Беларускі Чырвоны Крыж – з клопатам пра людзей і любоўю да роднай зямлі
Больш за 130 тысяч чалавек уваходзяць у абласную арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Мэта гэтай арганізацыі – грамадства, у якім ні адзін чалавек не застанецца сам-насам з бядой. Што зроблена для яе дасягнення, абмеркавалі актывісты абласной суполкі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Дарэчы, генеральны сакратар БТЧК Віктар Калбанаў лічыць арганізацыю Берасцейшчыны адной з прагрэсіўных і эфектыўна працуючых падраздзяленняў Чырвонага Крыжа рэспублікі. Сёння ў вобласці – 1498 пярвічных суполак, якія аб’ядноўваюць больш за 130 тысяч неабыякавых людзей. А яшчэ дзясяткі тысяч нашых землякоў падтрымалі Чырвоны Крыж грашовымі ахвяраваннямі, удзелам у акцыях міласэрнасці і дабрачыннасці, далучыліся да праектаў і праграм, якія праводзіла таварыства.
Як адзначыла на падвядзенні вынікаў работы абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа яе старшыня Ларыса Варанко, гуманітарная дзейнасць – надзвычай важная справа. Яе сацыяльная актуальнасць і грамадская значнасць вызначаецца тым, што, дзякуючы сотням добрых людзей, дапамогу атрымліваюць хворыя, інваліды, пажылыя адзінокія людзі.
Работа ў 2009 годзе вялася пад дэвізам “Беларускі Чырвоны Крыж – з клопатам пра людзей і любоўю да роднай зямлі”. Арганізацыя актыўна ўдзельнічала ў інфармацыйнай кампаніі “Наш свет. Твой ход” – прапагандавала ідэі міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Ва ўстановах адукацыі прадаўжалі курс “Вывучаючы гуманітарнае права”. Рэгіён рэалізоўваў 14 праграм розных кірункаў. Сярод іх – “Моладзь супраць СНІДу”, “Барацьба з гандлем людзьмі”, “Мясцовая інтэграцыя бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь”, “Служба міласэрнасці”, “Першая дапамога”, “Развіццё мясцовых ініцыятыў валанцёрскіх груп у аддаленых рэгіёнах Беларусі”…
Амаль 2000 валанцёраў Чырвонага Крыжа працуюць на Брэстчыне, многія іх ініцыятывы знаходзяць рэзананс і ў краіне. Невыпадковая перамога нашых валанцёраў у некалькіх намінацыях рэспубліканскага конкурсу “Лепшая маладзёжная ініцыятыва”.
Цэнтры медыка-сацыяльнай дапамогі, падрыхтоўка насельніцтва да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, служба пошуку, прапаганда здаровага ладу жыцця – усім гэтым таксама займалася абласная арганізацыя БТЧК. Таму што члены Чырвонага Крыжа – памочнікі дзяржавы ў сацыяльнай сферы і ідэалагічным выхаванні чалавека з маральнымі прынцыпамі.
Не толькі гуманітарнае права, але і агульначалавечыя вартасці нясе абласная суполка гэтага грамадскага аб’яднання людзям і сёлета.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”
Фота аўтара
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.