Споўнілася 70 год вядомаму мастаку Марату Клімаву
Натхнене да 70-годдзя з дня нараджэння вядомага брэсцкага мастака
Марата Клімава.
Марат Рыгоравіч і па прафесіі, і па прызванні – мастак-манументаліст. Ён майстар палотнаў вялікіх памераў: як пейзажаў, так і партрэтаў. Марат Рыгоравіч і па прафесіі, і па прызванні – мастак-манументаліст. Ён майстар палотнаў вялікіх памераў: як пейзажаў, так і партрэтаў.
Спакой і велічнасць на ўсіх творах мастака Клімава (“Замкавая гара ў Навагрудку”, “Восень. Рака Мухавец”, “Родная зямля”). На яго жывапісных палотнах, напоўненых святлом, галоўная дзеючая асоба – прырода роднай Берасцейшчыны. Яе трапяткую душу мастак адчувае і перадае фарбамі з аднаму яму ўласцівай любоўю (“Восеньскае золата”, “Маладыя сосны”, “Зімні дзень”). А яшчэ мастак любіць маляваць ваду, якая, быццам жывая, адлівае на шматлікіх палотнах серабрыстым колерам – да яе так і хочацца дакрануцца далонню (“Абводны канал у крэпасці”, “Сажалка”, “Рака Лясная”). Не цураецца Марат Рыгоравіч і партрэта, які атрымліваецца ў яго велічна-манументальным, багатым колерам, змястоўным.
За час сваёй работы ў мастацка-вытворчым камбінаце “Мастацтва” Марат Клімаў стварыў шмат манументальных работ для розных прадпрыемстваў (у тым ліку і сумесна з мастаком Уладзімірам Нікалаевым): вітражы для Брэсцкага музыкальнага вучылішча, кінатэатраў “Беларусь”, “Мір”, Дома культуры прафсаюзаў у Брэсце, мазаіку на фасадзе Дома культуры і многія іншыя творы, якія да сённяшняга дня ўпрыгожваюць наш горад. Яго вялікая праца была адзначана ордэнам “Знак Пашаны”.
Сярод сваіх жывапісных твораў сам Марат Рыгоравіч лепшымі лічыць пейзажы “Ветраны дзень” і “Ля заходніх межаў”, партрэт сына Алега “Натхненне”. У гэтых творах, на яго думку, удала спалучаецца задуманае і створанае.
Шмат жывапісных работ Марат Клімаў прысвяціў спорту. У 2007 годзе быў нават адзначаны дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта за ўдзел у конкурсе творчых прац “Алімпійскі спорт у мастацтве”.
Час няспынна рухаецца наперад, бы тая вада, якая на палотнах мастака Марата Клімава, але не-не, ды і звяртаешся да мінулага, адкуль зыходзіць натхненне – да родных мясцін маленства, дзе жылі дзяды і бацькі, да роднай Берасцейшчыны.
У гэтыя юбілейныя дні як не пажадаць Марату Рыгоравічу моцнага здароўя, дабрабыту, сонечнага настрою і натхнення на доўгія гады!
Леанід ВАЛАСЮК,
мастак
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.