Беларусь

Малодшыя ÑÀÏÅÃ


Гістарычнае эсэ. Працяг. 
На жаль, у той самы час і войска ВКЛ утварыла канфедэрацыю, жадаючы хутчэй атрымаць плату за працу, не хацела ваяваць. Жаўнеры адмаўляліся падначальвацца гетманам і афіцэрам, выказваючы вялікую незадаволенасць Паўлам Сапегам, абвінавачвалі яго ў сквапнасці і нядобрасумленнасці, што сам ён атрымаў сто тысяч злотых за вайну. Іх не цікавіла, што гэта была толькі частковая кампенсацыя гетману за ягоныя патрачаныя сродкі на ўтрыманне войска. Кароль рабіў захады, каб прымірыць канфедэратаў і накіраваць іх на Маскву, але ўсё было дарэмна. Жаўнеры патрабавалі грошай.
Шматгадовая вайна знясіліла да рэшты абедзве дзяржавы. Ні Масковія, ні Рэч Паспалітая не мелі сілы далей ваяваць. Цар пажадаў міру. Але з папярэдніх перамоў стала вядома, што маскавіты не хочуць аддаваць захопленыя гарады, а гэта азначала адно: іх належала вызваляць. Вайна працягвалася, наперадзе былі новыя бітвы і сутычкі, у якіх гінулі людзі, але пакрысе перамога стала схіляцца на бок Рэчы Паспалітай.
У чарговы раз цар папрасіў міру. Перамовы пачаліся 11 чэрвеня 1664 года пад Смаленскам. Цяпер маскавіты былі гатовыя саступіць Полацк, Дынабург і задняпроўскія землі. Але рэчпаспалітыя паслы на чале з Юрыем Глябовічам настойліва патрабавалі вяртання ўсёй захопленай маскавітамі тэрыторыі. Дыпламатам дамовіцца не ўдалося. Перамовы перанеслі на лета 1665 года.
У гэты час Юрый Любамірскі падняў шляхту Польшчы супраць караля, які задумаў рэформу з мэтаю ўмацавання цэнтральнай улады. Ян Казімір распрацаваў план рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапаноўваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а яшчэ пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Сойм 1660-га і соймікі 1661 гадоў выказаліся супраць рэформы, тады і склалася апазіцыйная групоўка, якая падняла рокаш.
Маскоўскі цар, як толькі даведаўся пра няпэўнае становішча ў Рэчы Паспалітай, адразу адмовіўся саступаць на перамовах. А калі яшчэ і казацкі палкоўнік Пятро Дарашэнка за гетманскі чын прызнаў сябе васалам турэцкага султана, дык узнікла пагроза вайны з Портай. Рэчы Паспалітай трэба было неадкладна падпісваць мір з Масквою, інакш можна было апынуцца паміж двух агнёў.
20 студзеня 1667 года ў вёсцы Андрусава каля Смаленска было прынята замірэнне паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй да 1680 года. Пасля чаго ім належала падпісаць “вечны мір”. Масква атрымала Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і Левабярэжную Украіну. Да Рэчы Паспалітай вярталіся Кіеў, Правабярэжная Украіна, Віцебскае, Полацкае і Лівонскае ваяводствы.
Вынікі ўсіх гэтых знішчальных войнаў былі жудасныя. Краіна ляжала пакрытая папялішчамі і руінамі, большая палавіна насельніцтва была забіта, вывезена ў палон ці памерла ад эпідэмій і голаду. З амаль трох мільёнаў жыхароў выжыла ўсяго адзін мільён трыста пяцьдзясят тысяч.
Павел Ян Сапега не дажыў да гэтай сумнай перамогі. Ён памёр 30 снежня 1665 года ў Ружанскім палацы, пабудаваным некалі Львом Сапегам. Пахавалі Паўла Сапегу ў Бярозаўскім кляштары картэзіянцаў, дзе ён зноў сустрэўся са сваім раней памерлым траюрадным братам Казімірам Лявонам, цяпер ужо назаўсёды.
Сучаснікі называлі гетмана Паўла Яна Сапегу вызваліцелем Літвы – “Liberator Litvaniae”. І гэта была не толькі ганаровая, але і справядлівая характарыстыка чалавека, які знайшоў у сабе дастаткова сілы духу і мужнасці, каб прывесці народ да вызвалення Айчыны ад іншаземнага ярма.
Заканчэнне  будзе.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля