Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • Скончыўся абласны маладзёжны форум “Галасы маладых: “За Беларусь!”

Скончыўся абласны маладзёжны форум “Галасы маладых: “За Беларусь!”


Каля 100 юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у абласным маладзёжным форуме “Галасы маладых: “За Беларусь!”
Мерапрыемства праводзілася ў адпаведнасці з планам дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2004-2010 гады. У абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці сабраліся самыя цікаўныя, таленавітыя дзеці і падлеткі. Кожны знайшоў занятак па інтарэсе.
Праца форуму праходзіла па пяці секцыях. У кожнай з іх была свая асаблівасць і “фішка”, якая вылучала з агульнай колькасці мерапрыемстваў. Так, напрыклад, весела і дынамічна праходзіў майстар-клас кіраўніка ансамбля “Крынічка” Ірыны Куцень. Тынэйджары бадзёра вытанцоўвалі элементы нацыянальных бытавых танцаў пад народныя матывы. І, наадварот, сур’ёзнай была праца ў секцыі “Школа лідараў”. Яе ўдзельнікі займаліся вывучэннем трох тэм: “Падлетак. Закон. Адказнасць”, “Моладзь выбірае здароўе”, “Памяць аб вайне”.
Вучобе прысвяцілі ўвесь час наведвальнікі секцыі “Планета клубаў ЮНЕСКА”. Да іх завіталі госці з Мінска. Берасцейскія падлеткі цікавіліся новымі праектамі і мерапрыемствамі, якія адбудуцца ў хуткім часе.
Творчае натхненне і добры настрой падарылі гледачам юныя артысты з секцыі “Дэбют”. Школьнікі прадэманстравалі захапленне паэзіяй і бардаўскай песняй.
Удзельнікаў усіх секцый аб’яднала сустрэча з пачынаючымі журналістамі. Юнкоры правялі сапраўдную прэс-канферэнцыю, героямі якой сталі іх равеснікі. А сказаць маладым было што. На працягу двух дзён яны насычана працавалі. Вынікі форуму знойдуць месца на старонках альманаха, над якім ужо працуюць спецыялісты ЦМТ.
– Абласны форум – гэта рэальная магчымасць прадэманстраваць сваю ініцыятыву, унесці канкрэтную прапанову па дзейнасці дзіцячых і маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў, – расказала Вера Волкава, кіраўнік клуба “Спадчына” АЦМТ. – Акрамя таго, такая сустрэча з’яўляецца цудоўнай магчымасцю пазнаёміцца з аднадумцамі, знайсці сяброў.
Падчас форуму журы выбірала найбольш цікавыя праекты, адзначала арыгінальныя ідэі і адкрывала новыя таленты. У кожнай секцыі былі названы самыя актыўныя ўдзельнікі, якія за сваю працу атрымалі незвычайныя дакументы. Арганізатары вырашылі сёлета адмовіцца ад традыцыйных дыпломаў і з нагоды Года якасці пераможцам уручылі сертыфікаты якасці.
Сярод лідараў лепшымі сталі: Анастасія Верамчук (Брэсцкі раён), Алёна Грэбень (г.Столін), Карына Цялюшчэнка (г.Баранавічы). У секцыі КВЗ узнагароды атрымалі: Антон Заляшчук (г.Кобрын), Уладзіслаў Валіхметаў (г.Бяроза). Сертыфікатамі былі адзначаны некаторыя ўдзельнікі секцыі “Планета клубаў ЮНЕСКА”: Марта Чычэвіч (г.Брэст), Кацярына Місюк (г.Ляхавічы) і Святлана Гусла (г.Іванава).
Сярод бардаў вызначыліся брастаўчане: дуэт Юрыя Жыранко і Максіма Барысюка, Ірына Ляўчук і Міхаіл Кіндрук. Сертыфікаты атрымалі і паэты: Сяргей Леаненка (г.Пружаны), Вольга Карповіч (г.Іванава) і Наталля Мароз (Брэсцкі раён). За творчы падыход да працы ўзнагароджаны і юныя карэспандэнткі: Ксенія Крылова (Бярозаўскі раён), Хрысціна Леснік (г.Брэст) і Таццяна Цыбульская (г.Івацэвічы).
Ну, вельмі не хацелася падлеткам развітвацца! За два дні яны пасябравалі і знайшлі агульныя інтарэсы. Новая дружба абавязкова будзе працягвацца – на сумесных мерапрыемствах, семінарах і трэнінгах. А некаторыя хутка сустрэнуцца на Нацыянальным дзіцячым форуме ў Мінску, які пройдзе ў маі-чэрвені.

Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”
Фота аўтара

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля