Беларусь

“Прамая лінія” з галоўным ўрачом Брэсцкай абласной бальніцы


Вядучай установай аховы здароўя на Брэстчыне без перабольшання з’яўляецца абласная бальніца. Тут – найноўшае абсталяванне, сучасная тэхніка для дыягностыкі, высокі прафесійны ўзровень кадраў. Вось ужо 65 год абласная бальніца ў многіх асацыіруецца з той саломінкай, што выратуе жыццё. Дружны калектыў стараецца, каб медыцынская ўстанова адпавядала і часу, і спадзяванням людзей. Як яму гэта ўдаецца? На чым трымаецца пазітыўны імідж установы? Ці ўсе жадаючыя могуць стаць яе пацыентамі? На гэтыя і іншыя пытанні чытачоў “НТ” адказаў па тэлефоне падчас “прамой лініі” ў нашай рэдакцыі галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы Аляксандр КАРПІЦКІ.
Фактар якасці
Аляксандр ЗАГДАЙ,
г.Івацэвічы:
– Хачу падзякаваць дактарам, медсёстрам абласной бальніцы. У мяне былі праблемы з лёгкімі. Ляжаў у пульманалогіі. Правялі ўсю дыягностыку, палячылі, самаадчуванне палепшылася. Усё зрабілі як трэба, за што вельмі ўдзячны медыкам.
– Дзякуй на добрым слове! Мы заўсёды рады, калі ўдаецца вылечыць чалавека. Кожны хворы – гэта пацыент не нейкага канкрэтнага аддзялення, перш за ўсё, ён – пацыент абласной бальніцы.
Рыгор Арсеньевіч,
г.Брэст:
– Чытаў у “Народнай трыбуне”, што ў абласной бальніцы адкрылася кардыяхірургічнае аддзяленне. А як трапіць на прыём да вашых кардыяхірургаў?
– Пры бальніцы ёсць кансультатыўная паліклініка. Кардыяхірург там таксама прымае. Тэлефануйце папярэдне па нумары 97-83-09, і Вас запішуць на прыём.
Марыя ФЕДЗЮКОВІЧ,
г.Іванава:
– Далі накіраванне да эндакрынолага ў Брэст, каб удакладніць дыягназ. Можна прыязджаць у любы час, ці ёсць нейкая чарга, каб паклалі ў стацыянар?
– Вам трэба не ў нашу бальніцу, бо эндакрыналагічнага аддзялення не маем. Абласное аддзяленне гэтага профілю знаходзіцца на базе цэнтральнай гарадской бальніцы. На другім паверсе ў кансультатыўнай паліклініцы ў нас размешчаны абласны эндакрыналагічны дыспансер.
Алена ЛАЗАРЧУК,
г.Кобрын:
– Як трапіць на прыём да кардыёлага? Ці магчыма прайсці лячэнне ў вашай бальніцы?
– Звяртайцеся ў нашу кансультатыўную паліклініку. Калі будуць неабходныя паказанні, Вас адправяць у стацыянар. Але ўсіх жадаючых мы не кладзём у бальніцу. У паліклініцы ў нас кансультатыўны прыём. Нехта атрымлівае рэкамендацыі і лечыцца па месцы жыхарства ці ў бальніцы, ці ў дзённым стацыянары, ці амбулаторна. Усіх жадаючых пакласці ў кардыялогію мы не можам – у ёй толькі 40 ложкаў, а з кардыялагічнымі праблемамі да нас звяртаецца значна больш людзей.
Генадзь, г.Іванава:
– Ці можна без накіравання прайсці абследаванне?
– Можна прыйсці на кансультатыўны платны прыём. У нашай паліклініцы ён вядзецца па 26 профілях. Кошт – 10-12 тысяч рублёў. Калі ўрач назначае для дыягностыкі нейкія аналізы, абследаванні, дык таксама давядзецца іх аплаціць. А вось калі ў Вас будуць паказанні, каб пакласці ў стацыянар, туды і накіруюць. Там лячэнне будзе весціся бясплатна.
Вольга ЛЯПЕШКА,
Камянецкі раён:
– Ці ёсць у бальніцы асобныя палаты для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны?
– Безумоўна, прычым – у кожным аддзяленні. Яны так і называюцца: палаты для ветэранаў войнаў. Бывае, што з адпаведным статусам пацыентаў няма, дык кладзём туды іншых хворых. Але, калі прыйдзе ветэран, яму месца вызвалім.
Тамара, г.Брэст:
– Чаму майму брату прапанавалі заплаціць за расходныя матэрыялы?
– Хутчэй за ўсё, яму прапанавалі платную паслугу – прымяненне імпартных матэрыялаў. Вырабы айчыннай вытворчасці бясплатныя. У чалавека павінен быць выбар. Увогуле, мы займаемся аказаннем платных паслуг, людзі імі карыстаюцца. Заплаціць давядзецца, напрыклад, калі пацыент захоча абследаваць які-небудзь орган не па профілі хваробы, з якой ён у нас ляжыць. Што датычыцца лячэння, дык яно вядзецца бясплатна ў адпаведнасці з пратаколам хваробы. Гэта своеасаблівы стандарт, які гарантуе дзяржава. Усё, што па-за ім, у тым ліку і лякарствы, аплачвае пацыент сам.
