Беларусь

Што прапануе дамавічок Антось у красавіку?


Даражэнькія гаспадары і гаспадыні!

Красавік, бадай, самы прыгожы месяц на Берасцейшчыне. Абуджаная прырода сваім імкненнем да жыцця, да адраджэння нікога не пакідае абыякавым. Адпаведна, і кожны чалавек адчувае прыліў сіл і энергіі, шукае ім прымяненне. Ды што тут доўга шукаць! Азірніцеся вакол: столькі спраў – толькі паспявай паварочвацца. А дамавічок Антось параіць, дапаможа, падкажа. Сёння ён…

…раіць
І каструля заблішчыць
З цягам часу каструлі з нержавеючай сталі страчваюць свой бляск. Вазьміце шарсцяную анучку, прамачыце яе нашатырным спіртам, пратрыце каструлю – і тая зноў заблішчыць.

Салёныя агуркі зноў набудуць пругкасць, калі ў расол дабавіць крышачку пітной соды.

Не купляйце і не выкарыстоўвайце ў стравах часнок, у якога ёсць хоць бы намёк на зялёны расток – ён надасць страве горыч.

Калі абутак фарбуе калготкі, трэба намачыць спіртам вату і некалькі разоў працерці гэтым тампонам падкладку.

…садзіць сад
Дрэва пачынаецца з… Ямы

Пладовыя дрэвы і ягадныя кусты можна высаджваць вясной і восенню. Лепшы вынік атрымліваюць пры веснавой пасадцы яблыні, грушы, слівы, вішні і чарэшні, а парэчкі, агрэсту і маліны – пры асенняй.
Вясной дрэвы высаджваюць да распускання пупышак. Незадоўга да пасадкі саджанцы асцярожна выкопваюць з зямлі, правяраюць, ці не падгнілі карані, ці не пашкодзілі іх мышы. Падгнілыя карані абразаюць, раны на ствале зафарбоўваюць ці замазваюць садовай замазкай.
Ямы для веснавой пасадкі капаюць адразу пасля таго, як адтае зямля – за паўтара-два тыдні да пасадкі, каб глеба паспела выветрыцца.
Дыяметр ямы – 60-100 см у залежнасці ад размеру саджанца, глыбіня – 60-70 см. Дно трэба рыхліць – перакапаць на поўны штык рыдлёўкі. У кожную яму ўносяць 2-4 вядры перагною ці торфаперагнойнага кампосту, які ўжо расклаўся. Не рэкамендуецца прымяняць свежы гной і мінеральныя ўдабрэнні.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля