“Сакрэт Мюнхгаўзена”
Ад Людмілы РУДОЙ, галоўнага ўрача ДУП “Лячэбна-кансультатыўная паліклініка”, г.Брэст:
– Прызнаюся, я – гурман. Смачныя і новыя стравы заўсёды прыцягваюць маю ўвагу. Паспытаю, а потым не магу ўстаяць перад жаданнем паўтарыць гэта на сваёй кухні. Новыя рэцэпты знаходжу ў знаёмых, калег, кулінарных часопісах і тэлешоу. Вельмі люблю прыправы, але не заморскія, а знаёмыя з дзяцінства – перац, часнок, гарчыцу, хрэн, соль. Яны выдатна дапоўняць і качку “Сакрэт Мюнхгаўзена”, якую прапаную прыгатаваць чытачам “НТ”.
Бяром: качку, 3-4 яблыкі (антонаўку ці які іншы кісла-салодкі гатунак), паўшклянкі курагі, столькі ж чарнасліву без костачак.
Качку мыем, солім і перчым як звонку, так і ў сярэдзіне. Яблыкі са скуркай рэжам на 4 часткі і кладзём унутр птушкі. Курагу, чарнасліў мыем і фаршыруем імі качку. Зашываем яе, кладзём у кулінарны рукаў і адпраўляем у духоўку, разагрэтую да 180-200 градусаў.
Калі качка важыць 1 кілаграм, дык запякаем яе 1 гадзіну, паўтара – 1,5 гадзіны, 2-кілаграмовую птушку гатуем 2 гадзіны.
Падаём “Сакрэт Мюнхгаўзена” з гарчыцай і хрэнам. Смакуйце і разгадвайце таямніцу жыццярадаснага барона!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.