 1981 годзе новыя аддзяленні сувязі былі адкрыты ў кожным сельсавеце.
Лепшыя гады аддадзены любімай справе. Шматлікія граматы і падзякі, якія захоўваюцца ў сямейным архіве, сведчаць аб тым, што працаваў Мікалай Дарагакупец добрасумленна, а яго важкі ўклад у развіццё паштовай сувязі застанецца добрай памяццю для нашчадкаў…
ДЗЕЦІ
Паралельна рабоце паспяхова складвалася і сямейнае жыццё Мікалая. Жонка Галіна аказалася вельмі працавітай і мудрай жанчынай. Адзін за адным нарадзіліся дзеці, якіх яны здолелі выдатна выхаваць і даць добрую адукацыю. Старэйшы сын Сяргей і сярэдні Ігар скончылі Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, малодшая дачка Ірына – Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт. У спадчыну ад сваіх бацькоў яны атрымалі выключную працавітасць, дзякуючы чаму і дабіліся ў жыцці пэўных поспехаў. Ірына з мужам Пятром выбралі месцапражываннем сталіцу – горад Мінск. Працуе дачка ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі праграмістам. У сям’і падрастае трое дзяцей: сын Святаслаў і дзве чароўныя дачкі – Паліна і Аляксандра.
Сярэдні Ігар абжыўся ў Брэсце, дзе працуе начальнікам участка ў фірме «Прамтэхмантаж». Работнікам гэтай арганізацыі даводзіцца выконваць вельмі складаныя і адказныя задачы. Да прыкладу, Мікалай Мікалаевіч з гонарам распавядае пра тое, што менавіта яго сын прымаў удзел у рэстаўрацыі штыка ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». У сям’і Ігара – двое дзяцей: сын Павел і дачка Паліна.
Старэйшы Сяргей апынуўся на іншым кантыненце. Разам са сваёй сям’ёй ужо каля 10-ці гадоў жыве ў Нью-Ёрку, дзе працуе механікам па абслугоўванні кандыцыянераў. Для добрага жыцця ёсць усё: катэдж, тры легкавыя аўтамабілі, разумныя і таленавітыя дзеці, любімая жонка. Даўно пераадолена і моўная мяжа.
Здавалася б, дзе добра – там і Радзіма. Аднак не ўсё так адназначна. Адразу ж пасля прыезду ў Амерыку Сяргей пазнаёміўся з Юліяй Андрусішынай, маці вядомага амерыканскага беларуса, паэта і выканаўцы песень Данчыка, якая ўзначальвае суполку беларусаў. Гэтае знаёмства дапамагло знайсці сяброў, зносіны з якімі падтрымліваюць духоўную сувязь з Радзімай. Ёсць з кім размаўляць на роднай мове, спяваць песні, аказваць гуманітарную дапамогу знаёмым і блізкім у Беларусі. Сяргей Мікалаевіч вельмі дбайна адносіцца да выхавання ў сваіх дзяцей пачуцця патрыятызму да роднай Беларусі.
УНУКІ
Глеб і Ульяна, амерыканскія ўнукі, амаль штогод адпраўляюцца на летнія канікулы да дзядулі Колі і бабулі Галі ў Іванава. З вялікім задавальненнем складаюць ім кампанію сталічныя і брэсцкія ўнукі. У выніку ўсе збіраюцца ў тое гняздзечка, адкуль у свой час разляцеліся па свеце іх бацькі. Усе шасцёра прадаўжальнікі роду ахвотна бавяць час каля бабулі з дзядулем. Нават тэлевізар часта аказваецца выключаным. Святаслаў гуляе з Мікалаем Мікалаевічам у шахматы, а ўсе астатнія любяць весці гутарку з самай маленькай Аляксандрай і яе маці Ірынай Мікалаеўнай, якая хутка знаходзіць агульную мову з гэтай вялікай, рознаўзроставай кампаніяй.
Дзеці наперабой расказваюць пра сябе, пра тое, як вучацца ў школе і кім мараць быць у будучыні. А яшчэ – пра тое, колькі сена нарыхтавалі для бабулінай каровы і дзе паспелі пабываць з дзедам Колем. Зімой ён рыхтуе веласіпеды для летняга адпачынку ўнукаў. Вясёлая кампанія падлеткаў цэлае лета калясіць па Іванаве і яго наваколлях. Паспяваюць пабываць у розных музеях і памятных месцах Беларусі.
На Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь па традыцыі Дарагакупцы адпраўляюцца ў Брэсцкую крэпасць-герой. Гэта справа святая, лічыць Мікалай Мікалаевіч, – пакланіцца памяці тых, хто падарыў нам свабоду. Каб унукі памяталі і схіляліся перад найвялікшым подзвігам нашага народа, які заплаціў высокую цану за Перамогу.
Дзядуля з вялікай павагай ставіцца да сваіх унукаў. Яго асабліва радуюць іх поспехі ў вучобе. Да прыкладу, старэйшы ўнук Глеб прывозіў Мікалаю Мікалаевічу цэлы тузін грамат і дыпломаў пасля заканчэння амерыканскага каледжа. Адна з узнагарод падпісана нават Прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі Баракам Абамай. Юнак мае бліскучыя здольнасці па матэматыцы, захапляецца музыкай і спортам, марыць звязаць сваю будучыню з космасам і авіяцыяй. Не саступае свайму брату і Ульяна, у якой каэфіцыент інтэлектуальнага развіцця яшчэ больш высокі. Павел, брэсцкі ўнук, захапляецца геаграфіяй і хіміяй, а Святаслаў – гісторыяй. За лета яны з дзедам паспяваюць прачытаць і абмеркаваць шмат кніг аб Вялікай Айчыннай вайне…
Здавалася б, што асаблівага ў тым, што ўнукі прыехалі да дзядулі з бабуляй у госці? Аднак ёсць у гэтым вялікая мудрасць, бо ні адна школа не можа даць раскошы роднасных зносін і набыцця жыццёвага вопыту, назапашанага стагоддзямі ў кожнай сям’і. Самая маленькая, першасная ячэйка нашага грамадства – гэта вялізны свет са сваімі традыцыямі і ўкладам жыцця. І радуецца душа, калі ў сям’і пануе мір і спакой, узаемаразуменне і ўзаемапавага. Калі побач з заслужанымі ўзнагародамі дзядулі годна выглядаюць узнагароды ўнукаў. Тады і жыццё пражыта не дарма, і любую справу можна аддаць у надзейныя рукі…
«Школа дае мне веды па прадметах, а мой дзед вучыць мяне жыццю», – перакананы Глеб Дарагакупец. Напэўна, за гэтым і прыязджае ён кожны год у Іванава, атрымліваючы вялікае энергетычнае падмацаванне ад роднай зямлі сваіх продкаў.
Яшчэ доўга пасля адпачынку сняцца гарадскім унукам заліўныя лугі і духмянае сена, салодкае бабуліна малако і любімыя дранікі. І хоць людзі мяняюць месцапражыванне, але малая радзіма застаецца ў сэрцы назаўсёды.
Марыя ФЕДАРУК, «НТ»

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля