11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Мікалай Мікалаевіч Пігараў гэтую дату ніколі не забудзе: што такое фашысцкія засценкі, ён зведаў на сабе – на зары свайго юнацтва, у гады Вялікай Айчыннай вайны, паэтапна прайшоў праз шэсць канцлагераў і тры турмы. Не раз чорная смерць заглядала юнаку ў вочы, але нейкія добрыя сілы ці святая малітва маці адводзілі яе ад маладога вязня.
Нарадзіўся Мікалай Пігараў у вёсцы Верхняя Ашкова Калужскай вобласці. Калі пачалася вайна, яму толькі што споўнілася 14 гадоў.
Фашысцкія захопнікі ўварваліся ў вёску ў кастрычніку 1941 года і адразу сталі наводзіць свае парадкі. Хутка пасля гэтага да хаты Пігаравых пад’ехала машына з карнікамі, якія арыштавалі бацьку, калгаснага брыгадзіра, і за вёскай расстралялі. Не ведаючы, што таго ўжо няма ў жывых, маці адправіла Міколу ў райцэнтр да нямецкага штаба на пошукі бацькі.
На плошчы райцэнтра г.Жыздра юнак убачыў вырыты катлаван, а на дне – пасечаных кулямі людзей. Бацькі сярод іх Мікола не знайшоў. Гэта было кіраўніцтва раёна. Хаваць загінуўшых нікому не дазвалялася… Не падпусціла паліцыя падлетка і да турэмных варот.
Калі ж Мікола вярнуўся дахаты, дык даведаўся, што іх дом забраны пад нямецкую камендатуру. У голадзе, холадзе і страшнай галечы прабедавалі вяскоўцы два ваенныя гады, а ў лютым 1943-га пачалося наступленне Савецкай Арміі. Азвярэлыя фашысты пачалі яшчэ больш здзекавацца з безабароннага насельніцтва. Адгарадзіўшы калючым дротам вялікую тэрыторыю, яны пачалі зганяць туды з усіх навакольных вёсак мірных людзей і ваеннапалонных. Прама пад адкрытым небам без вады і ежы трымалі іх некалькі дзён, а потым падагналі цягнік, раздзялілі ўсіх арыштаваных на групы (Міколу чамусьці штурхнулі да ваеннапалонных), загналі ў вагоны і павезлі на прымусовую працу.
На Браншчыне іх высадзілі з вагонаў, загналі зноў за калючы дрот, дзе разбілі па групах. На другі дзень яго і яшчэ 12 хлопцаў пагналі на лесапавал. Будзілі вязняў у шэсць гадзін і дацямна прымушалі працаваць. Выдзялялі на дзень лустачку хлеба з драўняным пілавіннем, драбочак маргарыну і кубак жалудовай кавы.
У красавіку Міколе і яшчэ двум падлеткам удалося збегчы з гэтага лагера. Чатыры дні блукалі хлопцы па бранскіх лясах, харчаваліся жалудамі. Нарэшце ім удалося выйсці да незнаёмай вёскі. Аднак тут не пашанцавала: іх схапілі паліцаі і пад дуламі аўтаматаў адвялі ў камендатуру, адтуль пераправілі ў Бранск, дзе пасадзілі ў адну турэмную камеру. Кожны дзень ганялі на працу, кармілі такім жа хлебам з пілавіннем і давалі чарпак бураковай поліўкі без солі. Людзі ў камеру то прыбывалі, то знікалі назаўсёды.
Па меры прыбліжэння фронту дарэмную рабочую сілу Гітлер адцягваў усё глыбей у тыл. Забралі з турэмнай камеры і Пігарава з сябруком, адправілі на захад. Мікалай Мікалаевіч не памятае, колькі дзён таварны цягнік імчаў іх на чужыну. Але за ўвесь час дарогі толькі адзін раз прыадчыніліся дзверы вагона: ахоўнікі кінулі туды торбачку з сухарамі. Мужчыны пералічылі кавалачкі хлеба і раздзялілі іх пароўну. Кожнаму дасталося па два сухарыкі. Мікола прагна пазіраў на такія жаданыя кавалачкі чорнага хлеба, аднак есці іх не мог: кроватачылі дзёсны і ад смагі сутаргай звяло сківіцы…
Іх правезлі праз усю Беларусь ды Польшчу і спыніліся ля граніцы з Германіяй, дзе знаходзіўся лагер смерці Зэксэнхаўзен. Пачалося новае перасартаванне людзей. Адных адбіралі і вялі па чарзе ў лазню, другіх – у крэматорый, з труб якога валіў чорны дым. Кожны ведаў, куды ідзе. Пігараву пашчасціла: ён трапіў у першую калону, а вось ягоны сябрук, у якога было горшае здароўе, – у калону смяротнікаў…
Пасля гэтага канцлагера быў горад Эссен, дзе кожны дзень рускіх рабоў выстаўлялі на пляц для продажу. Міколу, маладога раба, на трэці дзень купіў фермер і павёз на трамваі да сваёй гаспадаркі, дзе адразу юнаку ўручылі вілы і загадалі “арбайтэн”. Практычныя немцы ў першы ж дзень забралі ад яго больш-менш нармальную вопратку і абутак, а ўзамен далі латанае адзенне і драўляныя калодкі. Малады раб выконваў усю цяжкую і брудную працу. У фермера быў вельмі строгі парадак: у 6 гадзін – пачатак працоўнага дня, у 20 – канец, 30 хвілін выдзяляліся на абед. Амаль год праслужыў Мікалай у фермера, а потым яго, як і шмат іншых прымусоўцаў, вызвалілі амерыканцы.
Напрыканцы вайны існавала такая практыка: саюзнікі абменьваліся ваеннапалоннымі. І Пігараву пашчасціла трапіць у адну з такіх груп. Хутка ён апынуўся на роднай зямлі, але тут жа зноў трапляе за калючы дрот. Цяпер ужо свае следчыя вядуць працяглыя і строгія допыты. У лістападзе Міколу адпраўляюць у лагер пад Ковелем. Некалькі тыдняў трымалі іх пад адкрытым небам, а потым адабралі 30 чалавек, у тым ліку і Пігарава, і адправілі ў Данбас, на шахты. З Мікалаем у шахце адбыўся няшчасны выпадак: ваганетка з вуголлем з’ехала з рэек. Ставячы яе зноў на рэйкі, юнак атрымаў траўму. Давялося перанесці аперацыю, пасля якой камісія дала заключэнне: “Вывесці з шахты”.
Пасля Данбаса Мікалай Мікалаевіч закончыў два інстытуты, працаваў на чыгунцы брыгадзірам, майстрам, прарабам. Пад яго “камандаваннем” была ўся электратэхніка лініі Масква-Байкал.
У 1977 годзе ён разам з жонкай Соф’яй Іванаўнай пераязджае з Чэлябінска ў Брэст на пастаяннае месца жыхарства, дзе ўжо жылі яго брат, сястра, пляменнікі…
Мікалаю Мікалаевічу хутка споўніцца 83 гады. Пасля перанесенага інсульту стаў дрэнна бачыць, атрымаў першую групу інваліднасці па зроку. У жніўні 2004 года не стала жонкі, і ён застаўся адзін у сваёй кватэры. Але аб ім клапоціцца чулая і спагадлівя маладая жанчына – Роза Рыгораўна Аберган, так паважана называе ён свайго сацыяльнага работніка. Мікалай Мікалаевіч карыстаецца паслугамі спецбібліятэкі-філіяла №12. Таму яго часта наведваюць загадчыца ўстановы Людміла Валюшка, бібліятэкар Лілія Крычко, валанцёры, яму часта тэлефануюць творчыя людзі, сябры, знаёмыя. Мікалай Мікалаевіч і сам часта прыходзіць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Нягледзячы на шматлікія жыццёвыя выпрабаванні, яго сэрца не ачарсцвела – яно адкрыта для добрых людзей.

Надзея ПАРЧУК

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Што прапануе дамавічок Антось у красавіку?

Следующая запись

У Століне выяўлены “Лідар-2010″