Лізавета, Іванаўскі раён:
– Ці праводзяць у абласной бальніцы лячэнне ад алкагалізму?
– Да нас часам паступаюць хворыя з вострым атручваннем алкаголем, але планава ад алкагалізму мы не лечым. Гэта – профіль абласнога наркалагічнага дыспансера. На жаль, людзей, здараецца, падманвае наша вызначэнне – “абласная”. Хачу сказаць, што мы не займаемся лячэннем псіхічных хвароб, наркаманіі, ужо згаданага алкагалізму. Няма ў нас гінекалогіі. Побач з бальніцай знаходзяцца абласныя дыспансеры: туберкулёзны, скурна-венералагічны, анкалагічны. Так што хворымі іх профілю мы таксама не займаемся.
Марыя Іванаўна,
г.Іванава:
– Маці пакутуе ад хваробы Паркінсона. Высветлілася гэта нядаўна. З чаго пачынаць, каб аблегчыць яе жыццё?
– З неўролага. Няхай у Іванаве доктар яе паглядзіць і дасць накіраванне да нас. Тады ў кансультатыўнай паліклініцы жанчыну прымуць бясплатна.
Андрэй ГАЛАВАЧ,
Маларыцкі раён:
– У якіх выпадках абласная бальніца можа адмовіць чалавеку ў аказанні дапамогі?
– Ёсць паказанні для ўсіх бальніц, таму “Хуткая дапамога” ведае, каго куды везці. Але, калі чалавек звернецца да нас за экстраннай дапамогай, ён яе атрымае – незалежна ад таго, адкуль ён. Нават замежныя грамадзяне першыя тры дні лечацца бясплатна. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія маюць від на жыхарства, атрымліваюць бясплатна ўвесь курс.
Алена ХАЎРУСІК,
г.Брэст:
– Бабуля зламала шыйку бядра. Трэба пратэзаванне сустава. Як трапіць на прыём? Бабуля жыве ў Брэсцкім раёне, ёй 72 гады.
– Звярніцеся ў кансультатыўную паліклініку нашай бальніцы да артапеда-траўматолага. Узрост – гэта не супрацьпаказанне. У нас аперыравалі жанчын, якім было за 80 год. Перш чым зрабіць высновы, трэба правесці абследаванне.
Галіна БУСЬКО,
Ляхавіцкі раён:
– Існуе меркаванне, што 50 грамаў гарэлкі ў дзень – гэта толькі на карысць. Ці праўда?
– Толькі 50 грамаў! І выключна якаснага алкаголю, а лепш – 50 грамаў каньяку. Яшчэ за савецкім часам міністр аховы здароўя СССР Яўген Чазаў рэкамендаваў, асабліва мужчынам, для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых хвароб і іх ускладненняў – інфаркту і інсульту. Можна замяніць каньяк на бакал добрага сухога віна. Паляпшаецца і страваванне. Але – толькі 50! І ні кроплі больш.
Ірына КОЎШЫК,
Баранавіцкі раён:
– Многія непакояцца, што будзе другая хваля грыпу. Што параіце, каб засцерагчыся?
– Тое, чым карыстаюся сам: цыбуля, часнок. Дробна рэжам ці адціскаем у часночніцы, дадаём смятаны, зяленіва і атрымліваем выдатны соус, які можна есці штовечар з усімі прыгатаванымі стравамі. Калі Вас непакоіць пах, дык не жуйце часнок, а выпіце яго з вадою як парашок.
Сям’я ЦВІРКА,
Ганцавіцкі раён:
– Што новага ў планах абласной бальніцы на гэты год?
– Ёсць план рэканструкцыі абласной бальніцы з будаўніцтвам новага корпуса. Сёлета пачынаем рэканструяваць блок А – гэта фактычна трэцяя частка старога лячэбнага корпуса. Ужо гатовая праектна-каштарысная дакументацыя. Заканчваем праект для інфекцыйнага аддзялення і ў гэтым годзе пачынаем работы ў ім. Сучаснымі тэхналогіямі лячэння мы авалодалі, ёсць і абсталяванне, шмат новай медтэхнікі, а цяпер будзем удасканальваць умовы знаходжання ў бальніцы і пацыентаў, і супрацоўнікаў. Усё гэта падпарадкавана адной мэце – палепшыць якасць лячэння. Чакаем новых апаратаў для дыягностыкі. Трэба ісці далей, напрыклад, у кардыялогіі. Маем кардыяхірургію, значыць, павінны асвоіць і экстранную кардыялогію, а таму трэба адкрываць яшчэ адно аддзяленне для тых, хто перанёс інфаркт, інсульт.
Медыцына – галіна затратная, але нельга шкадаваць грошай на яе развіццё, бо клопат пра здароўе – гэта не проста выратаванне жыцця, але і важны кампанент дэмаграфічнай бяспекі нашай дзяржавы. Таму сацыяльная значнасць медыцыны – неаспрэчны фактар якасці жыцця.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля