Беларусь

Тры старонкі майго Высоцкага


1.
У мае студэнцкія гады імя Уладзіміра Высоцкага было пад поўнай забаронай. Часам яго можна было пачуць у маладзёжным асяроддзі, але хрыплаваты голас барда, запісаны на магнітную стужку, – амаль не ўдавалася. Стараючыся данесці да лю-дзей праўду, голас Высоцкага быў глытком свежай вады, сумленнем у часы застою.
Пасля заканчэння педінстытута па накіраванні трапіў у палескую глыбінку – у Бастынскую сярэднюю школу Лунінецкага раёна. Матэматыку ў ёй выкладаў Барыс Файгер – хлопец, на два гады маладзейшы за мяне. Мы пасябравалі.
Барыс не толькі любіў дакладныя навукі, але й быў вялікім прыхільнікам творчасці Уладзіміра Высоцкага. У той час выйшаў якраз на экраны фільм “Вертыкаль”, у якім Высоцкі не толькі выконваў адну з роляў, але і пеў пад гітару свае песні, дык Файгер некалькі разоў глядзеў кінакарціну, слухаў свайго барда.
Барыс, апроч усяго, меў у сябе дзве магнітафонныя стужкі з песнямі Высоцкага, і яго сябры, сабраўшыся гуртам, маглі гадзінамі слухаць іх. Асабліва нас уражвалі дзве песні пра паляванне на ваўкоў і шчырае прызнанне героя, высокага чыноўніка, што гэта зусім не пра ваўкоў, а пра іх – людзей улады. Мусіць, з тых магнітных стужак і прыйшла да мяне любоў да Высоцкага.
Летам 1980 года Масква прымала ХХІІ Алімпійскія гульні. Здавалася, сталіца жыла толькі імі — перамогамі і рэкордамі, а ў гэты час у сваёй кватэры паміраў вядомы акцёр з тэатра на Таганцы, паэт-песеннік Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі. Таленавіты, ён і пры жыцці быў ва ўлады ў няміласці, бо жыў не так, як усе (ажаніўся з вядомай французскай актрысай Марынай Уладзі), і спяваў не так, як усе. Гарадскія рамансы, як пазней вызначаць жанр песень Высоцкага, будуць забаронены, а іх спявала ледзь не ўся краіна.
Зараз, калі ў Маскве столькі замежных гасцей, ён памёр. Было вырашана аб смерці не паведамляць, а ў час пахавання – забараніць любое фатаграфаванне! Не чакалі, напэўна, улады, што развітацца з кумірам прыйдуць тысячы і будуць сярод іх смельчакі, што здымуць працэс пахавання, каб мы маглі ўбачыць яго і праз трыццаць гадоў.
Пазней Высоцкага назавуць у ліку тых, хто падрыхтоўваў перабудову і галоснасць, а пакуль фільмы з яго ўдзелам пыліліся ў запасніках, вершы-песні не пускалі ў друк. Толькі праз год пасля смерці паэта выйдзе зборнік “Нерв”. Калі ў адной з друкарняў вырашаць перавыдаць кніжку, дадаўшы нізку вершаў з магнітнай стужкі, гэта будзе каштаваць дырэктару друкарні пасады, а яшчэ праз шэсць гадоў за работу ў фільме “Час сустрэчы змяніць нельга” Уладзімір Сямёнавіч быў уганараваны званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР.
2.
Жыццё вучыць: чым больш забараняць чалавеку нешта, тым больш ён захоча мець рэч у сябе. Творы Высоцкага забараняліся дзесяцігоддзямі, і, нарэшце, як падышла спрыяльная пара, ажыятаж на іх быў такі, як рэдка ў якога масцітага пісьменніка.
А ёсць попыт — імкнуцца задаволіць яго: цяпер больш-менш прыстойнае выдавецтва ўзялося друкаваць выбранае Высоцкага. Усё, у тым ліку і няскончаны “Роман о девочках”, дайшло да чытача.
Пра моду на… Высоцкага хораша сказаў Яўген Еўтушэнка ў вершы “Кіёск гуказапісу”: “Валодзя, як цябе палюбілі са стэрэамагамі аўтамабілі!”; альбо: “Каб не задрамаць за рулём, давайце Высоцкага мы крутанём!”; альбо: “Кіёск гуказапісу блізка ад пляжа. Ты скончыў жыццё — і пайшла распрадажа”.
Пасля доўгага замоўчвання знайшліся лектары, якія захацелі спецыялізавацца якраз на Высоцкім. Адзін з іх — артыст Масканцэрта В.І.Анісімаў — у красавіку 1988 года выступаў на сцэне гарадскога Дома культуры ў Жабінцы. Валерый Іванавіч пакінуў пасля сябе добрае ўражанне, бо ў глыбінцы імкнуўся не гнаць халтуру, а шмат цікавага і невядомага данёс да сваіх слухачоў. Анісімаў расказаў, як травілі члена Массавета толькі за тое, што ён пасадзейнічаў, каб Уладзімір Сямёнавіч атрымаў кватэру; як здымалі дырэктара Ваганькаўскіх могілак, які выдзеліў месца для пахавання паэта і артыста…
Валерый Іванавіч чытаў урыўкі з “Романа о девочках”, умела заварожваючы юныя душы (у зале ў большасці былі вучні старэйшых класаў гарадскіх школ). Нават “салёныя” словы (Высоцкі ўсё называў сваімі імёнамі) не выклікалі ў аўдыторыі рогату: юнакі і дзяўчаты з хваляваннем сачылі за лёсам гераінь. Урыўкі з рамана межаваліся з запісам песень Высоцкага, складалі адзіную кампазіцыю.
Пасля канцэрта мне ўдалося ўзяць у артыста інтэрв’ю.
– Думаю, што вялікі талент, – гаварыў Валерый Іванавіч, – нельга падагнаць пад які-небудзь шаблон ці стандарт. Ён тым і вялікі, што не падобны ні на каго з іншых. Уладзіміра Сямёнавіча я адношу да людзей, якія рыхтавалі працэс сённяшніх перамен, імкнуліся, каб у нашай краіне можна было пачуць свабоднае слова. Заканамерна, што ў пару застою афіцыйная думка была скіравана супраць яго… Увогуле, людзям такога таленту нялёгка жывецца на зямлі.
3.
З паэзіі Высоцкага, з фільмаў, у якіх ён здымаўся, знялі заслону, і яго хрыплаваты голас загучаў у краіне ва ўсю моц. Кожны мог выбраць сабе творы па душы, бо дыяпазон іх быў самы шырокі – ад блатных, зэкаўскіх да высокапатрыятычных песень. Асабліва пра вайну. Па словах усё таго ж Яўгена Еўтушэнкі,
Ты — Зошчанка песні,
з Ясеніным пара,
і ў песні,
што ў міг раздзіралі
нам душу,
было штось ад сіплага
хрыпу
Хлапушы!
Пасля таго, як было прачытана ледзь не ўсё з Высоцкага, што ў 80-я гады з’яўлялася ў перыядычным друку і асобнымі кнігамі, прыйшло асэнсаванне яго творчасці і захацелася, каб аўтар “загаварыў” і па-беларуску. На мяне найбольшы ўплыў зрабіла патрыятычная лірыка, і, у першую чаргу, песня песень “Брацкія магілы”.
Невялікая па памерах, яна аказалася для мяне “цвёрдым арэшкам”. Падступаўся да песні і раз, і два, і тры, а перакласці так і не ўдавалася. Ужо гучалі на беларускай мове “Ён не вярнуўся з бою”, “Выпадак у рэстаране”, а тут мусіў пасаваць.
Гэта цягнулася доўга, аж пакуль аднойчы ўбачыў нібы ўвачавідкі Вечны агонь ля брацкай магілы і сціплы букет васількоў — і ўсё стала на свае месцы! Можа, рыфма слоў “крыжоў” і “васількоў” не зусім дакладная, але, па-мойму, удалося мне мець той жа настрой, што і аўтар, калі нараджаліся радкі песні.
Сёння ў маім “багажы” нізка песень, перакладзеных на беларускую мову, а таксама верш “Кіёск гуказапісу” Яўгена Еўтушэнкі, прысвечаны памяці Высоцкага. Хочацца верыць, што яшчэ не адзін раз, узяўшы ў рукі зборнічак вершаў незабыўнага барда, захочацца зноў засесці за пераклады…
Уладзімір ВЫСОЦКІ
БРАЦКІЯ МАГІЛЫ
На брацкіх магілах не ставяць крыжоў,
І ўдовы на іх не рыдаюць.
Ляжыць ля падножжа букет васількоў,
І Вечны агонь палыхае.
Раней узлятала зямля да нябёс,
Цяпер тут — гранітныя пліты.
Скажыце, хто вызначыць кожнага лёс,
Як лёсы ў адзінае зліты?!
А ў Вечным агні — бачу спалены танк,
Гараць беларускія хаты,
Палае Смаленск і палае рэйхстаг,
Палае тут сэрца салдата.
Не бачна ў жалобе ля помніка ўдоў —
Сюды ходзяць моцныя духам…
На брацкіх магілах не ставяць крыжоў,
А ў сэрцах — трывога і скруха.
ВЫПАДАК У РЭСТАРАНЕ
Рэстаран, дзе карціны вісяць тут і там,
Запрашае заходзіць: гуляйце!..
За сталом адзінока сядзіць капітан.
“Можна сесці?” — спытаў я. “Сядайце…
Закуры!” — “Выбачайце, “Казбек” не па мне…” —
“Добра, выпі! Вось посуд парожні,
Бо пакуль прынясуць… Выпі лепш за мяне!
Будзь здаровы!” — “І буду, раз можна…” —
“Ну, дык хто ты такі? — запытаў капітан. —
Бачу, п’еш ты гарэлку са смакам!
А ці бачыў калі кулямёт альбо танк?
Рукапашную зведаў атаку?..
Сорак трэці. Пад Курскам я быў старшыной.
За маёю спіною — такое…
Усяго шмат было за маёю спіной,
Каб ты, хлопец, далей жыў спакойна!..”
Ён спрачаўся і піў. Ён спытаў пра гады
І крычаў, быццам быў я зануда:
“Паўжыцця я аддаў за цябе, малады, —
Ты ж сваё марнатравіш тут, юда!
Вось вінтоўку б табе ды паслаць цябе ў бой!
Ты ж гарэліцу глушыш са мною!..”
Я сядзеў, бы ў акопе пад Курскай дугой —
Там, дзе быў капітан старшыною.
Усё больш ён хмялеў. Я, аднак, не адстаў
І, здаецца, пакрыўдзіў дакорам.
Я пакрыўдзіў яго, бо сказаў: “Капітан,
Ты ніколі не будзеш маёрам!..”
З рускай мовы пераклаў
Расціслаў БЕНЗЯРУК

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля