Сцяжынкі “аквафіла”

Сцяжынкі “аквафіла”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Руку сяброўства прыродзе падалі юныя эколагі з Лактышоў.
Вёска Лактышы добра вядомая за межамі Ганцавіцкага раёна, дзякуючы аматарам рыбнай лоўлі. Паблізу яе працякае рака Лань, побач жа раскінулася буйное рукатворнае вадасховішча і рыбгас “Лактышы”. Тых, хто любіць частавацца яршовай юшкай ці запечаным у смятане карасём, вабяць гэтыя маляўнічыя мясціны. Нездарма ж у мінулым годзе тут былі праведзены рэспубліканскія спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, у якіх прынялі ўдзел прыхільнікі гэтага віду спорту з усіх куткоў Беларусі. Але, на жаль, сюды прыязджаюць не толькі добрасумленныя рыбакі і аматары бавіць свой вольны час на прыродзе. Ёсць і такія, хто спрабуе палавіць рыбку недазволенымі браканьерскімі сродкамі. Дазваляюць сабе ссекчы маладое дрэўца на беразе вадаёма, памыць у чыстай вадзе брудны аўтамабіль, пакінуць пасля начлегу смецце, часам здараецца, што нават не патушаць касцёр. Такія паводзіны наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю. Менавіта зыходзячы з гэтага, пры Лактышоўскім сельскім клубе было створана дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Аквафіл” прыродазнаўчага кірунку. Галоўнай мэтай суполкі стала экалагічнае выхаванне насельніцтва. На рахунку “Аквафіла” шэраг праведзеных для насельніцтва тэматычных вечароў, віктарын, інфармацыйна-пазнавальных праграм на экалагічную тэматыку. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету. Разам з супрацоўнікамі гэтага ведамства юныя эколагі праводзяць акцыі “Чысты вадаём”, “Экалагічная сцяжынка”, “Чысты бераг”, “Руку сяброўства – прыродзе” і іншыя. На базе аб’яднання створаны пры сельскім клубе музей рыбалоўства, у якім размешчаны не толькі сучасныя прыстасаванні рыбнай лоўлі, але і такія, якімі карысталіся яшчэ нашы продкі. Наведвальнікі гэтага музея могуць даведацца, якімі прыладамі можна карыстацца, а якімі – забаронена. Удзельнікі “Аквафіла” нават праводзяць зімой спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Рыбакі паказваюць свае здольнасці, аб чым сведчаць рыбацкія трафеі ў выглядзе плотак, акунёў, яршоў. Галоўным жа прызам для ўсіх становіцца бадзёры настрой, які дорыць нам прырода. Каб ён быў заўжды, неабходна працягнуць ёй руку сяброўства, паважаць і берагчы яе. А гэта ўласным прыкладам дэманструюць лактышоўскія эколагі.
Мікалай ЛЕНКАВЕЦ

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Следующая запись

Урокі мудраца